Гэта гаворачы, прыставіў на агонь пасудзіну з поліўкаю для Вініція і замоўк. Ягоная думка блукалася, мабыць, праз нейкі час па лігійскіх пушчах, аж як пачало кіпець у гаршку, выліў з яго страву ў міску і, астудзіўшы, звярнуўся: — Глаўк раіць, спадару, каб як найменш варушыў нават здароваю рукою, дык Каліна загадала мне карміць цябе.
Лігія загадала! На гэта не было адказу. Вініцію не прыйшло нат у голаў супраціўляцца ейнай волі, бы дачцэ цэзара ці багіні, дык не адказаў ані слова. Урсус, сеўшы ля ложка, пачаў чэрпаць поліўку з міскі малым кубкам і падносіць яму да вуснаў. Рабіў гэта так рупясна, з такою добраю ўсмешкаю ў вачах, што Вініць і сам сабе не верыў, каб гэта мог быць той самы страшэнны тытан, які ўчора, здушыўшы Кратона, кінуўся на яго самога, як бура, і растармашыў бы яго, каб не літасць Лігіі. Маладому патрыцыю першы раз у жыцці прыйшла ў голаў думка, што можа дзеецца ў сэрцы прастака, слугі і барбара.
Урсус аказаўся нянькаю вельмі нязручнаю. Кубак зусім гінуў у ягоных геркулесавых пальцах, так што нельга было Вініцію да яго даткнуцца вуснамі. Пасля некалькіх няўдалых спробаў вялігур надта заклапаціўся дый кажа: — Эй, лягчэй зубра вывесці з оступу… Вініція рассмяшыла няўдача ліга, але больш зацікавіла гадка пра зубра.
Бачыў ён у цырках страшэнныя «уры», дастаўляныя з паўночных пушчаў, на якіх найадважнейшыя бестыярыі палявалі з трывогай і якія адным сланам саступалі па велічыні й моцы.
— Няўжо спрабаваў ты браць такія бестыі за рогі? — спытаў з выглядам здзіўлення.
— Пакуль не мінула мне дваццаці зімаў, дык баяўся, — адказаў Урсус, — але потым бывала!
І зачаў зноў карміць Вініція яшчэ больш нязручна, як перад тым.
— Мушу папрасіць Мырыям або Назаркі, — сказаў.
Але на шчасце белая галованька Лігіі выхілілася з-за заслоны.
— Зараз дапамагу, — кажа.
І выйшла з кубікулюма, дзе, відаць, рыхтавалася да сну, бо была апранута толькі ў абціснутую туніку, званую ў старадаўнасці «капітыюм», закрываючую шчыльна грудзі, і валасы мела распушчаныя. Вініцій, у якім жывей заскакала сэрца, пачаў ёй дакараць, што дагэтуль не спіць, а яна весела адказвае: — Я хацела ўжо класціся, але перш выручу Урсуса.
І, узяўшы кубак, села на краі ложка ды пачала карміць Вініція, супакоранага адначасна й шчаслівага, калі нахілялася да яго, біла на яго цяпло ейнага цела, і разгорненыя косынькі сплывалі яму на грудзі, аж ён збялеў ад уражання, але ў мутні і парыве жады адчуваў адначасна, што гэта надусё яму даражэйшая і вяльбейшая галованька, перад якою ўвесь свет — нічым. Даўней пажадаў яе, цяпер пачынаў кахаць поўнымі грудзьмі. Даўней як наагул у жыцці, так і ў пачуццях быў, як усе тагачасныя людзі, сляпым няўступным эгаістам, якому толькі пра сябе расходзілася, цяпер жа пачало яму расходзіцца і пра яе.
Па хвіліне адмовіўся далей есці і, хоць прысутнасць ейная ўпаяла яго раскошай, сказаў: — Годзе, ідзі спаць, багінька мая.
— Не называй мяне так, — адказала, — мне гэтага не гадзіцца слухаць.
І ўсміхалася да яго, кажучы, што сон ад яе ўцёк, што не чуе знямогі, што не пойдзе спаць, пакуль не прыйдзе Глаўк. Ён слухаў ейных слоў, бы музыкі, і сэрца набрыняла штораз большым расчуленнем, штораз большым захапленнем, штораз большаю ўдзячнасцю, а думка непакоілася, як бы ёй тую ўдзячнасць аказаць.
— Лігійка, — адазваўся пасля кароткага маўчання, — я ўпярод цябе не ведаў. Але цяперака ведаю, што маніўся дайсці да цябе блуднаю дарогаю, вось жа кажу табе: вярніся да Пампоніі Грэцыны і будзь пэўнай, што адцяпер ніхто на цябе рукі не падыме.
Твар ейны нагла пасмутнеў.
— Была б я шчасліваю, — адказала, — каб хоць здалёк з ёю магла пабачыцца, але вярнуцца да яе ўжо не магу.
— Чаму? — спытаў здзіўлены Вініць.
— Мы, хрысціяне, ведаем праз Актэ, што дзеецца на Палатыне. Няўжо ты не чуў: цэзар хутка пасля маіх уцёкаў, а перад выездам у Неапаль, заклікаў Аўла і Пампонію — і, думаючы, што яны мне дапамаглі, пагражаў ім гневам. На шчасце, Аўл мог яму адказаць: «Ведаеш, доміне, што ніколі лгарства не выходзіла з маіх вуснаў; вось жа клянуся перад табою, што мы ўцякаць ёй не дапамагалі і што так роўна, як ты, не ведаем, што з ёю сталася». І цэзар паверыў, а пасля забыўся — а я ніколі не пісала, не прасіла радаў старэйшых, дзе я, каб яны заўсёды смела маглі прысягнуць, што нічога пра мяне не ведаюць. Ты, можа, гэтага не зразумееш, Вініційка, але нам лгаць не можна, нат хоць бы расходзілася нам пра абарону жыцця. Такая наша навука, да якой жадаем прынаравіць нашае сэрца. Дык не бачыла я Пампоніі ад таго часу, калі развіталася з ейным домам, а да яе час ад часу даходзіла слабенькае рэха, што я жыву пад добрай апекай.
Читать дальше