Магдаліну знялі з каня, але прывесці яе да прытомнасці ніяк не ўдавалася. Узрушэнне было такое глыбокае, што непрытомнасць яе перайшла ў глыбокі, непрабудны сон. Дзьмулі ў нос, злёгку хлопалі па шчаках — нічога не памагала. Юрась загадаў кінуць. Апрытомнее.
Паставілі на варту Іуду, а самі раскінуліся ў траве, каб хаця трохі адпачыць самім ды, можа, хаця хвіліну прыдрамнуць пасля бяссоннай ночы. Паступова ўсе змоўклі. Задрамаў і Хрыстос.
Сніў ён, што плыла ад далягляду нейкая няясная маса. Пасля яна наблізілася, і ён са здзіўленнем убачыў, што гэта людзі ў чыстых белых адзеннях. Яны ішлі то паасобку, то па два, а то і даволі вялікімі купкамі, але не ў натоўпе, таму што між імі плыло бясконцае мора жывёл. Людзі ветла гаварылі між сабою, але здзіўляла не гэта, не адсутнасць гневу, зайздрасці, нервовай варожасці, а другое. У чарадзе ішлі побач вясёлыя, усмешлівыя ваўкі і глядзелі сонечнымі сабачымі вачыма на какетлівых аленяў і махалі ім хвастамі. Каля ўзбочыны сабака гуляў з катом: рабіў выгляд, што ідзе бокам, па сваёй справе, а пасля кідаўся, хапаў за азадак і мякка «жваў». Кот, лежачы на спіне, млява, мяккімі лапамі, адбіваўся. Ішлі ягняты і львы. Апошніх ён адразу пазнаў. Зусім бы ў кнігах. Вельмі падобныя да сабак.
Даляталі тупат ног, бэканне, нейкі незразумелы рып.
А людзі ішлі і дружалюбна падымалі да яго руку, на знак прывітання, і смяяліся. У іх былі дзівосныя светлыя твары, зусім не такія, як даводзілася бачыць дагэтуль. Не анёлы. У анёлаў халодныя вочы. У гэтых вачах была любоў, а ў жылах — гарачая плынь крыві.
Ён страшэнна любіў іх. Гэтай хвілінай ён страшэнна любіў іх. Такімі нельга было ўладарыць, такіх нельга было падманваць. Ён вельмі, ён страшэнна любіў іх, аж сціскалася сэрца. Ён сам здзіўляўся, як ён усім на свеце гатовы ахвяраваць дзеля іх, дзеля такіх вось.
І ехала на велізарным, падобным на сабаку, ільве Анея. Чамусьці не глядзела на яго, і ён спалохаўся, што не заўважыць, і кінуўся да яе…
Рып, галасы і крык жывёлы былі не ў сне. Ён убачыў на грабяні скамянелую постаць Іуды, глянуў і жахнуўся.
Бег натоўп. Знясілены, выснажаны, ён, праўдзівей, хацеў бегчы, ды не мог. Нібы ў жахлівым сне.
Гналі чароды: няшчасных кароў, запыленых авечак. Дзяўчынка ледзь перастаўляла ногі, несучы на руках кацяня. Цягнулі нейкія каляскі, штурхалі тачкі з мізэрным скарбам. Ехалі вазы і рыпелі, рыпелі, рыпелі.
Брудныя, пыльныя, многія ў лахманах. Зноў тое, што заўсёды бачыў дагэтуль: боль, гнеў, асуджаная пакора, тупасць. Ля ног машынальна пераступаюць сабакі з высалапленымі языкамі. А гэтыя ідуць, такія заўсёдныя, такія брудныя і непрыгожыя. Вочы. Тысячы абыякавых вачэй.
І ўсё ж у гэтых вялікіх ад пакуты вачах было столькі чалавечага, столькі ад т ы х, што ў Хрыста ўпала сэрца. Гэтыя лахманы, падобныя на абрыдлівы брудны кокан. Якія матылі хаваюцца ў вас?!
Ён глядзеў. Многія слізгалі па ім пакутным позіркам і зноў ішлі.
— Што ж ты не даў знаць?
— А чаго? — голас у Іуды быў суровы. — Я адразу ўбачыў, што не татары. Чаго было будзіць стомленых? Каб паглядзелі?
Вочы ягоныя пачарнелі. Змрочныя вочы.
Прачнуліся і другія. Таксама падышлі. Натоўп не звяртаў увагі на людзей, што на ўзгорку. Рэдка хто кідаў позірк.
Магчыма, мора так і праплыло б паўз іх, але ў ім ішлі тры старыя знаёмыя Хрыста, тры «сляпыя» прайдзісветы, і адзін з іх заўважыў яго, штурхнуў сяброў.
— Ён, — сказаў нехта з іх пасля роздуму.
— А што, хлопцы, ці не свярбіць у вас тое месца, куды ён тады… — другі махляр пачухаў азадак.
— Ды не было ў яго, пэўна, больш.
— Кі-інь. Ну, не было. Дык баяцца павінен. Украсці, а даплаціць… Ну, як хочаце. Я не з міласэрных.
Астатнія ў знак згоды схілілі галовы. І тады махляр шалёна і прарэзліва залямантаваў:
— Браты ў го-ры! Лю-удзі! Ніхто нам не дапамога! Бог толькі адзін!
— Вось ён! — паказаў другі. — Ад слепаты вылечыў мяне!
— Ён Гародню ад голаду ўратаваў!
Людзі пачалі запавольваць хаду. Хто мінуў — аглядаўся назад. Заднія напіралі… Шалёна крычала старая, трымаючы за вяроўку, наматляную вакол рог, карову:
— Гандляроў выгнаў! Карову вось гэтую мне даў! Глядзіце, людзі, гэтую!
— Не трэба далей ісці! Ён тут! — загарлаў нехта.
— У Гародні — чулі?…
Братчык раптам убачыў, што натоўп зварочвае з дарогі і плыве да ўзгоркаў. Ён чуў крык, але словаў разабраць не мог. І толькі пасля нібы прарэзаліся з агульнага галасу паасобныя крыкі:
— Ён! Ён! Ён!
— Гэта яны чаго? — спытаў дурыла Якуб. — Біць будуць?
Читать дальше