Алесь развёў рукамі.
Вежа схаваў рот у далонь.
Кінь спяваць, – усё яшчэ іранічна сказаў ён. – Ведаем мы, што гэта такое.
Адступіць ён не мог. Але і Халімон і Алесь разумелі, што гэтае бурчанне ёсць адступленне.
На-род, – сказаў Вежа. – Восенню ля разарыя заворваў зямлю дзед Тхор. Паварочваў рала, ды і ўваліўся з разоры проста ў ружы. Глебавічна на яго: “Што ж ты робіш, перачніца старая, гэта ж кветкі”. А ён: “Кветкі развялі. Кве-еткі! Г... гэта, а не кветкі”. Усю с... пакалоў!” Вось табе і твой народ. Вось табе і тэма для чарговага дыфірамба: “Ружы і Тхор”.
Ніхто не ведаў, што Вежа патаемна выпісваў усе тыя кнігі, якія чытаў унук у Пецярбургу. Маладых дражнілі фалангістамі – дзед чытаў Фур’е. Маладых дражнілі гегельянцамі – дзед чытаў Гегеля, хоць яго і нудзіла ад падступнай папоўшчыны. Шмат чаго ён па распанеласці не падбаў зразумець, але адно яму спадабалася. Немец адказвае на тое, што было натуральным перакананнем дзеда, нормай ягонай думкі ледзь не з таго часу, як Вежа сябе памятаў, а асабліва з дня смерці жонкі.
Прыродна здаровым, зямным сваім розумам пан Даніла быў цвёрда перакананы, што свет не стаіць на месцы, што ёсць у ім і стаячая вада і плынь. Першае гніе і робіцца балотам, другая – з крыніцы робіцца ручаінай, ракою, морам, аблокамі.
І ён ведаў, што свет ідзе наперад, пакутліва спасцігаючы нешта вялікае. Назіраючы за людзьмі, ён разумеў, што тое, да чаго яны ідуць, – лепшае.
Новае пакаленне аніяк не магло быць горшае за папярэдняе. Дзеці зберагалі вопыт бацькоў, аналізавалі іх памылкі, і трэба было быць самаўлюбёнай свіннёй, каб не заўважаць гэтага.
Два радкі паэта балюча ўдарылі па нервах Вежы поўным супадзеннем думак з ягонымі.
И наши внуки, в добрый час,
Из жизни вытеснят и нас.
Трэба было не ганарыцца. Трэба было проста растлумачыць ім, што не мінуць гэтай апошняй чашы і яны, што такі закон жыцця – “дыялектыка”. І трэба было зразумець, што адзіны спосаб не стаць непатрэбным – змяняцца да смерці і да смерці разумець новае, а калі не разумееш, няздольны зразумець – ставіцца да яго з любоўнай верай.
І ўсё ж дзеду было сумна. Нелітасцівы і жорсткі быў – у вышэйшай сваёй справядлівасці – закон жыцця.
Валіся дрэва на дрэва, – кінуў дзед вечную шкалярскую прыказку.
Кірдун сеў: спрачацца са старым панам не выпадала.
Запісваю на тваё імя чатыры валокі зямлі з усім, што да таго належыць. Адмаўляцца – не смей. Не твая справа. Прадаваць яе – забараняю: зямля – незалежнасць, карэнні. Атрымаеш з жонкай вольную. З такімі думкамі – у прыгоне не ходзяць.
Халімон паспрабаваў паваліцца ў ногі.
Вось яно. Думкі – думкамі, а з халопства не вырас. – Наліў чарку. – Паніча не кідаць... І як памру – не кідаць... Ён цябе шанаваць будзе.
Нашто ж крыўдзіць, пане. Я ж ля яго амаль дзесяць год. Я яго во гэтанькага памятаю.
Ну, кінь, кінь!
...Алесь нібы наноў знаёміўся з наваколлем, але асаблівых змен не адчуваў.
Гелена жыла ў новым доме, у Ведрычах, чакала, пакуль малыя Юрась і Тонька падрастуць, і лічыла за неабходнае ўдзельнічаць у кожнай п’есе, што ставіў тэатр у Вежы. Акруга хваліла яе і Вежу. Лічыла, што ён правільна зрабіў, аддаўшы ёй зямлю. Трэба было любой цаною ўтрымаць актрысу, якая рабілася гонарам Прыдняпроўя, калі ўжо яна была вольна. Чуткі аб ён пайшлі далёка. Зімой у Вежу прыйшоў ліст ад славутага Шчэпкіна: прасіў прыехаць на агледзіны, загадзя дамовіўшыся аб суме кантракту. Прыязджала таксама m-me Lagrange ад імя французскай трупы, што выступала ў Міхайлаўскім тэатры, тая самая Lagrange, што пазней здабыла лаўры аднолькава трагічнай і камічнай актрысы ў “Дурнях” і драме “Le fils de Giboyer” [36] “Сын Жыбуае”.
. Слухала і глядзела “Антыгону” і, па-французску, ролю ў “Федры”. Маўчала, нібы нават прыгнечаная, не знайшла хібаў у мове, акрамя лёгкага паўднёвага акцэнту (дзіцячае вымаўленне роднай вёскі лягло тонкай афарбоўкай на чужую мову), і скончыла тым, што запрасіла з сабою. Калі Гелена адмовілася, сказала, што разумее яе становішча, але як толькі, гм... прычыны стануць больш-менш самастойныя, яна можа смела ехаць: выпадак небывалы, але яе чакацьмуць.
Наваколле ўхваляла: малайчына, Вежа, нацягнуў нос французам!
Дзецям споўнілася па году, і дзеці былі чароўныя: усё аблічча матчына, а вочы – ягоныя, Алесевы вочы.
Найлепшым доказам таго, што яны ўсе адно – ад яго і да апошняга мужыка, было тое, што на гэтай зямлі не існавала іншых калыханак, акрамя мужычых. Хоць адны гулялі ў серсо, другія – у цыркі, а калыханкі былі аднолькавыя, і ён не ведаў іншых, хоць у дачыненні да панскіх дзяцей тое, што спявалі над іхняй зыбуляй, было, можа, і смешнае.
Читать дальше