Незабаўна з’яўляецца й Папея. Валадала яна дагэтуль Нэронам, бы падданым, ведала, аднак, што ў справах ягонага «мастацкага самалюбства» жартаваць з ім нельга. Дык з’явілася прыгожая, моў боства ўбраная, падобна як Нэрон, у аметыставыя ўборы, у пацеркі з буйных перлаў, заграбленых калісь у Масынісы, залатавалосая, салодкая і, паміма трэцяга ўжо замужжа, з дзявочым абліччам.
Вітаюць яе воклічамі, называючы «боскай аўгустай». Лігія ніколі яшчэ не бачыла такое красы, яна не хацела верыць сваім вачам, ведама бо было, што Папея Сабіна ёсць адной з нягоднейшых жанчын на свеце. Ведала ад Пампоніі, што яна давяла цэзара да маткабойства ды жонкабойства, знала яе з расказаў Аўлавых гасцей і службы; чула, што гэта ейныя статуі ноччу ў горадзе разбівалі; чула аб напісах, якія, паміма найстрашнейшых караў, з’яўляліся ўсцяж пасля ночы на сценах. І вось цяперака, калі глядзела на гэну аслаўленую Папею, уважаную праз хрысціян за ачалавечанне зла й праступку, выдавалася ёй, што так толькі выглядаць можа анёл ці які нябесны дух. Проста не магла адарваць ад яе вачэй, а з вуснаў мімаволі вырвалася пытанне: — Ах, Марку, ці гэта можа быць?..
А ён, падагрэты віном і крыху як бы незадаволены з ейнае на яго няўвагі, гаварыў: — Так, яна прыгожая, але ты ў сто разоў прыгажэйшая. Каб ты толькі ведала, то б закахалася сама ў сябе, моў Нарцыс… Яна купаецца ў малацэ асліц, а цябе не йначай Венус выкупала ў сваім. Ты нясведамая, оcelle mi!.. [23] Радасць мая! (лац.).
1Не глядзі на яе. Абярні вочы да мяне, оcelle mi!.. Дакраніся вуснамі гэнай кружы віна, а пасля я прытулю свае да гэтага самага мейсца… І прысоўваўся штораз бліжэй, а яна пачала адсоўвацца да Актэ. Але ў тым моманце запанавала цішыня. Цэзар устаў. Мастак Дыядор аддаў яму лютню, званую «дэльта», другі — Тэрпнас — які меўся яму акампаніяваць, збліжыўся з інструментам, званым «набліюм». Нэрон, абапёршы дэльту аб стол, падняў вочы ўгару, і за хвіліну залягла ў трыклініюме абсалютная цішыня, парушаная толькі ціхусенькім шорахам спадаючых згары ружаў.
І пачаў пяяць, а вярней — спешна й рытмічна дэклямаваць свой гімн у гонар Венус пры водгаласе дзвёх лютняў. Ані голас, хоць крыху мутны, ані верш не быў благі, дык бедную Лігію пачало зноў турбаваць сумленне, гімн бо, паміма велічання нячыстае паганскае Венеры, выдаваўся аж надта прыгожым; дый сам цэзар з сваім лаўровым вянком на галаве і ўзнесенымі вачыма выглядаў менш страшным і агідным, а дастайнейшым, чым на пачатку банкету.
Бяседнікі адазваліся громам воплескаў. Водгукі «О нябесны голасе!» разлягаліся навакол. Некаторыя з жанчын застывалі ў позе з паднятымі рукамі на знак захаплення нат пасля спеву, іншыя выціралі слёзы. Ва ўсёй залі загуло, бы ў вуллі. Папея, накланіўшы сваю залатавалосую галоўку, прытуліла да вуснаў руку Нэрона і трымала яе доўга маўкліва. А малады грэк Піфагор, цуднае красы юнак, з якім пазней паўпрытомны ўжо Нэрон загадаў фламінам даць сабе вянец, цэрыманіяльна ўпаў перад ім на калені. Але Нэрон непарушна глядзеў на Пятронія, пахвала якога перадусім была жаданай, дык той азваўся: — Арфей жаўцее з зайздрасці горш, чым прысутны тут музыка Люкан, а што да верша, дык шкада, што не горшыя, бо можа б льго было тады знайсці на іх пахвалу прыдатнейшыя словы.
Люкан ані думаў за гэта гневацца, наадварот, кінуў вокам на Пятронія з удзячнасцю і, нібыта нахмурыўшыся, пачаў мармытаць: — Праклятая доля судзіла мне жыць адначасна з такім паэтам, астаўся б чалавек у людзей у памяці ды на Парнасе, а так знікне, бы тая газоўка пры сонцы.
Пятроні, аднак, які меў годную подзіву памяць, пачаў паўтараць уступы з гімну, цытаваць асобныя вершы, адзначаць ды разбіраць удалейшыя сказы. Люкан, быццам забыўшыся аб зайздрасці з прычыны чару паэзіі, патураў ягоным словам ды захапленням. Воблік Нэрона заяснеў адчуццём пустое ды глупае раскошы. Сам падсуляў ім вершы быццам прыгажэйшыя, а ўрэшце паддаваў пацехі й адвагі быццам сумнаму Люкану, бо хоць чалавек тым астаецца, кім уродзіцца, то аднакава ж чэсць, аддаваная праз людзей Ёвішу, не выключае чэсці й іншым багом.
Потым устаў, каб адвесці Папею, якая сапраўды недамагала й хацела адыйсці. Бяседнікам усё ж дазволіў садзіцца, пацяшаючы, што неўзабавак вернецца. І праўда, цераз момант вярнуўся, каб у адураючым кадзідламі дыме любавацца далейшымі відовішчамі, якія ён сам, Пятроні або Тыгэлін прыгатавалі на банкет.
Зноў чыталі вершы, слухалі дыялогаў, у якіх пустая чаўпня заступала разумны гумар. Пасля слаўны мімік Парыс прадстаўляў прыгоды Іёны, Інахавай дачкі. Гасцям, асабліва Лігіі, не прывыкшым да гэных відовішчаў, здавалася ўсё цудамі ды чарамі. Парыс рухам цела й рук вытвараў такія рэчы, якія, казаў бы, у танцу выказаць было немагчыма. Далоні ягоныя замуцілі паветра, наганяючы быццам святлістую хмару, жывую, поўную дрыготаў, любошчаў, ахапляючую, млеючы, дзявочы стан уздрыганы спазмамі раскошы. Гэна быў жывы абраз, не танец, абраз ясны, адсланяючы тайніцы кахання, чароўны бессаромны абраз. А калі на канцы яго ўвайшлі карыбанты й пачалі пад музыку цытраў, флейтаў, цымбалаў ды бубянцоў з сірыйскімі малодухнамі бахічны танец, поўны дзікага вераску й дзічэйшае шчэ распусты — Лігіі здалося, што паліць яе жывы агонь, што пярун зара ўдарыць у гэны дом, або скляпенне заваліцца на галовы банкетнікаў… Але з залатога неваду, распятага пад скляпеннем, падалі толькі ружы, а паўп’яны Вініць шаптаў ёй: — Спаткаў я цябе ў Аўлаў пры вадаліве й пакахаў. Світала раніцаю, і ты думала: ніхто не бачыць. Я, аднак, цябе бачыў… І бачу цябе такою дасяння, хоць закрывае мне цябе гэты пеплюм. Скінь пеплюм, як Крыспініла. Бачыш! Багі й людзі шукаюць кахання. Няма апроч яго на свеце нічога! Прытулі галоўку мне да грудзей ды заплюшч вочанькі.
Читать дальше