Ноздры ягоныя лавілі ўжо нават пах ворага: дзікі, чужы, сумесь палыну, барановага лою, пранасцяў, поту і яшчэ чагосьці.
— І-гі-гі! І-гі-гі!
І раптам ён усім нутром зразумеў: не адчыняць. Збаяліся або намер такі, чорт яго ведае, дзеля чаго. Цяпер і самому не ўскочыш. І, значыцца, усе трапілі ў пастку, і ён таксама. Калодка на шыі, ланцугі, аркан, шлях у Кафу. Вось і канец твой, ілжэ-Хрыстос. І няма чаго з надзеяй глядзець на неба, не дапаможа
Захэканыя, чырвоныя ад напругі твары з дзікім выразам жаху былі ўжо блізка. Нават калі б яны пачалі падсаджваць людзей — перш за ўсё жанчын — на мур, яны паспелі б падсадзіць ад сілы трох-чатырох. І, значыць, схопяць і Тумаша, і Іуду, і ўсіх, і яго. Бедных не выкупяць. Рабства. Бізун.
Ён агледзеў мур, і раптам нешта мільганула ў яго вачах: «А можа, і ўскочыш?»
Хрыстос пабег насустрач уцекачам. Убачыў, што ў вачах некаторых шалёнае здзіўленне. Але ён не бег доўга. Сажняў за дзесяць ён павярнуўся і, набіраючы хуткасць, памчаў да мура.
— Так! — хрыпата крыкнуў Тумаш. — Так! Абы не палон.
Ён падумаў, што Хрыстос хоча разбіць галаву аб камяні. Але той не думаў пра гэта. Разагнаўшыся, ён, нагамі наперад, скокнуў на мур і, скарыстаўшы інерцыю, зрабіўшы на ім два крокі, ускінуў рукі, захапіў-такі пальцамі за востры верхні край яго, зрываючы пазногці, наддзіраючы жывот, звіваючыся, падцягнуўся і з нечалавечай сілай, сілай адчаю і безвыходнасці, ускінуў-такі адну нагу, а пасля і сам сеў верхам на замшэлыя камяні. Упаў галавою на верх забрала ў раптоўным страшным знясіленні.
Зверху ўбачыў твар Раввуні, ягоныя працягнутыя рукі, вочы, у якіх былі радасць за яго і адначасова бязмерная роспач.
У гэты час татарва нагнала і схапіла Яна Зеведзеева і Фаму. Хрыстос не разумеў, чаго так. Ян быў жанчынападобны, гэта так, Але Фама? Толькі пасля ён здагадаўся, што ў гэтым няверным прысмерку не было часу разглядаць. Акрамя таго, крымчакі, па дурасці і недасведчанасці, не здолелі адрозніць белых рас манахінь ад палатняных, брудна-белых апостальскіх хітонаў.
Апосталаў цягнулі на коней. Пасля пачалі ўзлятаць арканы. Сталі хапаць жанчын. Чуўся віск, крыкі, тупатанне коней, чужая лаянка.
— Я тае лапну! — Фама апусціў аглушальную аплявуху. — Я тае лапну двараніна!!!
— Гвалт!
— Вось гэта бабы! — крычаў крымчак. — Дужа вылыкы бабы. Гэтых хапай.
— Ігі-гі! Ігі-гі!
З краканнем, нібы дровы сек, малаціў Піліп. Але вакол усё больш гурбіўся конны смярдзючы натоўп.
Ніхто з уцекачоў не здолеў бы скочыць на мур, занадта былі знясіленыя. Але Хрыстос і не думаў аб паратунку аднаго сябе. Патрэбна была, можа, адна толькі хвіліна, каб нешта… Ат, чорт!
Над Іудам са свістам узляцеў аркан. Захапіў за глотку.
— Хрыстос!!! — у адчаі, з перахопленым дыханнем, толькі і паспеў крыкнуць няшчасны.
І тады Хрыстос устаў на ногі.
…Ігумення і Пархвер, якія цягнулі скручаную Анею да брамы ўнутранага мура, спыніліся, пачуўшы гэты крык.
— Ч-чорт, што такое? — спытаў волат.
Твар Анеі быў змарнелы і безуважны. Яна глядзела ў зямлю. Яна чула віск і крыкі і разумела ўсё. Ігумення пастаралася яшчэ пазаўчора адкрыць ёй вочы на лёс, што яе чакаў.
— То адчыняй дзверы, — шэптам сказаў Пархвер.
Ігумення, аднак, не спяшалася: яна ўчула, што за брамай, у двух кроках ад іх, нехта глуха рыдаў.
…Магдаліна, да крыві разбіўшы кулакі, распасцерлася на брамнай палавінцы, шырока раскінуўшы рукі, як распятая. Адзін адчай валодаў ёю. Скажы яна аб усім — яны ўдзерліся б сюды некалькі гадзін назад, і тады нічога б не было. А цяпер ён у іхніх руках. Чорт з імі, з астатнімі, але ён у іхніх руках. Яна калацілася галавою ў акутую жалезам палавіну, а пасля кінула і ўжо толькі плакала.
— Цс-с! — сказала ігумення.
Яна ціха, як кошка, узбегла сцёртымі каменнымі сходамі на забрала. Мур той быў утрая вышэйшы, чым вонкавы, з зубцамі. Яна прыпала да прасвету між імі і ўбачыла чалавека, які раптам выпрастаўся на вяршыні каменнай агароджы.
Тады яна паспешліва збегла ўніз, зашаптала Пархверу:
— Гэты, на муры. І жанчына тут, ля брамы. Зараз ён, пэўна, кінецца сюды. Зведаў.
— То выпускай…
Скручаная жанчына безудзельна глядзела ў зямлю. Яна сядзела на траве. Як толькі Пархвер кінуў яе, яна села: не трымалі ногі. Твар быў нібы здраўнелы. Вакол вачэй — сінія цені. Ігумення пакасілася на яе:
— Яму ў рукі?
— Чорт з ім. Абодвух і захопяць.
— А як не? А як выкруціцца ды прыскочыць сюды?
— Мур!
— Мур з дзікага каменю. А гэты спрытняга…
Читать дальше