І, як Лігія зноў давала яму напіцца, затрымаў на хвіліну ейную руку і спытаў: — Дык і ты мне даравала?
— Мы хрысціяне, нам не можна насіць у сэрцы гневу.
— Лігія, — сказаў тады, — кім бы ні быў твой Бог, сто валоў у ягоны гонар ахвярую для таго толькі, што Ён твой.
А яна паправіла яго: — Аддасі яму гонар у сэрцы, калі яго палюбіш.
— Дзеля таго толькі, што Ён твой… — паўтарыў слабейшым голасам Вініць.
І прымкнуў павекі, бо зноў апанавала яго аслабленне. Лігія адыйшлася, але праз момант вярнулася і, прыступіўшыся блізка, нахілілася над ім, каб пераканацца, ці спіць. Вініць адчуў ейную блізкасць і, расплюшчыўшы вочы, усміхнуўся, а яна палажыла лягенька на іх руку, як бы манілася схіліць яго да сну. Тады агарнула яго большая раскоша, але адначасна пачуўся больш хворым. І так было сапраўды. Ноч ужо была ўпоўні, а разам з ёю прыйшла й мацнейшая гарачка.
З гэнай прычыны не мог заснуць і вадзіў за Лігіяю вачыма, дзе толькі яна павярнулася. Час ад часу западаў у нейкую немарасць, у каторай чуў і бачыў усё навокал, але мяшалася ў ёй рэчаіснасць з соннымі марамі. Мроілася яму, напрыклад, быццам стаіць на нейкім апусцелым магільніку святыня, бы вежа, якой Лігія ёсць святаркай. Ён не спушчаў з яе вачэй, бачыў яе з лютняю ў руцэ, усю ў святле, падобную да тых усходніх святарак, што пяялі начны гімн на славу месяца. Ён сам падымаўся з вялікаю натугаю па крутых сходах, каб злавіць яе, за ім поўз Хілон, звонячы зубамі сопалаху і дакараючы: «Не рабі гэтага, спадару, бо гэта святарка, за якую Ён помсціцца…» Вініць не ведаў, хто быў той Ён, не разумеў, што йдзе рабіць святакрадства, дык страшэнна баяўся, але як дайшоў да балюстрады на шчыце вежы, пры Лігіі нагла з’явіўся Апостал срэбнабароды й сказаў: «Не падымай на яе рукі, бо яна мая». Як гэта сказаў, пайшлі разам з ёю месячным святазарным шляхам, бы дарогаю да неба, а ён пачаў прасіць, каб і яго ўзялі з сабою. Гэтта прачнуўся, ацверазеў і пачаў глядзець. Вогнішча на высокім чаране тлілася слабей, але крыху яшчэ асвятляла прысутных, якія сядзелі пры агні, грэючыся, бо ноч была сядравая, а хата даволі халодная. Вініць бачыў, як зяхалі параю. Усярэдзіне сядзеў Апостал, пры каленях ягоных на нізкім услончыку Лігія, далей Глаўк, Мырыям, Крысп, а з краю — з аднаго боку Урсус, з другога Назарка, Мырыямін сын, прыгожы падлетак з даўгімі чорнымі валасамі, спадаючымі яму аж на плечы.
Лігія слухала, гледзячы на Апостала, дый усе былі нахілены да яго, а ён нешта гаварыў. Вініць трывожна ўглядаўся. Прыйшло на думку, што ў гарачцы адчуваў праўду, што той стары прыбыш з далёкіх старон сапраўды забірае яму Лігію і вядзе ў нязнаную дарогу. Быў пэўны, што старац талкуе аб ім, можа дараджвае, як яго з ёю разлучыць, бо здавалася Вініцію непраўдападобнаю рэччу, каб хто ў гэнай хвіліне аб чым іншым мог гаварыць, дык, натужыўшы ўсю прытомнасць, пачаў прыслухоўвацца гутарцы Пятра.
Але абмыліўся, бо Апостал гаварыў зноў аб Хрысце.
— Яны толькі гэтым імем жывуць! — падумаў сабе Вініць.
Стары муж расказваў аб пайманні Хрыста: — Прыйшла рота й Кайфашавы слугі, каб Яго спаймаці. Збаўца спытаў іх, каго шукаюць, адказалі: «Езуса Назарэнскага!» А як сказаў ім: «Я Езус!» — пападалі на зямлю, не смеючы падняць на Яго рукі, і аж толькі пасля паўторнага пытання схапілі Яго.
Тут Апостал перапыніўся і, выцягнуўшы да агню рукі, сказаў: — Была сядравая ноч, як сяння, але закіпела ўва мне кроў, выхапіў я меч на абарону і адсек вуха слузе архісвятара. І быў бы я бараніў яго больш, чым жыццё сваё, каб не суняў мяне: «Улажы, — кажа, — меч твой у похву. Як жа чары, якую даў мне Айцец, не піціму?..» Тады спаймалі й звязалі Яго… Гэта сказаўшы, закрыў далонямі твар і змоўк, хацеў, бач, перад далейшым апавяданнем паканаць натаўп успамінаў. Урсус, не могучы вытрымаць, сарваўся, паправіў на прыпяку качаргою агонь, аж іскры сыпнулі залатым дажджом, і полымя стрэліла жывей, па чым, сеўшы, адазваўся: — Што было б ужо, тое было б — эх!..
Але нагла хапіўся за язык, бо Лігія паказала палец на вуснах. Соп толькі, бы кавалёў мех, відаць было буру ў ягонай душы, бо хоць заўсёды гатовы быў цалаваць стопы Апостала, адыж таго аднаго праступку ў душы не мог стравіць: ну хай бы хто так от пры ім падняў руку на Спаса, хай бы ён быў з ім тае ночы, ой паляцела б пер’е і з ваяроў, і з Кайфашавых паслушнікаў! І аж слёзы накаціліся на вачах і з жалю, і з душэўнае каламесіцы, бо з аднаго боку, — думае, — не толькі сам бараніў бы Збаўцу, але шчэ склікаў бы лігаў яму на помач, хватаў, малайцоў; а з другога — што, калі б гэта зрабіў, аказаў бы непаслухмянасць Збаўцы і перашкодзіў бы адкупленню свету.
Читать дальше