Такім чынам выйшлі з трыклініюма ў сумежную камору, а адтуль на галярэю, што вяла ў памешканне Актэ.
Лігія была так зняможанай, што аж лягла, бы мёртвая, на руках Урсуса.
Але калі ацвярозіла яе чыстае халоднае паветра, расплюшчыла вочы. На двары ўжо світала. Ідучы калюмнадай, незабаўна звярнуліся ў бочны портык, што выходзіў не на панадворак, але на палацавыя агароды, дзе верхавіны пініяў і цыпрысаў румяніліся ўжо ад ранняй зарніцы. У гэнай частцы гмаху было пуста, і адгалоссе музыкі ды банкетны гоман ледзь да іх даходзілі. Лігіі здавалася, што яе вырвалі з пекла й вынеслі на ясны божы свет. Было адорак штосьці па-за гэным агідным трыклініюмам. Было неба, зарніца, святло й цішыня. Дзяўчо нараз пачало плакаць і, тулячыся да волата, прасіцца: — Дамоў, Урсуска, дамоў, да Аўлаў!..
— Пойдзем! — пацяшаў Урсус.
А тым часам зайшлі ў малы атрыюм, што належаў да памешкання Актэ. Там Урсус пасадзіў Лігію на мармуровай лаўцы воддаль вадаліву. Актэ пачала яе супакойваць ды заахвочваць да супачынку, запэўніваючы, што тым часам нічога не пагражае, бо п’яныя бяседнікі пасля банкету спацімуць да вечара. Але Лігія доўга шчэ не магла супакоіцца і, утуліўшы ў далоні твар, ягліла па-дзіцячаму: — Дадому, да Аўлаў!..
Урсус быў гатовы. Ля брамаў, праўда, стаіць стража, але ён пройдзе.
Стражнікі не затрымоўваюць выходзячых. Перад люкам рояцца лектыкі.
Людзі пачнуць выходзіць кучамі. Ніхто іх не затрымае. Выйдуць разам з натоўпам і пойдуць проста дадому. Дый што яму! Як князёўна хоча, так павінна быць. А на што ж ён тут.
А Лігія не ўціхала: — Так, Урсуска, выйдзем.
Але Актэ думала за іх абаіх. Выйдуць! Так! Ніхто іх не затрымае. Але з дому цэзара ўцякаць не можна. Хто на гэта адважыцца, абражае маестат ягоны.
Выйдуць, але вечарам цэнтурыён з ваяцкім аддзелам прынясе прысуд смерці Аўлюсу, Пампоніі Грэцыне, а Лігію забярэ назад у палац, і тады ўжо няма ёй ратунку. Калі Аўлы прымуць яе ў свой дом, смерць для іх немінучая.
Лігія й рукі апусціла. Няма рады. Перад ёю была згуба Плаўтаў або ейная. Ідучы на банкет, мела надзею, што Вініць і Пятроні выпрасяць яе ў цэзара ды аддадуць Пампоніі, а цяпер ужо ведала, што гэта яны набухторылі цэзара, каб забраў яе ад Аўлаў. Няма рады. Цуд хіба мог бы вырваць яе з гэтай процьмы. Цуд і Божая моц.
— Актэ, — адазвалася роспачна, — ці чула ты, што казаў Вініць: яму цэзар мяне падарыў, і сяння ўвечары прышле нявольнікаў ды забярэ мяне ў свой дом?
— Чула, — пацвердзіла Актэ.
І, развёўшы рукамі, замоўкла. Роспач Лігіі не ўзварушыла яе. Яна ж бо сама была каханкаю Нэрона. Сэрца ейнае, хоць добрае, не ўмела глыбока адчуць агіды такіх адносінаў. Як былая нявольніца, занадта зжылася з правам няволі, дый, акрамя таго, кахала й дагэтуль Нэрона. І калі б схацеў вярнуцца да яе, працягнула б да яго рукі, як да шчасця. Разумеючы цяпер ясна, што Лігія або мусіць стаць каханкаю маладога прыстойнага Вініція, або выставіць сябе й Аўлаў на згубу, проста не цяміла, як дзяўчына магла хістацца.
— У доме цэзара, — адазвалася па хвіліне, — не было б табе беспячней, чым у доме Вініція.
І ўдум ёй не прыйшло, што, хоць гаварыла праўду, словы ейныя азначалі: «Згадзіся з доляй і станься палюбоўніцай Вініція». Але Лігію, на вуснах якое шчэ не застылі ягоныя похатныя, моў жар палючыя цалункі, на самы ўспамін залівала ад сораму кроў.
— Ніколі! — адазвалася бурліва. — Не застануся ні тут, ні ў Вініція, ніколі!
Актэ здзівіла гэтае ўзбурэнне: — Няўжо, — спытала, — Вініць табе такі нялюбы?
Лігія не магла адказаць, зноў пачала плакаць. Актэ прытуліла яе да грудзей ды пачала ўцяшаць. Урсус цяжка соп і заціскаў кулакі: ён моцна любіў сваю князёўну і не мог спакойна глядзець на ейныя слёзы. У ягоным лігійскім паўдзікім сэрцы ўздымалася ахвота вярнуцца ў залю, задавіць Вініція, а калі трэба, дык і цэзара; баяўся, аднак, свае спадарыні, не будучы пэўным, ці гэткі ўчынак, які адразу паказаўся яму простым, быў бы адпаведным для вызнаўцы Баранка ўкрыжаванага.
Актэ, утуліўшы Лігію, пачала зноў пытаць: — Няўжо ён табе такі ненавісны?
— Не, — апраўдвалася Лігія, — нельга мне яго ненавідзець, я хрысціянка.
— Ведаю, Лігійка. Ведаю таксама з лістоў Паўла з Тарсу, што вам няможна ані зганьбіцца, ані баяцца больш смерці, чым граху, але скажы мне, ці твая навука дазваляе выклікаць смерць?
— Не.
— Дык як жа можаш сцягаць помсту цэзара на дом Аўлюсаў?
Маўчанне. Бяздонная процьма адкрылася зноў перад Лігіяй. А маладая вызвольніца талкавала далей: — Пытаюся, бо мне шкада цябе і шкада добрае Пампоніі, Аўла ды іхняга дзіцяці. Я не ад сяння жыву ў гэтым доме й ведаю, чым пахне цэзаравы гнеў. Не! Вы не можаце ўцякаць адгэтуль. Перад табою адна дарога: прасіць Вініція, каб цябе аддаў назад Пампоніі.
Читать дальше