XIV
БОГ НОЧЫ СЫХОДЗІЦЬ У ЗМРОК
Улица, улица, ты, брат, пьяна.
Левая, правая где сторона.
И фонари так неясно горят,
Смирно на месте никак не стоят.
Так и мелькают туда и сюда.
Эх, да вы пьяные все, господа.
Расейская блатная песьня.
1
Усё ў гэты вечар было незвычайнае — і вуліцы, і дамы, і людзі. Раману здавалася, што ён ідзе па рухомай стужцы. Паветра было гарачае, а людзі чамусьці ўсьміхаліся яму. Таму ён таксама намагаўся ўсьміхацца. У адным месцы ён узяў з плоту жменю сьнегу і пачаў яго есьці. Сьнег быў цёплы, і гэта яго вельмі зьдзівіла… Яго думкі былі досыць лягічныя, але між імі не было сувязі. А ўражаньні дабіраліся да мазгоў дэфармаванымі.
Раман моцна застудзіўся падчас апошняй паездкі з Масквы, калі ён выйшаў у Вязьме і там заснуў ад пераўзбуджэньня пад чыгуначным мостам. Потым, падчас апошняй вандроўкі ў Саветы, яму давялося пераплысьці ў вопратцы дзьве ракі. Таму прастуда ўзмацнілася, і цяпер ён хадзіў з тэмпэратурай па Менску. Стан яго ня быў небясьпечны, але сьвядомасьць была затуманеная і вычварна перакручвала рэчаіснасьць.
Паблізу Ніжняга рынку ён убачыў у браме катрыньніка, які круціў ручку дабітага інструмэнту. Зьмерзлы папугай дрыжаў у цеснай клетцы. Раман спыніўся ля яе. Раптам ён адчуў, што яго вочы мокрыя ад сьлёз.
«Што ж гэта за цудоўная мэлёдыя? Дзе я гэта чуў?» Катрыньнік, заахвочаны ўвагай савецкага краскома, жвавей закруціў ручку і ўсьміхнуўся Раману пасінелымі вуснамі. Гукі пасыпаліся хутчэй, віравалі разам са сьняжынкамі і лёгка, весела кружлялі ў паветры.
Раман добра ведаў гэтую мэлёдыю. Ён чуў яе калісьці шмат разоў, але ня мог успомніць, дзе, і гэта яго мучыла. Катрыньнік перастаў круціць ручку інструмэнту і адчыніў дзьверцы клеткі. Ён зьвярнуўся да Рамана:
— Тут, дарагі таварыш, цудоўная птушка шчасьлівы лёс вам выцягне.
Раман наблізіўся да яго і пазіраў на папугая, які забіўся ў кут клеткі. Урэшце, пасьля некалькіх штуршкоў пальцам, птушка дзюбай выкінула са скрыначкі чырвоную паперку.
— Калі ласка, таварыш, гэта вам птушка шчасьце выцягнула.
Раман узяў складзеную паперку і хацеў адысьці. Катрыньнік прыніжана зьняў шапку:
— Даражэнькі таварыш, дайце што-небудзь на хлеб для мяне і на корм для птушкі. Мы ад учора ня елі.
— Ага! Калі ласка.
Ён даў яму некалькі буйных банкнотаў. Зьдзіўлены катрыньнік доўга кланяўся, а потым схапіўся за ручку інструмэнту і пачаў хутка яе круціць, напаўняючы паветра мэлядычным грукатаньнем.
Раман пайшоў далей. Увушшу ўсьцяж гучала гэтая песьня. У руцэ ён трымаў чырвоную паперку.
«Значыць, шчасьце прадаюць? Можна купляць… Дзіўна!»
Зноў паплылі вуліцы, ліхтары. Зноў усьміхаліся яму вочы і вусны мінакоў.
Некалькі разоў ён мімаходзь усьведамляў рэчаіснасьць. Тады ён моршчыў лоб і думаў: «Куды пайсьці, каб адпачыць?» Паўсюль яго падсьцерагала небясьпека. Ранейшыя схованкі былі пад назіраньнем, новых ён ня здолеў падрыхтаваць, бо праца ўвесь час ганяла яго па розных гарадох савецкай Заходняй Беларусі, а ў Менску ён бываў толькі мімаходзь.
«А можа, пайсьці да Жарскай, да Юлькі? Але там таксама мог быць ператрус!»
Раптам ён убачыў Лізку, якая ішла насупраць яго па вуліцы Садовай. Яна была ў цёмным паліто, галава ахінутая хусткай. Пад пахай яна несла загорнуты ў паперу скрутак. Раман спыніўся. Лізка пазнала яго ў гэтай форме толькі з адлегласьці двух крокаў, і тое толькі таму, што ён так дзіўна наводзіўся і глядзеў ёй у твар.
— Раман, — прашаптала яна і спынілася, нібы аслупянеўшы.
— Што ты сьмяесься? — спытаў яе Раман.
— Што ты кажаш? Зусім не сьмяюся!
— Я бачу… Але можаш сьмяяцца… Усе сьмяюцца… Калі табе весела, гэта вельмі добра…
— Рамай!
— Слухаю, Ліза! Я заўжды цябе слухаў. Гавары!
— Раман… Я тады схлусіла.
— І што ж у гэтым сьмешнага?
— Але я зусім не сьмяюся! Ты дзіўны!.. Я гавару пра «Дзёньнік». Я зусім ня думала пра цябе так. Я ня ведаю, як я гэта напісала… Ты зразумей мяне: мне так кепска! Абрыдла мне гэта ўсё! Ты мне нічога не казаў… Я думала, ты такі ж, як іншыя. Баялася цябе… А цяпер, калі думаю, што ты мной пагарджаеш, што ўспрымаеш мяне такой карысьлівай эгаісткай, то мне так кепска!
— Нічога дрэннага я ня думаю… Можаш сьмяяцца… Ты заўжды сьмяялася… І табе гэта пасуе. Але ведаеш: ад твайго сьмеху штосьці ўва мне памерла… Ня ведаю, што… Але гэта ўжо ня вернецца… Ведаю толькі, што ўсё ж кахаю цябе… І таму вызваліў цябе ад сябе.
Читать дальше