І не ўмеў сабе ясна адказаць, у галаве стаялі вобразы магільніка, грамады і Лігіі, заслуханай усёю душою ў словы старца, расказваючага пра пакуту, смерць і згробуўстанне Бога-Чалавека, што адкупіў свет ды абяцаў яму шчасце на іншым баку Стыксу.
Падчас гэных думак у галаве ягонай рабіўся хаос. Але з гэтае блытаніны вырваў яго Хілон, які пачаў наракаць на сваю долю: ён бо згадзіўся знайсці Лігію, якую вось пад небяспекаю жыцця знайшоў ды паказаў. Дык чаго ж больш ад яго хочуць? Ці ж падручаўся ён яе забіраць? Дый хто мог бы нат вымагаць чагось падобнага ад бяспальцага калекі, ад старога чалавека, адданага навуцы, думцы і цноце? Што будзе, калі так дастойны вашэць, як Вініць, нарвецца на якую пракуду пры здабыванні красуні? Ну, яно праўда, што багі павінны мець вока над сваімі пупіламі, але ці ж не трапляюцца часамі такія рэчы, як бы багі ў жмуркі гулялі, забыўшыся, што на свеце робіцца? Фартуна мае завязаныя вочы, як ведама, дык не бачыць нат днём, не тое што ноччу! Хай жа адно што станецца, хай гэты лігійскі мядзведзь шпурне ў крывічэснага Вініція каменем ад жарон, бочкаю віна або горай — вады. Хто ж заручыць, што на Хілона-небараку не спадзе кара замест узнагароды? Ён, гаротны мудрэц, прыручыўся так да шляхотнага Вініція, як Арыстотэль да Аляксандра Македонскага, і каб жа прынамсь хоць чэсны Вініць аддаў яму той капшук, які на ягоных вачах заткнуў за папругу, выходзячы з дому, было б за што пры благой прыгодзе неяк прызваць ратунак або размякчыць сэрцы хрысціянам. Ох! Чаму ж не хочуць слухаць рады старога, падыктаванае досведам і растаропнасцю?
Вініць, пачуўшы гэта, дастаў капшук з-за папругі і кінуў яго ў лапы Хілону.
— Бяры, толькі замоўкні!
Грэк, абмацаўшы ягоную цяжкасць, набраў адвагі.
— Уся мая надзея на тое, — кажа, — што Геркулес або Тэзэй даконвалі яшчэ цяжэйшыя рэчы, а чым жа ёсць мой найбліжэйшы асабісты прыяцель Кратон, калі не Геркулесам? Цябе ўжо, дастойны спадару, не назаву паўбогам, бо ты сапраўды бог і надалей памятацімеш аб сваім верным слузе, патрэбы якога час ад часу трэба заспакойваць, бо сам ён як усадзіць нос у кнігі, свету божага не бачыць… Каб хоць некалькі стайкаў гародзік ды дамок хоць бы з малюсенькім ганачкам для халадку летам, годзен быў бы такога дарыцеля. Тым часам здалёк велічаціму вашыя геройскія справы, заклікаціму Ёвіша, каб вам спагадаў, а калі б што, нараблю такога крыку, што палова Рыму са сну схопіцца і прыбяжыць вам на ратунак. А бадай яе, што за дрэнная й няроўная дарога! Набяду й аліва выгарала ў маім светачы, каб Кратон, які не менш хіба ёсць чэсны, як дужы, схацеў мяне ўзяць на рукі й паднесці аж да брамы, перш-наперш даведаўся б, ці лёгка падыме красуню, падругое — узяў бы прыклад з Энэя, у канцы — падсябраваў бы сабе ўсіх спагаднейшых багоў, так што пра добры вынік вашае справы я б не клапаціўся.
— Хутчэй бы згадзіўся я несці здохлую ад скулачак прасмярдзелую авечку, — адгукнуўся волат, — але як аддасі мне той капшук, занясу аж да брамы.
— Каб ты сабе ногі паабіваў, — адсекся грэк, — так ты гэта скарыстаў з навукі таго чэсцігоднага старца, які нядаўна заляцаў убоства і літасць як дзве найважнейшыя цноты?.. Або ж табе ён не наказваў мілаваць мяне? Не зраблю з цябе, бачу, ніколі нат абы-якога хрысціяніна, лягчэй сонцу пранікнуць праз мур Мамэртынскай вязніцы, як праўдзе праз твой бегемотавы чэрап.
Кратон, чалавек з сілаю, але зусім без людскасці, адказаў: — Не бойся! Хрысціянінам не стануся! Не думаю траціць кавалка хлеба!
— Так, але каб меў ты хоць пачатковую навуку філязофіі, дык ведаў бы, што золата — гэта марнасць!
— Ну, хадзі сюды з сваёю філязофіяй, дам табе толькі адзін букіш у трыбух, і паглядзімо, хто выйграў.
— Тое самае мог сказаць і бык Арыстотэлю, — адрэзаў Хілон.
На свеце шарэла. Дзень паволі бяліў мураваныя сцены. Прыдарожныя дрэвы, будынкі й раскіданыя сям-там нагробкі пачалі выхіляцца з цемры.
Дарога паволі ажыўлялася. Гандляры варыва спяшаліся да брамаў, паганяючы аслоў і мулаў, нагружаных агароднінай. Сям-там рыпелі вазы з дзічыною. На дарозе й наабапал дарогі ляжала йшчэ лёгкая ймгла, прадвесніца пагоды. Людзі ў гэтай мгле выглядалі здалёк, моў здані. Вініць углядаўся ў танклявую постаць Лігіі — сівы золак штораз больш яе серабрыў.
— Спадару, — звярнуўся Хілон, — абразіў бы цябе, каб прадбачваў, што твая шчодрасць калі-небудзь меціме канец, ты ўжо мне заплаціў, дык не думай, што казаціму дзеля далейшае нажывы. Атжа, раю табе яшчэ раз, каб, намеціўшы, у якім доме жыве боская Лігія, вярнуўся дадому па нявольнікаў і лектыку, а не слухаў гэнага боўдзілы Кратона, які таму толькі падручаецца сам адзін выхапіць красуню, каб выціснуць тваю кабзу, бы клінок з тварагом.
Читать дальше