Найлепш выглядала калёна камсамольцаў. Гэтыя ішлі сапраўды ахвотна, з імпэтам. Але ў гэтым была вітальнасьць моладзі, якая мела ўзважна добрае становішча і пачувалася ў сваёй стыхіі.
Раман пачаў праціскацца ў кірунку трыбуны, зь якой прамоўцы зьвярталіся да натоўпу. Аднак блізка падысьці яму не ўдалося, бо трыбуну атачалі прастакутнікі вайскоўцаў і членаў прафсаюзаў. Да яго даляталі абрыўкі сказаў:
— Клясавая салідарнасьць — імпэрыялістычная інтэрвэнцыя — дэмагагічная палітыка буржуазных дзяржаваў — пралетарская пільнасьць.
Урэшце прагучалі лёзунгі:
— Хай жыве правадыр пралетарыяту, таварыш Ленін! Хай жывуць абаронцы рэвалюцыі — Чырвоная армія!
І ляцелі ўгару воклічы, і ўзьнімаліся ў неба гукі «Інтэрнацыяналу».
Да Рамана наблізіўся Клядзінскі і пацягнуў яго за рукаво. Яны пачалі праціскацца да выхаду з плошчы. Калі яны апынуліся на вуліцы Савецкай, з будынку камэндатуры выйшаў элегантна апрануты чалавек і ў кампаніі двух вайскоўцаў сеў у аўтамабіль, які ад’ехаў у кірунку вакзалу.
— Бачыў яго? — сказаў Клядзінскі. — Рэдкі заалагічны экзэмпляр. Займае адразу тры пасады. Сволач. Хабарнік, якога Рэвалюцыйны трыбунал даўно павінен быў бы да сьценкі паставіць. А яму хоць бы што. Плыве сабе, як акула ў моры савецкіх экскрэмэнтаў. А чаму? Бо мае падтрымку ў цэнтры. Ва ўсім адыгрываюць ролю сувязі й знаёмствы. Бяз гэтага нікуды. А ты бачыў, як ён апрануты? Гэта называецца: вытрас пралетар буржуя з фрака і паласатых портак і сам у іх убраўся. Толькі гузікаў не зашпіліў. Шкада часу! А прарэха прыдасца для вэнтыляцыі. Цяпер марыць, як бы графскі тытул атрымаць. Бо пралетарскае рыла, з тых, што на падлогу плююць, датуль пра роўнасьць і братэрства вішчыць, патуль у пёркі не ўбярэцца.
Клядзінскі замоўк. Праз пэўны час працягнуў:
— Ведаеш, страх як мне абрыдлі гэтыя рэвалюцыйныя лёзунгі паўсюль і заўсёды. Хвароба нейкая. Чорт іх ведае. Вярзуць і вярзуць гучныя рэвалюцыйныя фразы, зь якіх нават г… ня выцісьнеш. От, смурод толькі і галаўны боль. Я не хачу зараз дадому, бо ведаю, што зараз прыпаўзе палітрук Савеня і пачне з Данеўскай заядацца пра розныя «прынцыповыя пытаньні». Мілая жанчына, але таксама на гэта хворая… Б’юцца як мухі аб шкло — выйсьця шукаюць, вінаватых у няўдачах вышукваюць… І я гэтым заразіўся. Балбачу і балбачу. А можа, табе гэта зусім не цікава?
— Ясна, цікава. Я ахвотна слухаю, бо сам ня надта гаварыць люблю. Дый не красамоўны я. Я гадаваўся ў такой сям’і, дзе кожнаму дазвалялася ня больш як сем слоў за дзень сказаць. Зь цягам часу навучыліся ўвогуле бяз слоў абыходзіцца.
— Варта б і нашых таварышаў у такую сямейку закінуць. Менш бы гаманілі, больш працавалі.
Мінакоў на вуліцах было мала. Усе сабраліся ў цэнтры гораду альбо сядзелі дома. Да прыяцеляў падышоў нейкі ашарпанец. Ён быў яўна нецьвярозы.
— Шаноўныя таварышы! Віншую, прабачце, з чырвонамайскім сьвятам і да таго падобнае, а таксама прашу падаць пару рублікаў на махорку.
— Чаму не працуеш? — спытаў Клядзінскі.
— Я сваё адпрацаваў! Во! — жабрак паказаў зьнявечаную правую руку, зь якой бездапаможна тырчаў толькі абцінак вялікага пальца. — Машына мне так узычыла. Воўк, а не машына! Атрымліваю дапамогу, але што з таго? На соль да г… не хапае. Я вам зараз штуку пакажу.
— Ну, пакажы.
Жабрак выкруціў вочы так, што паказаліся бялкі. Пасьля зморшчыў лоб, і шапка ссунулася яму на нос. Клядзінскі расьсьмяяўся, выцягнуў кашалёк і даў жабраку 10 000 рублёў адной банкнотай «выпуску 23 года». Жабрак сарваў з галавы шапку. Пакланіўся і горача сказаў:
— Агромны вам дзякуй. Зычу вясёлага першамайскага сьвята!
Калі сябры пайшлі далей, Раман спытаў Клядзінскага:
— Навошта ты яму так шмат даў?
— Навошта? Бо банкнота фірмы-канкурэнта.
— Не разумею.
— Ну, фальшывая.
Трохі пазьней Болек спытаў Рамана:
— Як табе спадабаўся парад?
— Убоства. Нічога жывога.
— Праўду кажаш. Мяркую, што толькі два чалавекі насамрэч прыйшлі туды па сваёй волі і з сапраўдным зацікаўленьнем глядзелі на той парад.
— Каторыя?
— Ты ды я. А можа, яшчэ дзесь падобны госьць быў. Астатнія прыйшлі, бо мусілі. Альбо не было куды пайсьці. Эх! Хутчэй бы вайна! Я б ім насаліў! Хоць я перакананы, што селянін першы бальшавікам вілы ў бок усадзіў бы, а рабочыя падлу гэтую молатамі падабівалі б. Ты паняцьця ня маеш, якое мора нянавісьці наўкола бурліць! Бачу яе ў вачах кожнага рабочага, кожнага селяніна. І патоне калісь у гэтым моры ўся камуністычная партыя. Будзе яшчэ ў Расіі такая разьня, якой сьвет ня ведаў. Тады не дапамогуць ні кулямёты, ні сутарэньні ГПУ. Нарыў мусіць лопнуць. Столькі крыўды, голаду і чалавечай крыві ня можа мінуць без адплаты!
Читать дальше