Плыў ён надзвычай хутка. З-за астраўка вывернулася насустрач яму падобная да пірогі плавіца. Човен слізгаў, нібы па масле. І тут Марлора зразумеў: нападуць на чаўнах.
Да берага было сажняў пяцьсот. Але дамба — вось яна, рукой падаць. А ў лесе няма людзей. Іначай крычалі б, клекаталі спецыяльна абвучаныя крэчаты на плячах у некаторых воінаў. І ўсё ж дарэмна ён зрабіў, што паткнуўся сюды. Нічога, вось яна, дамба. Шкада толькі, што Бог уцёк. Нішто, нядоўга і яму… А ён, Марлора, за сваю абразу выпаліць усё на дзесяць дзён скачкі вакол.
— Назад! — крыкнуў ён. — На насып.
Арда павярнула. Пенілі ваду коні. На дамбе пагоншчык імкнуўся павараціць слана. Нехлямяжы волат трубіў і пераступаў нагамі. З дзесятак коннікаў ужо вылезла на насып.
І тут Марлора з жахам убачыў, як на дамбу, бы ў страшным сне, пачаў падаць лес, які рос на схілах. Падалі медныя хвоі, срэбныя таполі, чорныя вольхі, відаць, загадзя падпілаваныя, ламалі сушняк, самі ламаліся. У трэску ўзляталі высока ў паветра кавалкі дрэва, шумела галлё. Праз некалькі хвілін уся дамба была як суцэльны непраходны завал. Ашалелы слон цяжка бухнуўся ў ваду, затрубіў, правальваючыся на багністым дне.
І тады коннікі, абцякаючы дамбу, угрузаючы, пачалі рвацца да такога далёкага берага. Коні падалі — нехта наторкаў у дно вострых альховых старчакоў, дый без іх на купінах і карчах сам д'ябал зламаў бы нагу… Крыкі, лаянка, гігатанне.
Людзі падалі і хапалі вады, бо коні падміналі іх.
Борсаўся ў вадзе, топячы коннікаў, баявы слон.
А з-за астравоў выходзілі новыя і новыя чаўны-пірогі з лучнікамі. Ляскалі цяцівы аб скураныя пальчаткі, стрэлы ляцелі роем.
І гэтыя людзі плылі між тымі, што ўгразалі, і білі, білі, білі на выбар. Ім няма чым было адказаць. Падмоклая цеціва — не цеціва.
Хан з жахам бачыў, як адна за адной знікалі галовы. Ён разумеў: б'юць бязлітасна, не шкадуючы нават тых, што завязнулі, бо іх мала, вельмі мала. Адзіны выхад быў — вырвацца на бераг.
Ён быў ужо блізка. Значная частка арды паспяхова прарывалася да яго. Між імі і берагам ляжала не такая ўжо і шырокая паласа, густа зарослая сітнікам, жоўтай кубышкай, чаратамі і белымі гарлачыкамі.
Марлора крычаў, махаў шабляй. Яму ўдалося збіць арду ў адносны парадак. Заднія кідаліся на чаўны з дзідамі, жыццём плацячы, каб даць магчымасць астатнім вылезці на сухое.
Белыя гарлачыкі. Хан імкнуўся да іх, як да жыцця. Недзе там, за імі, была цвёрдая апора дзеля конскіх капытоў… Конь раптам асеў. Марлора вызваліў ногі і, кепска плаваючы, ухапіўся за хвост пярэдняга каня.
Намацаў нагамі грунт, стаў.
І тут з-пад гарлачыкаў, адкідаючы пустыя сцеблі сітніку, выраслі, усталі гурмы. Нібы сама вада нарадзіла іх. Іх было, як чарота на гэтай вадзе.
Паляцелі каменні з прашчаў. Прашча не лук, яна не баіцца вады. Град каменняў. Каменны дождж, бы ў каране. Воіны падалі, ашалелы слон цяпер, можа, звар'яцеўшы, хапаў сваіх жа, круціў у паветры і падкідаў высока ў неба.
Вада пенілася пад камянямі. Марлора ўбачыў, што частка коннікаў усё ж прарвалася, але ён ужо не верыў і таму не здзівіўся, калі пушча адказала дажджом стрэл.
А пасля ён убачыў, што над ім высіцца, стоячы ў чаўне, гэты Хрыстос, той, хто ўпершыню ў ягоным жыцці ўзняў руку на гонар яго аблічча. І яшчэ адчуў, што ногі заселі і ўгразаюць усё хутчэй.
— Шайтан! — утрапёна сказаў Марлора. — Сын ішака! Апаганшчык грабніц, мазараў, мячэцяў.
І са здзіўленнем пачуў, што ў голасе ворага сум і амаль шкадаванне.
— Дурань, — нявесела сказаў Хрыстос. — Ну хто з нас калі-небудзь апаганіў мячэць? Татары тут жывуць. Моляцца па-свойму. Добрыя, мірныя людзі. Сумленныя, чыстаплотныя. Хто іх хаця пальцам крануў? А ты іх як?… Яны нам — нічога. Вось ты нашто сюды прыйшоў? Нашто крычаў аб крыві, аб Богу, што прагне? Нашто Джанібека зарэзаў? Толькі каб давесці? Нас гэтым не давядзеш, не напалохаеш… Толькі… якое ж вы быдла… Што ў вас, што ў нас…
Марлора стараўся непрыкметна, пад вадой, выцягнуць з тула стралу (лук быў таксама пад вадой). Ён не падумаў, што зверху відаць.
— І тут страляць хочаш? Не навучылі цябе? Нават калі… Ну, страляй.
Жаласна звякнула падмоклая цеціва. Страла ўпала каля чоўна, рыбкаю ўвайшла ў ваду, усплыла і захісталася стоячы.
— Смерць несла, — сказаў Хрыстос. — Як ты. А цяпер? Вось усе вы так, моцныя, калі ўстае на вас зямля і вада. — І з нейкай прагаю зашаптаў: — Слухай, біць цябе брыдка. Слухай, скончым справу мірам… Дасі слова не прыходзіць — пушчу.
Хан плюнуў.
Читать дальше