Я пісаў, пры канцы чацьвёртага этапу, пра Горкага і яго цудоўнае выслоўе: «Чалавек — гэта гучыць горда!» Мяне найбольш цікавіла — як жыве чалавек у Саветах? Я чуў шмат благога, але ня верыў. Прымаў гэта зь вялікімі засьцярогамі. Я бачыў у гэтым працу расейскай эміграцыі і антысавецкіх элемэнтаў. Цяпер я гэта добра ведаю.
Убога і панура выглядае чалавек у Саветах. Пазбаўлены ўсякіх правоў і нават магчымасьці вызначаць свой лёс, ён застаецца пасіўным інструментам хаатычнай улады камісараў, якія самі ня ведаюць, чаго хочуць. Немагчымы ніякі пратэст, ніякая крытыка, ніякая апазыцыя. Нават стараннасьць небясьпечная, бо можа прыцягнуць увагу: «Занадта стараецца — штосьці тут ня так!» На ўсім ляжаць шчупальцы ГПУ. На кожным твары відаць адбітак страху. Нікому нельга давяраць. Трэба ўзважваць кожнае слова, бо даносчыкі паўсюль. І таму расейцы, якія даўней любілі шмат размаўляць на палітычныя тэмы, навучыліся маўчаць альбо гаварыць словамі з апошняга ўрадавага бюлетэню.
Нядаўна я размаўляў з настаўніцай вясковай школы. Яна мела да мяне давер, бо я здаўна яе ведаў. Яна сказала, што ўжо ня мае сілаў далей весьці такое жыцьцё. «Чатыры месяцы ня плацяць заробку. А калі я яго атрымаю, ня хопіць і на 50 кіляграмаў хлеба. Паўгода ня маю кавалка мыла. Перабіваюся бульбай, якую выменьваю на апошняе. А найгоршае — сорам. Сяляне ня любяць інтэлігенцыі. Успрымаюць нас прычынай усяго ліха. Кпяць з маёй галечы. Як страшна жыць паміж пагардай уладаў, з аднаго боку, і пагардай тых, дзеля каго працуеш, — з другога. І няма з гэтага ніякага выйсьця, бо нават працу кінуць мне нельга». Такі лёс чалавека ў Саветах.
Вельмі гэта прыкра, калі такі Горкі, які за савецкія рублі ці за валюту жыве далёка ад дзяржавы ўсіх свабодаў і дабрабыту, дапамагае тыранам прыгнятаць свой народ. Для мяне поўнай неспадзяванкай была навіна, што Горкі на пачатку бальшавіцкай улады зацята зь ёй змагаўся. Толькі потым ён «пераканаўся», што гэта дабрадзеі чалавецтва, і абвясьціў пра гэта сьвету. А хто хоча сапраўды пераканацца, якімі былі яго меркаваньні пра бальшавікоў, хай возьме старыя нумары газэты «Новая Жизнь» і пачытае. А потым адбылася дзіўная мэтамарфоза: легкадумны Максімушка так пасталеў, што нават Салаўкі пачаў у прэсе расхвальваць. Мала ня лепшыя за ягонае Сарэнта! Дзівосна сьпяваюць савецкія салавейкі… Ніякая буржуазная варона зь імі не параўнаецца.
Ведаю, што ўсё гэта, што я пішу, слабое, непераканаўчае. Ведаю, што шмат хто мне не паверыць, бо «піша гэта за грошы буржуазіі агент афэнзывы, дэфэнзывы, контрарэвалюцыянэр, белагвардзеец, урэшце, бандыт, кантрабандыст і г. д.». Так будуць шчабятаць згодным хорам савецкія салавейкі. Пагатоў, што поле адкрытае і ня трэба хапацца за савецкі блеф. Бо дагэтуль на таго, хто выступаў супраць іх, адразу наклейвалі гэтыя ярлыкі. На мяне не наклеіце…
Зразумела, мне цяжка паверыць. Нашмат прыемней з захапленьнем слухаць укормленых коміваяжэраў Палітбюро, што развозяць у добра наладаваных савецкімі далярамі валізах савецкую пахвальбу.
Шмат сумных рэчаў я вам напісаў. Але што зробіш, калі такое жыцьцё. Хачу хоць бы закончыць свой пяты этап трохі весялей. Не лічыце мяне пэсымістам, які бачыць у жыцьці толькі цёмныя бакі. Наадварот, я веру ў сьветлую будучыню чалавецтва. Веру, што нягледзячы на замятні ў паняцьцях і жыцьці, мы ўсё ж ідзём наперад. Я жадаю, каб як найхутчэй зьніклі прыгнёт, эксплянтацыя, крыўда. І ведаю, што гэта адбудзецца ў будучыні. Толькі ня дзякуючы штучным ідэям розных махляроў, якія скажаюць характары цэлых народаў, але шляхам іх натуральнага разьвіцьця. Гэта адбудзецца дзякуючы працы і добрай волі чалавека, якая была, ёсьць і будзе нават у найгоршых людзей і якая ў будучыні стане чыньнікам прагрэсу.
Я сьніў гэта ў вар’яцкія ночы. Я чытаў гэта ў вачах тых, хто тартуе і канае. Я даведаўся пра гэта ад звычайных людзей і ад людзей, якія роўныя багам ночы і якія ня маюць будучыні. І я непахісна веру, што мы ўсё ж ідзем наперад і што дарога да лепшай будучыні адна, простая і роўная: вера ў чалавека, вера ў сябе і здольнасьць зразумець кожнага. Так што, як бачыце, хоць не адзін карнавал я згуляў са Сьмерцю, хоць не адна сотня куляў прасьвістала ля маіх вушэй, хоць я бачыў такіх гадаў у чалавечым целе, што мяне агортваў жах, але веры ў чалавека я ня страціў. Яе далі мне і ўмацавалі ўва мне тыя залатыя пробліскі добрых чалавечых пачуцьцяў, якія я бачыў у душах нават найгоршых людзей.
Я б вельмі хацеў, каб расейскім народам нарэшце пачалі кіраваць не тыраны, ня зграя міжнародных злачынцаў, адзінай ідэяй якіх ёсьць забойства і эксплюатацыя, але добрыя людзі, якіх у Расеі заўжды было шмат і якіх там пэўна яшчэ шмат знойдзецца.
Читать дальше