Вініць схамянуўся: — Хто ты?
Прытулілася да яго грудзьмі і налягае далей: — Хутчэй! Глядзі, нікога няма, а я цябе люблю! Хадзі!
— Хто ж ты? — паўтараў Вініць.
— Згадай!..
Гэта кажучы, прыціснула праз заслону вусны да ягоных вуснаў, цягнучы адначасна да сябе ягоную галаву, аж урэшце з недахопу паветра адарвала вусны ад яго.
— Ноч кахання!.. Ноч забыцця!.. — гаварыла, ловячы паветра. — Сяння — можна!.. Бяры мяне!..
Вініція той цалунак апёк і напоўніў яго новай абрыдай. Душа і сэрца ягоныя былі не тут, нічога на цалюсенькім свеце для яго не існавала, апрача Лігіі. Дык, адсунуўшы рукою замаскаваную постаць, кажа: — Хто б ты ні была, я кахаю іншую, не хачу цябе.
А яна нахіліла да яго голаў: — Адхілі заслону… Нараз зашапацела лісце недалёкіх міртаў; постаць знікла, як сонная мара, здалёк толькі дакацілася рэха смеху дзіўнага, злавеснага. Перад Вініціем стаяў Пятроні.
— Чуў, чуў і бачыў, — адазваўся.
На гэта Вініць: — Хадзем адгэтуль!..
І пайшлі. Мінулі зіяючыя святлом люпанарыі, гай, ланцуг конных прэторыянаў і знайшлі лектыкі.
— Зайду да цябе, — кажа Пятроні.
Селі разам у лектыку. Усю дарогу маўчалі. Аж толькі ў атрыюме Вініціевага дому Пятроні адазваўся: — Ці ведаеш, хто гэта быў?
— Рубрыя? — спытаў, сцяпянуўшыся на ўспамін, што Рубрыя была вясталкай.
— Не.
— Дык хто?
Пятроні зніжыў голас: — Агонь Весты зняслаўлены, бо Рубрыя была з цэзарам. А з табою гаварыла… Тут дакончыў яшчэ ніжэй: — Дзіва аўгуста.
Настала маўчанне.
— Цэзар, — кажа далей Пятроні, — не ўмеў перад ёю ўтоіць сваёй жады да Рубрыі, дык няйначай хацела адпомсціцца, а я перашкодзіў вам таму, што калі б, пазнаўшы аўгусту, адвярнуўся ад яе, дык згінуў бы без ратунку. Ты, Лігія, а можа, і я.
Вініць ускіпеў: — Агорклі мне вашы банкеты, Рым, цэзар, Тыгэлін, аўгусты ды вы ўсе! Я душуся! Не магу тут жыць! Не магу! Разумееш мяне?
— Траціш голаў, меру, толк!.. Вініць!
— Кахаю яе адну ў свеце!
— Ну дык што?
— Дык не хачу іншага кахання, не хачу вашага жыцця, вашых баляў, вашае бессаромнасці й вашых злачынстваў!..
— Што з табою? Ці не хрысціянін ты?
А юнак ашлапіў даланямі голаў і паўтараў, як бы з роспачы: — Яшчэ не! Яшчэ не!
Пятроні ішоў дадому, паціскаючы плячыма і моцна незадаволены.
Сцяміў цяпер і ён, што перасталі з Вініціем разумецца, што душы іхнія разыйшліся зусім. Калісь Пятроні меў на маладога ваяка вялікі ўплыў. Ува ўсім быў для яго ідэалам, і часта некалькіх іранічных слоў ягоных даволі было, каб ад чаго-небудзь Вініція паўстрымаць або да чаго заахвоціць.
Сяння з таго не засталося й заваду так далёка, што Пятроні не спрабаваў нат даўніх спосабаў, чуючы, што ягоная дасціпнасць ды іронія саслізнуцца без выніку з новых наслаенняў, якія на душу Вініція налажыла каханне й сутычнасць з таёмным хрысціянскім светам. Дазнаны скептык зразумеў, што згубіў ключ да гэнай душы. Вось гэта выклікала ў ім незадавальненне, а нат і трывогу, уздвоеную шчэ здарэннямі апошняе ночы. «Калі прымха аўгусты ёсць трывалай жадою, — разважаў Пятроні, — дык будзе адно з двух: або Вініць спакусіцца і можа, папаўшыся, згінуць, або (і гэта больш верагодна) упрэцца, і ў такім выпадку згуба ягоная немінучая, а з ягонай, можа быць, і мая, хоць бы й дзеля таго, што ён мой сваяк, ды што аўгуста, зненавідзеўшы ўсю нашу радню, перакіне вагу свайго ўплыву на бок Тыгэліна…» І так і гэтак было дрэнна. Пятроні быў чалавекам адважным і смерці не баяўся, але, нічога ад яе не спадзеючыся, не хацеў яе выклікаць. Пасля доўгай надумы вырашыў: найлепш і найбеспячней будзе выслаць Вініція з Рыму ў дарогу. Ах, каб мог даць яму Лігію ў дарогу на дадатак, даў бы з радасцю! Але й так спадзяваўся, што не надта цяжка будзе яго намовіць. Тады распусціў бы на Палатыне вестку пра хваробу Вініція і аддаліў бы ад яго небяспеку дый ад сябе. Аўгуста хіба ж не ведала, ці Вініць пазнаў яе; магла думаць, што не, дык самагоднасць не надта ўцярпела. Інакш, аднак, магло быць у будучыні, і трэба было б забяспечыцца. Пятроні перадусім маніўся справу адвярнуць, бо меркаваў, што калі цэзар раз ужо рушыць у Ахайю, тады Тыгэлін, прафан мастацтва, сыйдзе на другі план і страціць уплыў… У Грэцыі Пятроні не меў сабе канкурэнтаў.
Прымеж таго пастанавіў мець вока над Вініціем і заахвочваць яго ў дарогу. Праз колькінаццаць дзён разважаў нат аб тым, што, калі б выстараўся ў цэзара эдыкт і выгналі хрысціян з Рыму, дык Лігія пойдзе разам з іншымі вызнаннікамі Хрыста, а за ёю і Вініць. Тады ўжо непатрэбна будзе й намаўленне.
Читать дальше