— Палітыка-а… — расцяжна падрахаваў Тугіеў. — Я ў ёй ад пачатку свайго не цяміў. Помніцца, падчас візіту ў Баку Аляксандра ІІІ мяне, яшчэ чарнявага маладзёна, упаўнаважылі вітаць яго ад імя гарадскога насельніцтва. Паглядзеў цар незадаволена на маю папаху і спытаў: «Ты чый падданы?» — «Вашай вялікасці», — шэпча-падказвае мне губернатар, а я ляпнуў па сваім разуменні: «Падданы гэтай зямлі». Спісалі ўсё на цёмнасць дзікага горца, а маглі б таксама выслаць… — ён сербануў з армуды — традыцыйнай азербайджанскай грушападобнай шклянкі — свежазаваранага зялёнага чаю. — Наш, атлыханскі… Цудоўны напой! Я хачу ў Пецярбурзе чайхану адкрыць. Нават бясплатную. А то аскацініліся тут са сваімі корчмамі ды гарэлкай… — ён зноў гучна сербануў і адставіў армуду да настольнага кандэлябра, палюбаваўся колерам і формай: — Як усё проста і геніяльна… Шклянка нагадвае дзявочую фігуру. Завужаная «талія» не дае чаю астываць знізу, а верх не апякае вусны. Цуд! Я нават прапанаваў такой формы рабіць цыстэрны. Пад сонцам раней нафта ў іх награвалася і пачынала выпарацца, а вялікі ціск разрываў сценкі. Аніводная ж цыстэрна з «таліяй» не ўзарвалася! — ён нарэшце дапіў гарбату, зноў прыгладзіў бараду і звярнуўся да Адама: — Ну а цяпер міласці прашу ў мой кабінет. Не хвалюйцеся, толькі на трошкі адарву вас ад моладзі, бо сам я чалавек усходні і засынаць люблю разам з сонцам…
Кабінет Тугіева быў яшчэ большы за гасцёўню. Высачэзныя столі з калекцыяй вялікіх, у большасці безгустоўных карцін, доўгія шторы на вокнах, шыкоўныя, яшчэ новыя, канапа і фатэлі. Зіхотка-залацісты жар у каміне. На стале фотаздымак Мендзялеева з аўтографам.
— Дык, кажаш, нафта будзе даражаць? — наноў пачаў Тугіеў (ужо на «ты»), калі яны мякка ўселіся каля каміна.
— Пэўна, — тым жа словам зноў адказаў Адам, памаўчаў і дапоўніў аргументамі: — Асабліва праз гадоў пяць-дзесяць, калі чыгунка і караблі зменяць паравыя турбіны і пачнуць сілкавацца не вугалем, а саляркай.
— Разумна, — Тугіеў уважліва прасвідраваў госця каштанавымі зрэнкамі. — Значыць, пакуль сваю апшэронскую свідравіну я не стану прадаваць — ні англічанам, ні вашаму Ротшыльду. А то расфанабэрыўся: я заместа вашай старой тут новую нафтавую вежу Эйфеля пастаўлю… Дарэчы, наконт Эйфеля… Каля той вежы ў Парыжы, непадалёк, ёсць рэстарацыя. «Бікон» ці неяк так называецца…
— «Vіkon»?
— Во-во, «Vіkon»!
— Выдатна ведаю і часта заходжу. Я там і з Дызелем некалі пазнаёміўся! — абудзіўся Адам і запытальна ўгледзеўся ў Тугіева.
— Некалі і мне тое месца прыглянулася. Зайшоў я паабедаць, сеў і чакаю афіцыянта. Паўгадзіны, гадзіна — ніхто не падыходзіць! Словам, падаўся я адтуль злосным і галодным. Перакусіў у іншым месцы і панаракаў там на гэты «Vіkon». А назаўтра да мяне ў гатэль — цэлая дэлегацыя: гаспадар рэстарацыі, повар, яшчэ нейкія людзі. Прабачаліся і запрасілі да сябе на абед. І стол някепскі накрылі, і чаем сапраўдным пачаставалі — усё бясплатна. Ну а мне, на той час ужо нябеднаму мільянеру, цікава стала! «А што ж, — пытаю праз тлумача, — паважаныя, здарылася?» — «Пардон, — кажуць, — памыліўся наш афіцыянт. Паглядзеў ён на вашае ўбранне ды бараду — і падумаў, што нейкі жабрак з Азіі падсеў… Афіцыянта мы ўжо звольнілі…» Во як! Падумаў я і зноў пытаю: «А скажыце мне, паважаныя мусью-мансеньёры, колькі каштуе ў вас адно месца ў суткі?» — «У сярэднім — столькі» — «А за месяц?» — «Столькі». «А за год?» А ў іх ужо і вочы акругліліся — як па сантыму сталі! Не разумеюць, што да чаго. «Дык вось, — завяршаю я. — Хачу з вамі кантракт заключыць. На сто гадоў. І там будзе такі пункт: любы азербайджанец, які наведае гэтую рэстарацыю, зможа вось так цудоўна і бясплатна паабедаць».
Тугіеў усміхнуўся, узняў вялікі палец уверх, устаў і павольна падышоў да сейфа, адчыніў і дастаў з яго таўстлявую кіпу грошай.
— Не ў службу, а ў дружбу… перадай, калі ласка, тым рэстаратарам, — і паклаў грошы на стол. — Тут гадоў на трыццаць павінна хапіць… — спакмеціў, што позірк госця прыліп да расчыненага сейфа, і зразумеў прычыну таго здзіўлення (на дзверыне з унутранага боку вісеў аграмадны зашчэрблены сякач). — Гэта — мой талісман! Такія сякеры — ва ўсіх маіх сейфах. І на шыльдзе банка Тугіевых. Я пачынаў зарабляць свае першыя грошы каменячосам, такой прыладай. І яна мне цяпер нагадвае пра зменлівасць лёсу. Вось…
Тугіеў зноў сеў за стол насупраць Адама, паглядзеў на яго спадылба, хоць і прыязна, і загаварыў ужо сухім тонам:
— Ну а напрыканцы — яшчэ пра лёс… Не буду разводзіць анцімоніі, не люблю такога. Спытаю наўпрост: у цябе якія намеры да Ханым?
Читать дальше