Крысп згадзіўся на гэта, і пастанавілі выслаць Урсуса. Вініць добра ведаў ужо Хілона й ягоную зыгзакаватасць, дык дакладна расталкаваў лігу, як да яго дабрацца й злавіць, і, напісаўшы некалькі слоў на таблічцы, звярнуўся да Крыспа: — Даю таблічкі, Хілон бо чалавек аглядны й хітры, які часта, мною пакліканы, загадваў адказваць маім людзям, што няма яго дома, рабіў гэта злашча тагды, калі не меў для мяне добрых навін і баяўся майго гневу.
— Абы яго толькі я знайшоў, дык прывяду, ці хацеціме, ці не, — запэўніваў Урсус.
Пасля чаго, узяўшы накідку, борзда выйшаў. Знайсці яго ў Рыме не было лёгка, нат пры найлепшым адрасе, але Урсусу ў такіх выпадках дапамагаў інстынкт ляснога чалавека ды адначасна добрая абазнанасць з горадам, так што незабаўна знайшоўся ў памяшканні Хілона.
Не пазнаў яго, аднак. Упярод бачыў яго толькі раз у жыцці, дый тое ўначы. Той пастаўны й самаўпэўнены старац, які набухторваў яго забіць Глаўка, так быў непадобны да гэтага згорбленага ў абцас са страху грэка, што нельга было падумаць, каб гэта яны былі адной асобай. Хілон таксама, скеміўшы, што Урсус глядзіць на яго, як баран на новыя вароты, ахрабрэў. Не пагражала яму, знача, падазрэнне, што ўвёў яго наўмысна ў бяду. Прытым здагадаўся, што хрысціяне не забілі Вініція, мабыць, дзеля таго, што не асмеліліся падняць рукі на паважаную асобу.
— Гэта знача й мяне Вініць заслоніць у патрэбе, — падумаў, — бо ж не выклікае мяне на тое, каб забіць.
Дык, каўтнуўшы крыху духу, спытаў: — Мілы чалавеча, ці не прыслаў часам мой прыяцель Вініць па мяне лектыку?.. Ногі бо вось мае папухлі, не магу далёка йсці.
— Не, — адказаў Урсус, — пойдзем пехатою.
— А як не пайду?
— Не рабі гэтага, бо мусіш ісці.
— І пайду, але з уласнае ахвоты. Ніхто мяне не прымусіць, бо я чалавек вольны й прыяцель прэфекта. Як мудрэц, маю раду й на гвалт — бо ўмею ператвараць людзей у дрэвы й звяроў. Але пайду, пайду! Апрану толькі накідку крыху цяплейшую й каптур, каб не пазналі мяне, бач, нявольнікі таго кварталу, інакш бо затрымоўвалі б нас бесперастанку, каб цалаваць мне ў руку.
Сказаўшы гэта, уздзеў іншую хламіду, на голаў напусціў вялікі каптур, каб Урсус не прыпомніў, бач, сабе ягонага выгляду, як выйдуць на святло.
— Куды ж мяне вядзеш?.. — спытаў у дарозе Урсуса.
— На Затыбра.
— Я нядаўна ў Рыме й ніколі там не быў, але й там, думаю, жывуць дастойныя людзі.
Але наіўны Урсус, які нядаўна чуў ад Вініція, што грэк быў з ім на магільніку ў Острыянуме, дый бачыў, як уваходзіў з Кратонам у дом Лігіі, затрымаўся на момант і кажа: — Не махлюй, стары чалавеча, ты ж сяння быў з Вініціем у Острыянуме ды пад нашаю брамай.
— Ах! — спахапіўся Хілон. — Дык гэта ваш дом стаіць на Затыбры? Я нядаўна, бач, у Рыме, дык і не ведаю добра, як завуцца розныя кварталы.
Так, мілы дружа! Быў я пад вашаю брамаю і заклінаў у імя гонару Вініція, каб не ўваходзіў. Быў і ў Острыянуме, а ведаеш чаго? Жадаю навярнуць Вініція, дык хацеў, каб ён паслухаў найстарэйшага Апостала. Асвець Божа ягоную й тваю душу! Ты ж, здэцца, хрысціянін і хіба ж прагнеш, каб праўда запанавала над зямлёю?
— Так, — адказаў пакорна Урсус.
Хілон з’адважнеў.
— Вініць вяльможны пан, — талкуе, — ды прыяцель цэзара. Часта ён яшчэ настаўляе вушы на падшэпты злога духа, але хай толькі ўпадзе волас з ягонай галавы, цэзар помсту згоніць на ўсіх хрысціянах.
— Нас сцеражэ большая моц.
— Праўда! Праўда! Але што ж маніцеся рабіць з Вініціем? — спытаў з новаю трывогаю Хілон.
— Не ведаю. Хрыстус наказвае міласэрнасць.
— Во, добра сказаў. Памятай аб гэтым заўсёды, бо йнакш будзеш сквярціся ў пекле, як вантрабянка на патэльні.
Урсус бедны ўздыхнуў, а Хілон думае сабе: з гэным страшэнным чалавечынай можна заўсёды зрабіць штохаця.
Дык, хочучы даведацца, як адбывалася тое няўдалае адбіранне Лігіі, пытаў далей важным судзейскім голасам: — Што зрабілі з Кратонам? Кажы, не круці.
Урсус ізноў уздыхнуў.
— Вініць скажа.
— Гэта знача ўсунуў яму нажа або калом абязвечыў?
— Я быў з голымі рукамі.
Грэк, аднак, не мог устрымацца ад подзіву надлюдскае сілы барбара.
— Бадай цябе Плутон!.. Гэта значыць, хацеў сказаць: даруй табе Божа!
Ішлі моўчкі, пасля Хілон кажа: — Не я цябе здраджу, але сцеражыся вігілаў.
— Я баюся Хрыста, не вігілаў.
— І тое праўда. Няма цяжэйшае віны над забойства. Буду за цябе маліцца, але не ведаю, ці нат і мая малітва што дапаможа — хіба ж рабіў прысягу, што ніколі нікога ў жыцці не кранеш пальцам.
Читать дальше