Кроў хлынула Вініцію ў голаў. Спакуcа раз яшчэ ўздрыганула ягонай істотай. Так! Гэта быў спосаб, і гэтым разам спосаб пэўны. Хай раз урэшце здабудзе Лігію, хто ж яе ў яго здолее адняць? Хай раз урэшце Лігія станецца ягонай каханкай, нічога іншага ёй не застанецца, як быць ёю назаўсёды! Паляндра бяры тады ўсе навукі! Што яму тады значыцімуць хрысціяне разам з іхняй міласэрнасцю і пасумнаю верай! Ці ж не пара атрахнуцца ўжо ад гэтага ўсяго?
Ці ж не пара пачаць жыць, як усе жывуць? Што рабіціме Лігія, як узгодніць сваю долю з сваёю навукай, дык таксама няважна. Гэта ўсё дрэнь! Важней за ўсё тое, што яна будзе ягонай ды яшчэ сяння. А гэта йшчэ пытанне, ці ў ейнай душы астоіцца тая навука, як пакаштуе новага жыцця, новае раскошы й настрояў, якім мусіціме паддацца? А стацца гэта можа яшчэ сяння. Даволі затрымаць Хілона і выдаць на змярканні загады. І потым — раскоша бясконцая! «Бо чым было маё жыццё? — гадаў Вініць. — Ныдзеннем, няўгашанай жадою, безадказным пытаннем». Такім спосабам ператне гэта і — канец усяму. Прыгадаў сабе, праўда, што даў ёй слова не падымаць на яе рукі. Але на што ж прысягаў? Не на багоў, бо ў іх ужо не верыў, не на Хрыста, бо ў Яго яшчэ не верыў. А калі б пачувалася пакрыўджанай, звянчаецца з ёю і такім чынам аплаціць ёй крыўду. Так! Мусіціме гэта зрабіць, бо яна ж уратавала яму жыццё. Тут у памяці той дзень, калі з Кратонам зрабіў на яе напад; вачамі ўявы ўгледзеў над сабою гіганцкі кулак Урсуса ды ўсё, што было потым. Уявіў яе над сваёю пасцеллю, у нявольніцкай вопратцы, прыгожую, моў боства, песлівую, раздобраную. Вочы ягоныя мімахоць пабеглі ў лярарыюм, дзе той крыжык-памятка. Няўжо за ўсё гэта адплаціць ёй новым нахабствам? Няўжо цягаціме яе за косы ў кубікулюме, бы нявольніцу? Ён патрапіць гэта зрабіць, ён, што не толькі пажадае, але й кахае яе, а кахае за тое менавіта, што яна такая, а не інакшая? І нагла зразумеў, што мала яе мець дома ды моцна прытуляць, ягонае каханне хоча нечага болей, хоча ейнае згоды, ейнае душы, ейнага кахання. Шчаслівы гэны дах, калі яна ўвойдзе пад яго дабраахвотна, шчаслівы дзень той, шчаслівае жыццё! Тады шчасце абаіх будзе як мора безбярэжнае, як сонца. Узяць яе сіламоц — гэта значыла б навекі забіць такое шчасце, сплюгавіць, загідзіць тое, што найдаражэйшае ў жыцці, наймілейшае.
Жудзь праняла яго на ўспамін аб гэтым. Зірнуў на Хілона, які, вытрашчыўшы на яго вочы, чухаўся пад лахманом неспакойна. Парвала яго страшэнная абрыда й жада растаптаць нагою такога дарадчыка, як гада. Маланкай бліснула воміг у гарачай суровай рымскай галаве думка: — Не зраблю гэтага, што мне суліш, а каб не адыйшоў ты без адплаты, на якую заслужыў, загадаю зараз дамавым эргастулам даць табе трыста розаг.
Хілон збялеў. У прыгожым абліччы Вініція было столькі халоднае заўзятасці, што ані крошанькі нельга было сумнявацца ў сур’ёзнасці ягоных слоў. Дык у тым жа моманце ўпаў Хілон на калені і, сагнуўшыся ў клубок, пачаў енчыць: — Як гэта, перскі валадару? За што?.. Піраміда ласкі! Калосе міласэрнасці! За што?.. Мне, старому, галоднаму, бяздольнаму… Я ж служыў табе… Так адудзячваешся?..
— Як ты хрысціянам, — адказаў Вініць і заклікаў вызвольніка.
Хілон кінуўся да ягоных ног і, канвульсыйна абняўшы іх, маліў, смяротна бледны.
— Доміне, доміне!.. Я стары! Пяцьдзесят, не трыста… Даволі пяцьдзесят!.. Сто, не трыста!.. Злітуйся! Злітуйся!
Вініць адкапынуў яго нагою і выдаў загад. У адно імгненне ўбегла за вызвольнікам двух дужых квадаў, якія, схапіўшы Хілона за астанкі валосся, акруцілі яму голаў ягоным жа лахманом і патарабанілі ў эргастул.
— У імя Хрыста!.. — крычаў грэк у дзвярах.
Вініць застаўся сам. Выданы загад ажывіў яго й запаліў. Тым часам стараўся сканцэнтраваць і ўпарадкаваць думкі. Адчуваў польгу, перамога сябе самога задавальняла яго. Яму здавалася, што праз гэта зблізіўся да Лігіі, што павінна за гэта спаткаць яго заплата. У першым моманце не прыйшло яму ў голаў, як цяжка скрыўдзіў Хілона, што загадаў яго секчы за тое самае, за што калісь узнагароджваў. Да таго, быў яшчэ рымлянінам, не балеў яму чужы боль, не марочыў сабе галавы адным грэцкім абарванцам. А каб і быў згадаў пра гэта, дык і так думаў бы, што зрабіў добра, караючы круцяля. Але ён думаў пра Лігію і гаварыў ёй: не адплачу табе злом за дабро, а даведаўшыся калісь, як паступіў я з тым, хто падвучаў мяне рабіць табе гвалт, будзеш мне за гэта ўдзячна. Тут, аднак, задумаўся: ці Лігія пахваліла б ягоны ўчынак з Хілонам? Адыж навука ейная кажа дараваць, адыж хрысціяне даравалі яму, хоць мелі большую рацыю да помсты. Тады адазваўся ў ягонай душы крык: «У імя Хрыста!» Прыгадаў сабе, што падобным воклікам Хілон выкупіўся з рук ліга, і пастанавіў дараваць яму рэшту кары. З тым намерам хацеў заклікаць дыспэнсатара 1, а той сам паказаўся ў дзвярах і далажыў: — Той старац абамлеў, а можа, і памёр. Што з ім рабіць далей?
Читать дальше