Дзяўчына ўзяла акорд і засьпявала ціхім, нізкім голасам:
Многа я любіў дзеўчын маладых,
Ды пасьля рашыў разам кінуць іх.
Ёсьць у нас легенды, казкі,
Аджан!
Ёсьць і звычай наш каўкаскі,
Аджан!
Кахетынскай вып’ем па-кунацку,
Каб жылося нам па-брацку.
Калі дзяўчына скончыла песьню, Клядзінскі зьвярнуўся да яе:
— Баляць табе грудзі, Тамара?
— Цяпер лепей, — ціха адказала яна. — У сакавіку вельмі кепска было.
Клядзінскі дастаў з гаманца колькі банкнотаў і даў дзяўчыне.
— Гэта табе. Дзядзьку не давай.
Яна абыякава ўзяла грошы, падзякавала і выйшла з пакою. Клядзінскі пэўны час насьвістваў рэфрэн мэлёдыі, пасьля засьпяваў цяжкім, хрыплым басам:
Есьць у нас легенды, казкі,
Аджан!
Ёсьць і звычай наш каўкаскі,
Аджан!
Кахетынскай вып'ем па-кунацку,
Каб жылося нам па-брацку.
Урэшце ён грымнуў кулаком па стале і кінуў:
— Халера на гэта ўсё!
— Што?
— Усё гэта! Разумееш, гэтая дзяўчына… Сонька мне пра яе апавядала. Ёй таксама гэтай дзеўкі шкада. Хіба тут ёй месца? Яна хворая на сухоты. А за пару рублёў абы-якому гаду сьпявае. Слухае розныя сьвінствы. Не магу з гэтым зьмірыцца; гэта горш баліць, чым уласная крыўда!
— Як яна сюды трапіла?
— Бацькоў на Каўказе бальшавікі да Божанькі паслалі. Яе, чатырнаццацігадовую тады дзяўчыну, ледзь ня цэлым швадронам згвалцілі. Захварэла на нэрвовую хваробу. Пасьля гэты во Карашэлі яе да грудзей прытуліў. Якісьці яе далёкі сваяк. Так прытуліў, што адзін цень ад яе застаўся. Гэта жыцьцё… Халера, не жыцьцё гэта! І паўсюль наўкола адно і тое ж — альбо гад, альбо ахвяра гадаў!
Клядзінскі замоўк і доўга бяздумна глядзеў на стол, пальцам размазваючы па цыраце разьлітую гарэлку. Нарысаваў пяціканцовую зорку. Пасьля — усярэдзіне — серп і молат. Тады літары: РСФСР. Урэшце ляснуў далоняй па стальніцы і ўсё сьцёр.
Калі сябры вярнуліся дадому, ужо зьвечарэла. У залі яны засьпелі Данеўскую і палітрука Савеню. Тыя бурліва пра штосьці спрачаліся, можа, нават сварыліся, бо ў Данеўскай на шчоках былі чырвоныя плямы, а Савеня нэрвова барабаніў пальцамі па стале.
Данеўская зьвярнулася да Клядзінскага:
— Таварыш Громаў, калі ласка, скажаце мне шчыра, ці ўвядзеньне НЭПу не азначае капітуляцыі? Значыцца, адмаўленьня магчымасьці ажыцьцяўленьня праграмы партыі і падрыву даверу грамадзянаў да ўладаў.
— Я, Ніна Андрэеўна, так мяркую, — цьвёрда сказаў Клядзінскі, — што трэба біць буржуазію, і ўсё тут. А астатняе мяне зусім не цікавіць. Я ведаю, як камандаваць салдатамі. Ведаю, што трэба для разьвіцьця іх клясавай сьвядомасьці. А палітыка, ці то ўнутраная, ці то замежная, мяне зусім не цікавіць.
Палітрук ухвальна кіўнуў галавой, а Данеўская спляла рукі на каленях.
— Але ж, Іван Дзьмітрыевіч, гэта не палітыка, проста размова паміж сваімі людзьмі. Я вам зараз патлумачу. Вось ёсьць магутная партыя. Наймагутнейшая ў сьвеце. Гэтая партыя кіруе вялізнай краінай і ўсё трымае ў сваіх руках. І раптам гэтая самая партыя зьвяртаецца да спэкулянта, да ценявіка і просіць: «Ратуйце нас, грамадзяне, бо мы паміраем з голаду! Пастаўце на ногі гандаль. Дайце хлеба!» І гэта робім мы, хто валодае рэцэптамі на ўсе хваробы іншых ладоў! Хіба гэта добра?
Палітрук Савеня слухаў развагі Данеўскай і саркастычна ўсьміхаўся. Пасьля пачаў гаварыць — павольна, паблажліва, нібы зьвяртаючыся да дзіцяці, але адразу было відаць, што ён стрымлівае раздражненьне.
— А што рабіць, калі на шляху да мэты спатыкаешся зь перашкодай? Што? — і не чакаючы адказу, працягнуў: — Тады трэба адступіць, каб узяць разьбег і перашкоду пераскочыць.
Данеўская засьмяялася:
— Так. Пераскочыць. А за перашкодай будзе кляака. Значыць, трэба ў яе ўваліцца.
Савеня паківаў галавой:
— Ня трэба ўспрымаць гэтыя рэчы так трагічна. Партыя мае столькі зрабіць, столькі перашкодаў, што цяжка ўсяму даць рады! Хай жа і спэкулянты папрацуюць для партыі. А мы здолеем атрымаць карысьць нават ад паразытаў.
— А што будзе пасьля?
— Пасьля мы іх зьнішчым, як зьнішчылі старую буржуазію.
— А ці гэта будзе сумленна?
— Ого! Сумленна? Яшчэ чаго! Гуляцца ў шляхетныя пачуцьці мы ня будзем! Гаворка тут ідзе пра агульнае дабро. Можна пытацца, ці будзе гэта карысна для краіны? А я ведаю, што абавязкова будзе карысна, бо тым часам можна будзе падрыхтавацца да далейшай працы згодна з праграмай.
— Зразумейце, калі ласка, хаця б тое, што інтэлігенцыя ўсяго сьвету гэта бачыць і разумее!
Читать дальше