Юрась глядзеў на ставы, на сініх стракоз, што лёталі над вадою, на твар той, што спала. Дзіўна, нешта клікала яго, нешта нібы не давала сядзець на месцы, але вечар супакойваў і прымушаў сядзець. З манастырскай брамы выйшлі некалькі дзесяткаў маладых манахінь у белым, чарнабровыя, зіркатыя. У адной на плячы была лютня.
Сваім надзіва чуйным слыхам ён чуў гучныя, над вадой, урыўкі размовы:
— Чаго гэта яна і сёння ўдабрухалася ды нас выпусціла? І ўжо трэці дзень.
— І ў ігуменняў…
— Сэрца… Ведаем мы, што за сэрца…
— Пэўна, зноў гэты, мардаты, у яе будзе…
— Дзеўкі, чорт з ім… Дзеўкі, хай сабе… Добра ісці… Вечар. Рыба брохае.
На паверхні ставоў сапраўды расплываліся кругі. Жанчыны ішлі, і іхнія белыя постаці сумна і чыста адбіваліся ў вадзе. Здаецца, і сам бы застаўся тут, каб вакол былі такія.
Адна дзяўчына раптам падала голас:
— Бач, хлопцы якія. Сядзяць, не ведаюць, а чаго б гэта зрабіць. Гэта я іх знайшла.
— А раз знайшла, то цягнула б сюды.
— Ды, бач, яны нягеглыя нейкія. На хаду спяць.
Юрась узняў руку. У адказ над вадою даляцеў ціхі смех.
— Ой… сёстры… Будзе ад ігуменні…
— А няхай яна на мурашнік сядзе, як я яе баюся.
— Не, гэта хлопцы адмысловыя.
— Кашы наеліся… Асавелі…
Апосталы пераглянуліся. Пасля Тумаш, Сымон-Кананіт і Піліп махнулі рукою і пачыкільгалі ў бок дзевак. Крэкнуў Якуб і таксама ўзняўся.
Даганяючы, кінуліся іншыя. Раввуні затрымаўся быў.
— Ідзі, Іосія, — сказаў Братчык. — Ты ж ведаеш.
Іуда пабег. Хрыстос застаўся адзін. Сядзеў над панвамі*, варочаў кавалкі.
* Панва — гліняная патэльня.
— Вось як уламлю зараз адзін усіх гэтых вугроў, — ціха, сам сабе, сказаў ён. — Будзеце вы тады ведаць дзевак, піндзюры вы гэткія.
Магдаліна пачула. Шкадаванне штурханулася ў сэрца. Скутая сном, яна думала, што трэба зрабіць.
«Ага. Трэба адразу ж адкрыцца, сказаць яму, дзе дачка мечніка. Дурань, яна ж тут, тут. Можа, у гэтай вежы. Можа, у іншай. У маўчанні. Пад даглядам адной гэтай ігуменні, якая чамусьці сапраўды выслала ўсіх сваіх манахінь з будынка. Чаму?»
Гэта трывожыла яе. Такога, ды яшчэ без дагляду, сапраўды не павінна быць. Ды яшчэ трэці дзень узапар.
«Ат, усё адно. Можа, сапраўды круціць з кімсьці? — Думка правальвалася. — Што трэба сказаць яму? Зараз жа».
Хрысту здалося, што ў яе лёгкая гарачка. Ён паклаў ёй на лоб далонь, але рукі былі гарачыя ад агню, бо ён варочаў рыбу, — не разбярэш, ёсць гарачка ці не. І тады ён схіліўся і прыклаў да лоба вусны. Не, усё добра. Проста агонь і свежае паветра.
Яна адчула дотык ягоных вуснаў на сваім лобе. І гэты просты жэст раптам бясспрэчна сказаў ёй, што яна ніколі не адкрые яму, што чакае яго за гэтым мурам. Будзе ненавідзець сябе, пагарджаць сабою, але ніколі не скажа. І не з-за катоўняў Лотра.
«Не трэба мне ні паселішчаў панцырных баяр, ні Ратмы, ні нікога іншага. Нічога мне не трэба».
Адзін гэты дотык прымусіў яе зразумець тое, у чым яна цэлы месяц — а можа, і больш — баялася сабе прызнацца.
Ад далёкага гаю, куды пайшлі апосталы з манашкамі, даляцеў сільны і страсны жаночы голас, поўны чакання і тугі. Зазвінела лютня.
За мурамі, за чорнымі вежамі -
Воля, вецер, сонца ў гаях.
Кожны вольны стралок з Белавежы -
Пакута і радасць мая.
І яна раптам уся затрэслася ад неадольнай, вострай, апошняй цягі да гэтага чалавека, што сядзеў побач і не думаў пра яе. Ды не, яна не магла сама, сваімі рукамі… аддаць. Уся паступова выцягваючыся, яна нібы памірала ад усяго, што звалілася на яе. Нібы працятая знішчальнай стралой.
Ломіць дрэвы ён турам буйным,
Сталь чужую рукамі гне.
Ах, чаму ён манахаў рабуе
І не схопіць манашку, мяне?
Узяць бы яго ў рукі, у абдымкі, і не выпусціць, пакуль не прыйдзе канец свету, пакуль не рассыплюцца зямля і неба і не застануцца яны адны ў абшары, дзе няма ні цемры, ні святла.
Цяпер спявалі і мужчынскія галасы. Яны змянілі бег песні, і яна гучала нават пагрозліва, нібы ў тупаце капытоў нечуваная навала ляцела на беднае чалавечае сэрца, якое і без таго рабіла апошнія ўдары.
Паклічу — і ён прыскача з мячом,
Ён кіне хаты ў бары,
За яго магутным белым канём
Сотня коннікаў спусціцца з грыў.
Як архангел, ён прыйдзе да гэтых муроў,
Затрубіць — падуць муры.
І няхай тады маё сэрца згарыць,
Няхай маё сэрца згарыць.
«Любы, — моўчкі маліла яна. — Нахіліся, абдымі, мне ўжо нельга. Нават грубасць, абы не абыякавасць. Я ўжо больш не магу жыць без гэтага майго кахання, без гэтай журбы».
Читать дальше