— Можа таму, што вельмі разумная. Мне на такіх сьмеласьці не хапае, бо гэта ж так вульгарна. Вось я і саромеюся. Мне ўвесь час здаецца, што жанчына мяне падазрае ў тым, што я на яе толькі як на самку гляджу, ацэньваючы яе вабноты.
— А ты так не глядзіш?
— Само сабой, гляджу. Уласна кажучы, перадусім так і гляджу.
— Я табе параю, што рабіць з Данеўскай, — сказаў Клядзінскі. — Напіся. На п’яную галаву ня будзеш сарамлівы.
Пасьля Раман, апавёў сябру пра вынікі экзаменаў і размову з камісарам Старковым. Клядзінскаму гэта вельмі спадабалася.
— Давядзецца час ад часу кагосьці здаваць. Але ж разумееш, выбірай такіх гадаў, якія іншым дакучаюць альбо віжуюць. Перадусім пастарайся даведацца, хто там інфарматары ГПУ. Ці маеш добры схоў?
— Пакуль не, але зьбіраюся неўзабаве знайсьці.
— Пакуль жыві ў Ніны Андрэеўны. Старайся быць зь ёй у найлепшых адносінах. Не зашкодзіць мець у рэзэрве надзейны прытулак. А апроч таго, ад яе можна цікавыя рэчы даведвацца.
2
Горад пад сонцам ператварыўся ў патэльню. У паветра ўзьнімаўся пыл. З былой вуліцы Губэрнатарскай на плошчу ўлівалася бурлівая плынь людзей. У паветры трапяталі чырвоныя сьцягі і плылі транспаранты.
Шэсьце распачалі аддзелы кавалерыі. Коні былі благія, але кавалерысты, узбуджаныя гукамі аркестру і скіраванымі на іх поглядамі, трымаліся добра.
Раман, стоячы на ходніку побач з гатэлем «Эўропа», уважліва разглядаў вайсковыя аддзелы, якія ўдзельнічалі ў парадзе. Ён быў апрануты ў «талстоўку», сьцягнутую ў таліі чорным скураным рэменем. На галаве была шапка з тэхнічным значком і чырвонай зоркай; на вачах акуляры.
Заўсёды, калі Раман бачыў калёны вайсковых аддзелаў, у яго душы нарастала дзіўнае пачуцьцё. Гэта было нешта сярэдняе паміж пагардай і шкадаваньнем. Перадусім ён усьведамляў сваю вышэйшасьць, бо ён пачуваўся салдатам падпольнага войска, які змагаецца кожным рухам, словам, позіркам, думкай, а калі трэба, то і зброяй; змагаецца адзін супраць магутнага праціўніка і не схіляецца перад ягонай вялізнай фізычнай і матэрыяльнай перавагай. Ён ведаў, што ў выпадку вайны ў яго руках апынецца лёс усіх гэтых салдатаў, кожнага аддзелу. Адно толькі яго паведамленьне, складзенае зь некалькіх словаў, можа прычыніцца да іх паразы і гібелі. Кожны салдат павінен быць паслухмяным шрубікам складанай вайсковай машыны, мэханізму і функцыявання якой ён ня можа нават зразумець. Ён жа — Забава — працуе сьвядома, мэтанакіравана. Ён трымае ў сваіх руках свой лёс і лёс тысячаў іншых людзей, якія абыякава праходзяць паўзь яго. Ніхто не салютуе яму. Не перад ім схіляюцца штандары. Аднак менавіта ён усё тут узважвае, вымярае і ацэньвае — бесстароньне, спакойна: як дакладная тэхнічная прылада, надзеленая чалавечай воляй і розумам. Пачуцьцё гэтае было вельмі прыемным. Яно напаўняла ўсю яго душу. І калі ён разам зь іншымі махаў шапкай і крычаў: «Хай жыве Чырвоная Армія!», «Хай жывуць абаронцы Савецкага Саюзу!», у вачах яго зьяўляўся іранічны бліск. Пасьля ён зноў уважліва, ацэньваючы, назіраў парад вайсковых аддзелаў.
Публіка, што запоўніла вуліцу, складалася пераважна з службоўцаў савецкіх установаў. Збольшага сюды прыйшлі тыя, каму не выпадала не прыйсьці. А раптам заўтра спытаюць, ці ты браў удзел у першамайскіх урачыстасьцях. Калі не, то адразу: нядобранадзейнасьць, адсутнасьць энтузіязму і да т. п. А наступствы могуць быць прыкрыя — пачынаючы ад страты месца і заканчваючы атрыманнем месца ў засьценках ГПУ. Таму яны «радасна» віталі кожную вайсковую частку і стараліся трапіць на вочы як мага большай колькасьці знаёмых.
З трыбуны, усталяванай насупраць Катэдры, удзельнікаў параду віталі мясцовыя высокія чыноўнікі. Пасьля кожнага вітаньня гучалі авацыі, ухвальныя крыкі і граў аркестар. Цягнулася гэта доўга… Пасьля вайсковых частак ішлі аддзелы ГПУ. Яны былі добра ўзброеныя і абмундзіраваныя. Яны рабілі ўражаньне нейкага чужога войска. Іх віталі крыкамі: «Няхай жывуць абаронцы пралетарыяту!»
Раман зацеміў, што пачынаюць авацыі і выгукаюць вітаньні адны і тыя ж людзі. Спрактыкаваным вокам шпіёна ён адзначыў іх як агентаў ГПУ. Гэта былі запявалы «рэвалюцыйнага энтузіязму». Яны складалі неад’емную частку (нават матор) кожнай урачыстасьці.
Урэшце паказаліся прафсаюзы са сваімі сьцягамі. Ішлі цяжка, панура. У іхным шэсьці адчуваліся зьнеахвочанасьць і прымус. Людзі былі дрэнна апранутыя, са змрочнымі тварамі. Шмат на якіх тварах чытаўся адбітак голаду і галечы.
Читать дальше