Але й на яго пачала ейная блізкасць дзеяць. Твар збялеў, ноздры хадзілі, бы ў каня арабскага. Відаць, і ягонае сэрца скакала пад шкаратнаю тунікай, бо зяхаў прыспешна, а сказы заміралі яму ў вуснах. І ён таксама першы раз быў так пры ёй. Думкі яму памутнелі, у жылах адчуваў полымя, якое надарэмна натужваўся гасіць віном. Не віно, але ейны цудны твар, яе нагія ручанькі ды дзявочыя грудкі, хвалюючыя пад тунікай, і ейная постаць, атуленая белымі хвандамі пеплюма, упаялі яго штораз больш. Урэшце не ўсцерпеў, абняў яе руку вышэй костачкі, як было ўжо раз у Аўлаў, і, цягнучы яе да сябе, пачаў шаптаць дрыжачымі губамі: — Я цябе люблю, Каліна… боская мая!..
— Марк, пусці, — бароніцца Лігія.
А ён з вачыма памутнелымі далей: — Багіня мая!.. Пакахай мяне!..
Нараз адзываецца голас Актэ з другога боку Лігіі: — Цэзар паглядае на вас.
Вініція парвала наглая злосць і на цэзара, і на Актэ. Словы бо ейныя знішчылі чар упаення. Юнаку нат і спагадны голас выдаваўся дакукаю, думаў бо, што Актэ манілася знарок перарваць ім гутарку. Дык, падняўшыся ды акінуўшы вокам экснявольніцу з-за плячэй Лігіі, цыкнуў: — Кажуць, што слепнеш, дык як жа можаш яго дагледзець?
А тая бы з сумам адказвае: — Аднак жа яго бачу… Ён таксама блізарукі й абсэрвуе вас праз шкло.
Усё, што рабіў Нэрон, будзіла чуйнасць нат і найбліжэйшых ягоных, і Вініць устрывожыўся й асеў — ды пачаў нязначна кідаць вокам у бок цэзара.
Лігія, якая напачатку банкету бачыла яго, ад нясмеласці, бы праз ймглу, а пасля, захопленая Вініціем, не глядзела на цэзара зусім — цяпер таксама звярнула да яго цікаўныя й адначасна трывожныя вочы.
Актэ праўду казала. Цэзар, нахіліўшыся над сталом ды прыжмурыўшы адно вока, узброенае круглым шмарагдам, глядзеў на іх. На хвіліну зрок ягоны спаткаўся з вачыма Лігіі, і сэрца дзяўчыны сціснуў жах. Калі за дзіцячых гадоў бывала ў сіцылійскай вёсцы Аўла, старая няня, егіпская нявольніца, расказвала ёй аб смоках з горскіх нетраў, вось жа цяперака здалося ёй: глядзяць на яе зекра такога смока. Хапіла за руку Вініція, бы спалоханае дзіцянё, а ў галаву пачалі налазіць раптоўна спагудныя з’явы. Дык гэта ён? Той страшны ды ўсёмагутны? Не бачыла яго ніколі, інакш сабе яго ўяўляла. Імагінавала сабе нейкае людаедскае аблічча з закамянелаю злосцю; тым часам тут угледзела вялізную, асаджаную на грубезным карку галаву, страшную, праўда, але больш смешную, чым жахлівую, падобную бо здалёк да галавы дзіцячае. Туніка колеру аметыставага, забароненага звычайным смяротнікам, кідала сіняваты водблеск на ягоны шырокі кароткі твар. Валасы меў цёмныя, модна ўложаныя на манер Атона ў чатыры рады пукляў. Барады не насіў, нядаўна бо ахвяраваў яе Ёвішу, за гэта ўвесь Рым складаў яму падзяку, хоць паціху шаптаў сабе, што ахвяраваў яе з прычыны рудога колеру, якім абрастаў увесь ягоны род. На чале ягоным, моцна выступаючым над бровамі, было, аднак, штось алімпійскае. У насупленых бровах знаць было сведамасць вялікамагутнасці; але пад гэным чалом паўбога мясціўся твар малпы, п’яніцы й камедыянта, твар пустагона, поўны ўсялякае жады, наліты, міма маладога веку, салам, твар хваравіты й плюгавы. Лігіі выдаваўся ён агідным, зладумным.
Пасля палажыў шмарагд і перастаў глядзець на яе. Тады ўгледзела ягоныя пукатыя вочы, прыжмураныя ад лішняга святла, шклястыя, бязмысныя, падобныя да вачэй мерцвякоў.
Абярнуўшыся да Пятронія, спытаў: — Ці гэта тая закладніца, у якую закахаўся Вініць?
— Тая, — адказаў Пятроні.
— Як завецца ейны народ?
— Лігі.
— Вініць уважае яе за красуню?
— Убяры ў жаночы пеплюм спарахнелы пень аліўны, дык Вініць назаве яго прыгожым. Але на тваім твары, о знаўца незраўнаны, прысуд на яе ўжо чытаю. Не патрабуеш яго й аглашаць. Так ёсць. Засухая! Хударлявая! Іставетная макаўка на тоненькім сцібурыку; а ты ж, боскі эстэта, цэніш у жанчыне сам сцібур, і твая праўда — у тры, у чатыры столкі праўда! Самы тварок яшчэ нічога не значыць. Я многа пераняў ад цябе, аднак так меткага вока яшчэ не маю… І гатоў пайсці ў заклад з Туліем Сэнэцыем на ягоную каханку, што хоць цяжка пры банкеце, калі ўсе ляжаць, мераць стан вокам, ты ўжо сабе адмераў: «Завузкая ў паясніцы».
— Завузкая ў клубох, — пацвердзіў з прыжмураным вокам Нэрон.
Па губах Пятронія прабег ледзь прыкметны смяшок, а Тулій Сэнэцый, які заняты быў дасюль чаўпнёю з Вестам, расказваючым пра свае сны, зварочваецца да Пятронія і, хоць не ведаў, у чым рэч, кажа: — Махлюеш! Я веру цэзару.
— Добра, — адказаў Пятроні. — Я цвярдзіў іменна, што ты маеш крошку розуму, а цэзар цвердзіць, што ты асёл без дамешку… — Habet! [22] Атрымаў (балазе) (лац.)
— кажа Нэрон, смяючыся й звяртаючы ўніз вялікі палец рукі, як гэта робіцца ў цырках на пагібель гладыятару, які атрымаў удар ды меў быць дабіты.
Читать дальше