— Я і так не забіваў з розмыслам і самахоць, — тлумачыцца Урсус.
Хілон аднак, хочучы на ўсялякі выпадак забяспечыцца, не пераставаў далей абрыджаць Урсусу забойства ды заахвочваць яго да прысягі. Выпытваў таксама й пра Вініція, але ліг адказваў на ягоныя пытанні неахвотна, адмахваючыся, што ад самога Вініція даведаецца ўсё, што трэба.
Гутарачы так, прабрылі ўрэшце далёкую дарогу, што дзяліла кватэру грэка ад Затыбра, і апынуліся перад домам. Зноў устрывожылася сэрца Хілона. Ад страху выдавалася яму, што Урсус лыпае на яго нейкім людаедскім вокам. «Малая мне з таго пацеха, — думаў сабе, — што заб’е мяне нехаця, лепей бы, каб хапіў яго самога параліч, а разам з ім усіх лігаў, што дай, Зэўсе, калі патрапіш!» Так размысляючы, штораз больш затульваўся ў сваю галійскую гонку, нібыта, бач, ад холаду. Урэшце, як толькі, прайшоўшы праз сені й першы надворак, апынуліся ў калідоры, што выходзіў у агародзец дамку, нагла затрымаўся й кажа: — Дай мне адсапціся, бо не магчыму гаварыць з Вініціем і ўдзяляць яму мудрых радаў.
Вымавіўшы гэта, затрымаўся, бо хоць угаворваў сябе, што ніякая небяспека яму не пагражае, аднакава ж на ўспамін, што знайдзецца сярод гэтых таемных людзей, якіх аглядаў у Острыянуме, ногі дрыжалі.
Тым часам з дамку данеслася пяянне.
— Што гэта? — спытаў.
— Кажаш, быццам хрысціянін, а не ведаеш пра наш звычай пасля кожнае яды вяльбіць Збаўцу пяяннем, — адказаў Урсус. — Мырыям з сынам мусі ўжо вярнулася, а можа, і Апостал ёсць з імі, ён штодзень адведвае Крыспа.
— Вядзі мяне проста да Вініція.
— Вініць у той самай каморы, дзе і ўсе, бо адна толькі гэтая большая й ёсць, астатнія самыя цёмныя кубікулы, у якіх толькі спімо. Хадзем ужо, там аддыхнеш.
Увайшлі. У хаце было цемнавата; быў хмарны зімовы вечар, а агеньчыкі некалькіх газовачак не зусім разганялі змрок. Вініць хутчэй здагадаўся, чым пазнаў закаптуранага Хілона, а той, ззорыўшы ложа ў рагу хаты і на ім Вініція, рушыў, не гледзячы на нікога, проста да яго — як бы ў перакананні, быццам пры ім будзе яму беспячней.
— О доміне! Чаму ж не слухаў маіх радаў! — азваўся, згарнуўшы рукі.
— Маўчы, — адгукнуўся Вініць, — і слухай!
Глядзеў пільна ў вочы Хілону і гаварыў спавагу, дабітна, моў жадаў, каб кожнае слова ягонае зразумеў як загад і раз назаўсёды затрымаў сабе ў памяці.
— Кратон кінуўся на мяне, каб замардаваць — разумееш! Дык я забіў яго, а гэныя вось людзі агледзелі мне раны, атрыманыя ў барацьбе з ім.
Хілон скеміў адразу, што калі Вініць так гаворыць, дык, мабыць, умовіўся з хрысціянамі, а тады — знача — хоча, каб яму верыў. Здагадаўся пра гэта і з ягонай міны, дык як бач, не аказаўшы ні сумніву, ні здзіўлення, падняў вочы ўгару і адазваўся: — Гэна быў існы злыдзень, спадару! Ці ж я цябе не перасцерагаў, каб не давяраў яму? Усе мае дакоры адбіваліся ад ягонай галавы, бы гарох ад сцяны. Ува ўсім Гадэсе няма для яго дастатковых пакутаў, бо хто не можа быць сумленным чалавекам, той станецца злыднем, а каму ж цяжэй стацца сумленным, як не злыдню? Гэта ж трэба: нападаць на свайго дабрадзея, чалавека. так вялікадушнага!.. О, божанькі!..
Тут, аднак, спахапіўся, што нядаўна прыкідваўся перад Урсусам за хрысціяніна — і змоўк.
— Каб не «sica» [40] Кінжал, сцізорык (лац.).
, якую меў з сабою, ён забіў бы мяне.
— Багаслаўлю тую хвіліну, у якую параіў я табе ўзяць хоць гэты нож.
Вініць ускінуў на грэка пытальны пагляд і пачаў экзаменаваць: — Што рабіў сяння?
— Як гэта? Ці ж я табе, спадару, яшчэ не казаў, што рабіў абеткі за тваё здароўе?
— І больш нічога?
— І выбіраўся ось адведаць цябе, ажно ж прыходзіць той добры чалавечына й кажа, што клічаш мяне.
— Вось таблічка, пойдзеш з ёю да мяне дадому, знойдзеш майго вызвольніка й аддасі яму. Напісана тут, што я выехаў у Бэнэвэнт. Скажаш Дэмасу ад сябе, што гэта сталася сяння рана, было тэрміновае пісьмо ад Пятронія.
Тут паўтарыў з націскам: — Выехаў у Бэнэвэнт — зразумеў?
— Выехаў, спадару, выехаў! Адыж рана развітаў я цябе пры Порта Капэна [41] Капэнская брама (лац.).
, і ад часу твайго выезду агарнула мяне такая туга, што калі твая ласкавасць яе не ўтуліць, зажуруся насмерць, як небарака жонка Зэтоса [42] Аэдонна, пераўтвораная ў салаўя (заўвага аўтара) .
з жалю па Ітылю.
Вініць, хоць хворы й звыклы да падступнае гнуткасці грэка, не мог, аднак, устрымацца ад смеху. Да таго ж і рад быў, што Хілон воміг яго зразумеў, і пацяшае: — Ну дапішу, дапішу ўжо, каб табе слёзы абцерлі. Дай святліка.
Читать дальше