І раптам пляваў:
Чорт ведае што... Разбойніцкая!.. Во паслухалі б людзі. Ды яшчэ каб раптам кісцень на руку: ведаеш, такі шар з шыпамі ды рамень вакол запясця. Ды ў людскую, ды ў тры пальцы – свісь! “А-дзі, каму шкура дарагая!” Або лепей да Фельдбаўха.
Пан Юры ўдаў разгублены нямецкі твар пана Людвіка. Потым на гэтым твары з’явілася недаверлівая ўсмешка:
Ша-лун-ка! Das ist mir nicht Wurst! Да пані-мутэрхен Антаніда я зараз прабяжалься! Разам гэтых разбойнік ганяць! Nüch?!
Алесь быў здаволены, што да пана Юрыя вярнуўся ранейшы настрой. Бог з ім, няхай нават паляванне – грэшны і сорамны занятак, няхай панервуецца пару дзён маці – усё адно добра, што яно ёсць, паляванне, бо праз яго стомленыя людзі пачынаюць любіць жыццё.
…Бацька з маці пасварыліся ў гэты год нязвыкла рана, задоўга да пачатку вясенняга палявання, і Алесь амаль узрадаваўся гэтаму: хутчэй пройдзе матчына туга, і ён, Алесь, на качак паедзе разам з бацькам, а дома будзе ўжо цішыня і мір. Не мог ён бачыць дакору ў вачах маці. І не мог, як і пан Юры, адмовіцца ад стрэльбы, вогнішча і ветру.
У сярэдзіне сакавіка здарылася непрыемная гісторыя ў Татарскай Грэблі.
Вёска ляжала ў той самай пушчы, куды дзеці калісьці хадзілі глядзець выйсце крыніц, на паўночны ўсход ад Паківачовага млына і таму трохі бліжэй да Вежы. Гэта была самая глухая з вёсак пана Юрыя: на поўнач, поўночны захад і захад ад яе пушча цягнулася на некалькі дзён дарогі.
Пушча спала яшчэ. Не было нават праталін. Вялікія гарады мурашынага народу драмалі пад снегам. Толькі крумкач, каб не плаціць мурашкам за прайграны калісьці заклад уласнымі дзецьмі [37] Па легендзе, крумкач і мурашкі аб нечым паспрачаліся і заклаліся на дзяцей. Крумкач прайграў і цяпер выводзіць дзяцей у мароз, каб не плаціць пройгрышу.
, спяшаўся паставіць крумкачанят на крыло, пакуль гарады ворага былі проста мёртвай ігліцай.
У гэтыя дні з’явіўся ў Татарскую Грэблю нежаданы госць: вялізны і схуднелы самец-мядзведзь.
Без пары ўстаўшы з мярла, зусім яшчэ нават не вылінялы, галодны, за адну ноч разваляў вуллі ў імшаніку мужыка Шпіркі Брыжуна і тыдзень не з’яўляўся, а потым, уначы, залез у стайню Нічыпара Шчэрбы, паваліў там кабылу з жарабяткам, адзіным набыткам сям’і, і напіўся цёплай конскай крыві.
Яго гнаў голад. Наступнай ночу ён з’явіўся на загуменнях вёскі, раскідаў аўчарню і задзёр яшчэ аднаго каня, а раніцай адабраў кошык з яйкамі ў Веркі Падапры-Комін. Баба несла кошык у Сухадол, на рынак.
Адзіны паляўнічы вёскі Шчупак Лабудовіч (у Грэблі акрамя хрышчоных імён былі і свае) зрабіў быў засаду, але мядзведзь нечакана зайшоў амаль яму ў спіну і раўнуў так, што Шчупак кінуў фузію і бег аж да вёскі. Мядзведзь разбіў стрэльбу ў трэскі і той жа ноччу зрабіў спробу ўдзерціся ў хлеў Шчупака, па ягонага каня. Нібы помсціў.
Тэрарызаваная вёска забіралася з захадам сонца ў хаты і сядзела так да раніцы. Мядзведзь ніколі не чапае людзей – да першай крыві, усё адно – мядзведжай або чалавечай. Мядзведзь не чапае і вялікай жывёлы. Гэтага прымусіла да разбою мёртвая пушча. І ў разбоі ён быў неўтаймаваны і разумны. Міжвольна ўспаміналіся словы падання, якое казала, што мядзведзі – гэта людзі, толькі што аброслыя. Ды больш разумныя, бо ўцяклі ў лес, каб іх не прымусілі працаваць.
Мужыкі скардзіліся. Пан Юры пачаў рыхтавацца. Матуля пакутліва моршчыла бровы.
Ну нашто?
Коней вáліць, любая. Людзей абяздольвае.
Спалохайце ды праганіце. Снег, а ў яго, адзінага са звяроў, голыя пяткі.
Нехта яму вінаваты, – пасмейваўся пан Юры. – Ты ведаеш, чаму мядзведзь устае? Ён улетку загуляецца з мядзведзіхамі даўжэй за астатніх ды не паспее тлушчу назапасіць… Мядзведзь – дон-жуан, як сказала адна дурная гарадская паненка.
Юрась! – кідала маці апошні козыр.
Ну што ты? Ну, пяткі голыя? То сам вінаваты… “Мядзведзі ў пушчы чарніцы збіралі, мядзведзі чарніцы на ток рассыпалі. Мядзведзі ўвесь дзень па чарніцах хадзілі, ляпёшкі з чарніцаў на пятках сушылі. Чатыры нагі аж пад сонца ўздымалі, усю зімку чарнічныя лапы смакталі… Сма-аш-ненька!..”
З Грэблі данеслі, што мядзведзь пасля кожнага разбою вяртаецца ў сваё мярло і робіць спробу заснуць зноў. Відаць, таму, што прачнуўся так рана. І засынае часам. На дзень ці на два.
…У дзень палявання Алесь вырашыў быў не ўставаць, каб лішне не псаваць настрою чужымі зборамі, але ў чатыры гадзіны, у цемры, пан Юры заспяваў, ідучы ў збройную, і толькі ля дзвярэй сына змоўк: успомніў, што той не едзе і гэты радасны спеў можа на цэлы дзень засмуціць сына.
Читать дальше