— А табе што, у першы раз? — Сымонавы вочы шукалі коней.
— Жах які, — сказаў Тадэй. — Хвалі, што пеняцца сарамотамі сваімі.
Раввуні паціснуў плячыма.
— Гэта азначае — прыйшоў час, — сказаў Раввуні.
Натоўп набліжаўся, паступова аточваў іх. І раптам стогн, здаецца, скалануў узгорак:
— Божа! Божа! Бачыш?!
Цягнуліся чорныя далоні, худыя жылаватыя рукі. І на закінутых тварах жылі вочы, у пакуце сваёй падобныя на вочы тых, у сне.
— Прадалі нас! Рада царкоўная з татарынам спелася!
— Войскі стаяць… Не ідуць!… Не ратуюць!
— Адзін ты ў нас застаўся!
— Зброі!
— Прадалі… Хаты спаленыя.
Тысячавокі боль знізу поўз да шкаляра.
— Забітыя яны ўсе! Стань галавою! Ратуй!
— Людзі! Што я магу?…
— Ратуй нас! Ратуй!
— …Я жабрак, як вы, бяссільны, як вы.
— Пакажы сілу тваю! Дзяцей пабілі.
Клікалі вочы, рукі, раты.
— Я — самазванец! Я — махляр!
Але ніхто не чуў, бо словы танулі ў агульным ляманце.
— Ратуй! Ратуй!
— Што рабіць? — ціха спытаў Раввуні.
— Нічога, — сказаў Фама. — Тут ужо нічога не зробіш.
І Братчык зразумеў, што тут сапраўды нічога ўжо не зробіш. І ён узняў рукі і трымаў іх над крыкам, а пасля над цішынёю.
Ён памятаў, якімі ён бачыў іх у сне.
Увесь дзень і ўсю ноч кіпела, віравала тысячарукая чалавечая праца. Згодна з невядомым пакуль планам Братчыка людзі прыйшлі на гэта возера, з трох бакоў абкружанае лесам. Вялікае, плыткае і топкае возера са шматлікімі астраўкамі.
На самым вялікім з астраўкоў быў калісьці замак Давыдавічаў-Кароткіх, нашчадкаў колішніх пінскіх князёў. Замак даўно быў разбураны. Заставалася толькі затравелая дарога праз лес. Яна калісьці была засыпана каменем, таму і не зарасла.
Сутыкнуўшыся з возерам, дарога ўспаўзала на штучную дамбу і ішла возерам яшчэ сажняў трыста, пакуль канчаткова не абрывалася. Калісьці, як замак яшчэ быў цэлы, людзей і коней перавозілі адсюль да вострава на вялікіх цяжкіх плывіцах. Цяпер і плывіцы дагнівалі па берагах ды на дне. Дый сама дамба зарасла па абодвух схілах вялікімі ўжо меднастволымі хвоямі, чорнай вольхай, дубкамі і хуткімі ў росце волатамі ясакарамі.
Натоўп займаўся тым, што цягнуў дамбу яшчэ далей. Мільгалі рыдлёўкі, рыпелі коламі вазы з пяском, сыпалася зямля. Угразаючы ў глеі, людзі цягнулі вярэйкі з зямлёй, трамбавалі. Кіпела шалёная праца. Усе верылі: не паспееш зрабіць справу ў тэрмін — канец. За суткі дамбу працягнулі яшчэ сажаняў на дзвесце. Да астраўка заставалася яшчэ столькі, колькі было зроблена, з невялічкім гакам. І тут работу спынілі. Пачалі забіваць у дно палі з роўна зрэзаным верхам.
Толькі тут ачуняла Магдаліна. Загадала паклікаць Хрыста. Замест яго прыйшоў цыган Сымон Кананіт, сказаў, што Хрыстос, Фама, Іуда і яшчэ некалькі чалавек ловяць дарогаю ўцекачоў і прымушаюць іх ісці ў Крыцкае ўрочышча, дзе сабраўся ўжо сякі-такі народ: рэшткі разбітых вартавых атрадаў з маленькіх гарадкоў, узброеныя вольныя мужыкі, дробная шляхта… Магдаліна ахнула, даведаўшыся, колькі была ў непрытомнасці.
— Ды ты разумееш, што Анею яны з кляштара павезлі?!
— Анею? Позна. Уквэцаліся ў такую саладуху, што ці будзем жывыя. Застанемся на зямлі — знойдзе. А не, то і Анея і іншыя будуць нам без патрэбы.
…Хрыстос сапраўды тым часам перапыняў уцекачоў. Наскроб трохі людзей. Ганцы з возера даносілі, што справа ідзе, але да канца яшчэ даволі далёка. Ганцы з татарскага боку спавяшчалі, што Марлора ідзе, што ён блізка, што частку коннікаў, на чале з Сялімам, аддзяліў і паслаў на Волхаў: гнаць быдла дзеля катлоў, коней дзеля падмены і паліць дарогаю вёскі, гарадкі і крэпасці. Хрыстос, пачуўшы аб падзеле, пачаў лаяцца так, што ганец з павагі толькі галавою круціў… Пасля ён сеў і думаў некалькі хвілін. Хрыстос надумаўся. Паклікаў распарадчыка, змрочна сказаў:
— Хутчэй забівайце палі. Не паспяваем… Таму ты, ганец, скачы да Марлоры, нясі яму вось жменю зямлі.
— Ты што? — збялеў ганец. — Зямлёй кланяцца?!
— Лепей прыгаршчай, чым усёй, ды яшчэ з тваёй шкураю ў дадатак. Скажы, што ваяводы разбегліся, што папы моляцца, што не маюць яны права гаварыць, калі сам Бог тут… Скажы: хай возьме сорак чалавек і чакае мяне на Князёвым кургане. Скажы: я вазьму трыццаць воінаў. Слова даю.
— Ды нас дваццаць восем, — сказаў начальнік варты.
— Са мною Фама і Іуда… І я прыйду да яго. Будзем гаварыць. А войскі нашыя хай будуць далёка за нашымі спінамі. За трэць дня дарогі. Ну, давай.
Ганец пусціў белага наўскач.
Читать дальше