— Хочаце пакінуць мяне? — спытаў Вініць.
— Хочам выйсці з гэтага дому, у якім можа дасягнуць нас рука прэфекта.
Твой спадручнік забіты, а ты, спадару, між сваімі ляжыш ранены. Не з нашае віны гэта сталася, але на каго ж, як не на нас, спадзе помста права… — Пераследу не бойцеся, — заручыў Вініць. — Я вас засланю.
Крысп не хацеў далей талкаваць, што не толькі пра паліцыю тут расходзіцца, але й Лігію хочуць забяспечыць ад яго.
— Спадару, — кажа, — правая рука твая здаровая, дык вазьмі ось таблічкі і стыль ды напішы слугам сваім, каб прыйшлі па цябе ўвечар з лектыкай ды аднеслі дадому, там табе будзе выгадней, як тут у нашай беднаце. Мы тут кватаруем у беднай удавы, яна зараз прыйдзе з сваім сынам, і тое хлапчанё аднясе твой ліст, бо ўсе мусімы шукаць іншага прытулішча.
Вініць збялеў, бо сцяміў, што хочуць яго разлучыць з Лігіяй, і як зноў страціць яе, дык ніколі ў жыцці можа не аглядаць… Уяўляў сабе, праўда, што паміж ім і ёю ляглі вялікія перапоны, таму, каб асягнуць яе, трэ шукаць нейкіх новых дарог, аб якіх не меў калі яшчэ думаць. Разумеў таксама, што словам ягоным, хоць бы прысягнуў аддаць Лігію назад Пампоніі Грэцыне, маюць права не верыць дый не павераць. Бо мог даўно ўжо зрабіць гэта; мог замест тропіць Лігію пайсці да Пампоніі і прысягнуць ёй, што выракаецца посцігу, хай сама, калі хоча, шукае дзяўчыны. Не, ніякія запэўніванні не здолеюць іх затрымаць, ніякая прысяга не будзе прынята, тым больш, што і прысягаць не было на каго, бо багоў паганскіх, у якіх ён і сам не верыў, уважалі яны за нячыстыя сілы.
Аднак моцна жадаў прыхіліць і Лігію і тых ейных апякуноў якім толькі ўдасца спосабам, але на гэта патрабаваў часу. Ну хоць бы дзянькоў пару яшчэ так соладка паглядзець на яе. Як тапельцу адламак дошкі ці хоць бы якая шчэпка выдаецца ратункам, так і яму выдавалася, што праз гэных пару дзён здалее мо што ёй вымавіць такое, што б яго да яе збліжыла, нешта можа абдумае, нешта памыснае здарыцца.
Дык, сабраўшы думкі, кажа: — Паслухайце мяне, хрысціяне. Учора быў я разам з вамі ў Острыянуме і слухаў вашу навуку, але хоць бы й не ведаў яе, учынкі вашыя пераканалі мяне, што вы людзі сумленныя й добрыя. Скажэце той удаве, што займае гэты дом, хай застаецца ў ім, вы заставайцеся таксама, і мне дазвольце застацца. Хай гэты чалавек, — тут кінуў вокам на Глаўка, — лекар, які знаецца на перавязках ран, скажа, ці можна мяне сяння пераносіць. Я ж хворы, маю зламаную руку, яе хоць праз пару дзён не можна варушыць; і таму кажу вам, нікуды не крануся згэтуль, хіба выцягнеце мяне сілком.
Тут зарвала яму, бо ў разбітых ягоных грудзях не хапіла духу, а Крысп сказаў: — Ніхто, спадару, над табою не рабіціме гвалту, мы толькі вынесем адгэтуль нашы галовы.
На гэта непрызвычаены да пярэчанняў юнак нахмурыў бровы і сказаў: — Дай мне зяхнуць.
Цераз момант пачаў гаварыць далей: — Пра Кратона, якога задушыў Урсус, ніхто не пытаціме: меўся ён ехаць сяння ў Бэнэвэнт, куды выклікаў яго Ватыній, дык усе думацімуць, што выехаў. Як уваходзілі мы з Кратонам у гэты дом, ніхто нас не бачыў, апрача аднаго грэка, які быў з намі ў Острыянуме. Скажу вам, дзе жыве, паклічаце яго — я загадаю яму маўчаць, бо гэта чалавек мною наняты. Да дому майго напішу пісульку, што я таксама выехаў у Бэнэвэнт. Калі б грэк данёс ужо прэфекту аб здарэнні, расталкую яму, што я сам забіў Кратона, і што менавіта ён зламаў мне руку. Так зраблю, бажуся айцом і маці роднаю! Дык можаце тутака заставацца, волас нікому з галавы не спадзе. Паклічце хутка грэка, які завецца Хілон Хіланід.
— Застанецца, спадару, пры табе Глаўк, — кажа станоўча Крысп, — і разам з удавой апякавацімуцца табою.
Вініць насупіў бровы яшчэ мацней.
— Слухай, стары чалавеча. Я табе ўдзячны, і выглядаеш на сумленнага й добрага чалавека; чаму не кажаш мне, што на дне душы тоіш? Ты баішся, каб я не паклікаў маіх нявольнікаў ды не забраў Лігіі? Ці ж не так?
— Так! — адказаў суровы Крысп.
— Дык уцям жа: з Хілонам гаварыціму пры вас і пры вас напішу вестку дадому аб маім выездзе, — і што іншых пасланцоў, як вы, пасля не меціму… Раздумай гэта й не дражні мяне больш.
Тут узбурыўся, зморшчыўся ад гневу і з гарачкай талкаваў далей: — Няўжо табе здавалася — я не прызнаюся, што хочу тут застацца, каб бачыць яе?.. Дурань бы адгадаў, хоць бы я не сазнаўся. Але сіламоц не буду яе болей здабываць… А табе скажу нешта іншае. Калі яна тут не застанецца, дык гэтаю вось здароваю рукою пазрываю бандажы, не вазьму ў рот ні вады, ні ежы, і хай смерць мая спадзе на цябе й на тваю браць. Нашто было мяне ратаваць? Чаму не затоўк мяне?
Читать дальше