Мы абодва ўвайшлі ў кватэру. У залі Болек шпурнуў на стол будзёнаўку й заваліўся на сафу. Хвілю ляжаў з падкладзенымі пад галаву рукамі, пасьля сеў, запаліў папяросу і сказаў, гледзячы кудысьці ў кут:
— Ведаеш, нэрвы ўжо не вытрымліваюць. Задыхаюся сярод гэтых гадаў. Як убачу бальшавіка, як пагляджу хаму ў вочы, так мне адразу ў грудзёх коле й коле, і зубы самі скрыгочуць. Добра змагацца зь людзьмі, да якіх хоць грам павагі маеш. А тут скрозь альбо баязьліўцы, альбо сволачы, альбо махляры. У Воршы ледзь скандалу не зрабіў. Прыяжджаю. Паказваю дакумэнты, што я ўпаўнаважаны культурна-асьветнага аддзелу Штабу Заходняга фронту, прыбыў для праверкі дзейнасьці асьветных органаў. Такая, ведаеш, ліпа ліпавая, бо і аддзелу такога няма. А я другі год ім па мазалёх тапчуся, бібліятэкі ці фармую, ці ліквідую, і ніхто мяне не выкрывае. Ну, значыць, скачуць гады каля мяне на дзьвюх лапках. Паказваюць клюбы, «чырвоныя куткі», бібліятэкі. Я, натуральна, знайшоў недагляды, недахопы, адхіленьні. Бачу кніжку Талстога «Вайна і мір». «А гэта што?» — пытаюся. — «Талстой», — кажуць. — «А вы ведаеце, хто быў Талстой?» — «Вялікі пісьменьнік», — адказваюць нерашуча. — «Граф ён быў, разумееце? Паразыт з буржуазнай клясавай сьвядомасьцю. Якая „Вайна і мір“! Троцкі ў Берасьці сказаў: „Ні вайны, ні міру!“ і ніякіх такіх кніжак не павінна быць! Трэба дбаць пра разьвіцьцё класавай сьвядомасьці салдата, а не даваць яму лухту розную пра геройствы імпэрыялістычных прыслужнікаў! Зразумелі?» Натуральна, зразумелі, а мяне, відаць, лічаць поўным ідыётам.
Клядзінскі замоўк. Раман спытаў:
— А як работа?
— Работа ў парадку. Усё было гатова. У мяне ў Воршы добры інфарматар. А пра дробязі гады гэтыя самі паклапаціліся. Зрабіў пару дзясяткаў здымкаў, а ўвечары пайшоў на адмыслова для мяне зладжанае прадстаўленьне бязбожнікаў. У жыцьці нічога дурнейшага ня бачыў. Таму пахваліў. Яны ўсьцешыліся вельмі. Я ім загадаў рабіць такія прадстаўленьні раз на два дні і прымусам заганяць туды салдатаў. Абрыднуць ім бязбожнікі горш за Бога… Запрасілі мяне на вячэру. Адзін з гадаў шэптам кажа: «Можа, таварыш, возьмем чарку за пасьпяховае разьвіцьцё здабыткаў рэвалюцыі?» — «Добра», — кажу. Адразу гарэлка зьявілася. Адзін чырванаскуры абвясьціў тост за Савецкі Саюз, яго вялікіх правадыроў і пагібель буржуазіі. Усе выпілі, а я папяросу запальваю. Глядзяць на мяне. Адзін пытаецца: «А вы, таварыш» — «Я, — кажу, — алькаголю не ўжываю. А для дабра Саюзу, у гонар нашых любімых правадыроў і на пагібель буржуазіі рупліва працую. Мяркую, што і вы так павінны рабіць. Аднак разумею слабасьць чалавечай натуры і на вас за гэта ня ў крыўдзе». Ім нібы па галовах нехта трэснуў. Сядзяць, маўчаць, і толькі пераглядаюцца: «Во сукін сын!» Будуць памятаць таварыша Громава.
— Засыпешся ты з гэтымі інспэкцыямі.
— Я? Ніколі! У іх такі балаган, што калі б запыталі пра мяне Штаб Заходняга фронту, там няхутка зарыентаваліся б. Ведаеш, я сабе распрацаваў такі мэтад — ніколі не хавацца па малінах. Лепей жыць у ГПУ, чым у сяброў, якія ведаюць, што я шпіён. З ворагамі я сабе дам рады, зь сябрамі горш. І ты гэта запомні: найнебясьпечнейшы вораг — гэта сябар. Сто разоў зрабі яму добра — забудзецца; адзін раз зрабі дрэнна — усё жыцьцё памятаць будзе. У Менску заўжды ў Данеўскай спыняюся. Хто ж здагадаецца, што ў яе шпіён жыве? Вядомая рэвалюцыйная дзяячка, камуністка. У тым жа доме яшчэ два камуністы жывуць: палітрук Савеня і супрацоўнік сьледчага аддзелу. Хіба можа там быць праверка? Хіба якая зычлівая суседка зьверне ўвагу: хто і калі туды прыходзіць, што робіць? Стопрацэнтная гарантыя.
— Раскажы мне, — спытаў Раман, — што цябе зьвязвае зь Нінай Андрэеўнай?
— Нічога. Выпадковае знаёмства. Пасьля часам адведваў яе. Добрая душа. Галоўнае, што справядлівая. Я яе сапраўды паважаю. Яна пайшла на кампраміс з уласным сумленьнем. Уступіла ў партыю і ня можа сабе дараваць. Ніякая ідэя ня зробіць з гада анёла, а прыстойны чалавек паўсюль і заўжды прыстойным застанецца.
Раман, па пэўным ваганьні, апавёў сябру пра ўчорашняе здарэньне з Данеўскай. Клядзінскі доўга маўчаў, пасьля сказаў:
— Кепска выйшла. Для жанчыны гэта зьнявага. Для такой, як яна, асабліва.
— Дык я ж ня мог. Не скажу, што гіджуся, бо яна досыць мілая, хоць і страшная. Але ня ведаю. Не магу табе патлумачыць.
— Ведаеш, што, — сказаў Клядзінскі. — Усе бабы аднолькавыя. Мэбля ўва ўсіх тая самая, і ў прыгожых, і ў брыдкіх. А яна, можа, лепшая за іншых, бо на яе ніхто ня квапіцца. І відаць, што гарачую кроў мае.
Читать дальше