Калыханкі былі адны. Тыя, што мармытаў зараз ён:
Люлі, люлі, люлі,
Пойдзем да бабулі,
Дасць бабулька млечка
І ў руку яечка.
А як будзе мала,
Дасць кусочак сала.
Дзеці вырастуць, і тыя самыя песні прагучаць над калыскамі іхніх дзяцей.
У параўнанні з гэтым усё астатняе здавалася лухтой. А Гелена глядзела на Алеся з усмешкаю і гаварыла, што вось, вядома, з Раўбічамі ранейшая варожасць, але гэта нічога, прымірацца. Таму што Міхаліна пазбягае Іллю, і бацька Яраш нездаволены гэтым, і Хаданскія ледзь не кіпяць. А Франсу няма да гэтага аніякай справы, бо ён па-ранейшаму прыхавана кахае Ядвіньку Клейну, а тая ўсё нібы пераконвае сябе, што малодшы Раўбіч харошы, і трымаецца ад яго на адлегласці.
Гэта было не тое. І ён, помнячы яе “ніколі”, сказаў ёй пра гэта.
– Мы, здаецца, дамовіліся аб гэтым, Алесь? – ціха спытала яна. – І не трэба далей. Бо шчасце павінна быць і ў мяне, і ў вас.
...З Раўбічамі, сапраўды, было па-ранейшаму. Не віталіся нават у зборні. Калі на баль прыязджала адна сям’я, другой амаль ніколі не было. Пан Яраш рашуча забараніў дачцэ сустрэчы. Алесь бачыў Міхаліну вельмі рэдка, дый то з дапамогай Мсціслава.
Мсціслаў за год змяніўмя. Самастойнае жыццё наклала адбітак. Узмужнеў, вочы сталі суровыя і светлыя. Перавёў мужыкоў на аброк і падрыхтоўваў вызваленне. Патроху гаварыў з вернымі хлопцамі . А сам бавіў час амаль толькі за паляваннем. Гойсаў на кані з сабакам і стрэльбай па навакольных пушчах і паплавах, часта чамусьці заязджаючы ў Азярышча.
Нічога, здаецца, не змянілася ў загорскім наваколлі. Толькі змяніўся – і ў трывожны бок – пан Юры. Невядома, што здарылася, але хутчэй за ўсё – глыбокае нездавальненне жыццём і сабою. І яно так мяняла яго, што, каб гэта было са старым Вежам, людзі маглі б падумаць пра дрэннае.
Але бацьку споўнілася толькі сорак восем, і яшчэ два гады назад яму давалі дзесяткам менш. У ім заўсёды было шмат хлапечага. Бацька любіў жартаваць, быў здатны на самыя нечаканыя выбрыкі. Гэта ён, у маладыя гады, ледзь толькі зляцеў з магілёўскага губернатарства Міхаіл Мураўёў, прыехаў да яго наступніка, маладога Ягора Бажанава, у накладных вусах, барадзе і кучме валасоў – пад выглядам віцебскага архірэя і, не даўшы нікому падставы ўсумніцца ў сваёй прыналежнасці да царквы, спрачаўся па багаслоўскіх пытаннях. Потым яны з Бажанавым сталі сябрамі.
І гэта пан Юры зрабіў аднойчы так, што адзіны заяц, забіты на паляванні выдомым хвальком і хлусам Вірскім, трымаў у лапках запіску з надпісам: “За што?!”
У наваколлі Копыся вадзіліся надзвычай рэдкія чорныя зайцы. І гэта бацька ў змове з кушняром Вежы, славутым майстрам, запэўніў аднаго з Вітахмовічаў, Сымона, што бываюць і зайцы паласатыя, і ў доказ гэтага паказаў шкурку і сказаў, што за другі экземпляр не пашкадуе і тысячы рублёў. Сымон цэлы год днямі і начамі цягаўся па вапняковых пустках ля Рамінавічаў, спаў у халупах пастухоў або проста пад чыстым небам, піў казінае малако, і вядома ж, нічога не забіў. Затое вылечыўся ад сухотаў.
Цяпер на пана Юрыя балюча было глядзець.
У вачах часта з’яўлялася абыякавасць і пустата.
Ажываў ён толькі на паляванні. Але і там аднойчы, калі начавалі ля вогнішча, каб раніцай ісці “сцяжыць” ваўкоў, не вытрымаў. Слухаў-слухаў сына, а потым ціха сказаў:
Скончана, брат, жыццё. Не так пражылі. Яшчэ год дваццаць сумоты, а там і да пані Пясэцкай у ложак.
Бацька, ты што?
Непатрэбна ўсё гэта нікому. Ні гэтыя рэформы, калі ўся гэтая механіка патрабуе молата, ні мая гэтая мітусяніна. Ніч-чога!
...Настрой гэты пачаў мінацца ў пана Юрыя з першымі адзнакамі “вясны вады”, з прадчуваннем клічу паплавоў і балот, з першым жывым ўяўленнем таго, як хутка ўжо стане “капаць” і “скрогаць” у пушчы глушэц.
Нібы кожная сіняя кропля з ледзюка падбаўляла сіні ў бацькавы вочы. Затое цяпер, прадчуваючы страляніну, пачала загадзя пакутаваць маці.
Паўтаралася звыклая гісторыя кожнай вясны.
Бацька ўжо крадком рыхтаваўся. Лілі шрот, выбівалі прабойнікамі з лямцу клакі, выпрабоўвалі порах. Як ціскі для катавання, ляскаў у руках Карпа барклай.
Што, брат, зробіш? Страсць! Прашліхтуе нам з табою маці вантробы.
Як чорт, блішчаў сінімі вачыма:
Уцымбаліў дождж па вяршыначках,
Па ядлоўнічку, па бярэзнічку...
Шэрым конікам сухенька стаяць,
Нам, стралкам-малайцам, мокранька сядзець.
Шэры конікі пад світкамі ўграваюцца,
Мы ўкрываемся, стралочкі, босаю спіной...
Спяваў патаемна і так, што аж страшнавата рабілася.
Читать дальше