Лёднік пільна вывучаў аркуш, на якім усяго і было пару радкоў без подпісу накрэмзана. Пранціш, як ні віраваў ад абурэння нізкім учынкам слугі, не мог утрымацца, каб не прачытаць таксама…
«Леў гатовы скочыць, але не можа забыцца пра ланцуг.
Калі адзінарог прывядзе грыфона да брамы і знойдзе з дапамогай Дзевы Вянец Палямона, ланцуг парвецца. Ружа будзе чакаць ля белага калодзежа».
Што за блёкат? Пранціш расчаравана адвярнуўся. Але алхімік расчараваным ці азадачаным не выглядаў.
— Вось жа кабета… Калі нават ліст дастанецца ворагам — ніякіх зачэпак. Ні адрасу, ні подпісу, адныя іншаказанні. Ды й вызваленне наша — яшчэ давесці трэба, што Багінскія да яго датычныя. Карэту сваю адправілі загадзя на Менск. Ватман пераапрануўся, хаця ён такі адметна здаровы, што западозрыць можна. Але, вядома, стане ўсё адмаўляць. Мала якія разбойнікі на людзей Юдыцкага напалі. А каму панна прасіла перадаць ліст? Князю Аляксандру Сапегу?
Пранціш разгублена памаўчаў. Як відаць, слузе загадкавы ліст быў куды больш зразумелы, чым ягонаму гаспадару. Але распытваць, што да чаго, паказаць сябе недасведчаным, было ганебна. Лёднік насмешна скасавурыўся на гаспадара, разумеючы ягоныя пакуты.
— Перш чым увязвацца ў палітыку, трэба хаця б сваю партыю свядома выбраць. Хаця ў нас, ліцвінаў, ды яшчэ праваслаўных, якая можа быць партыя, калі мы па звычаі апынуліся паміж патэльняй ды ражном? Ведаеш, якія жарсці бушавалі, калі польскі трон дзялілі? Аўгуст на яго сеў не толькі таму, што расейцы падтрымалі, ды партыя Чартарыйскіх, але й таму, што іншыя не маглі адзін аднаго перамагчы і вырашылі «Няхай ні вашым, ні нашым».
— Дый пан бацька мой яго не любіць, — заківаў Пранціш, жадаючы паказаць і сваю дасведчанасць. — Кажа: «Які ж гэта кароль, прабач мяне, Божа? Да таго, як вайна яго з Дрэздэну выкурыла, пару дзён у Польшчы й пабыў, мовы не ведаючы, з каханкамі разабрацца не можа, тут усё фаварыты вырашаюць». Кажа, ягоным пераемнікам Чартарыйскія маладога Панятоўскага хочуць зрабіць.
— Смаркача Панятоўскага не ведаю, — прабурчэў Лёднік. — Але бачыў, як старэйшы Юзаф Панятоўскі па Варшаве ў карэце раз’язджае ў кампаніі амараткі Юзэфкі… А тая — у касцюме Евы, прабач, Госпадзе.
Пранцысь уздыхнуў ад шкадавання, што сам не пабачыў таго спакуснага відовішча. Лёднік асцярожна крануў свой разбіты лоб.
— Та-ак… Страшна ўявіць, што нас чакае. Вось табе і алхімічны працэс: перамалоўшы каштоўныя камяні, атрымліваюць кучку фанабэрыстага пылу. Магнаты ўлады каралеўскае не прызнаюць, войскі маюць куды мацнейшыя за кароннае. Геранім Радзівіл падаткі адмовіўся плаціць, пляменнік ягоны, Пане Каханку, заявіў, што гэта ён, Караль, заўсёды быў тутэйшым каралём. Калі спрэчнае пытанне — даводзіцца звяртацца да расейцаў, каб прыслалі жаўнераў.
— Але ж Расія праваслаўных абараняе… — прамовіў Пранціш. — Лізавета Пятроўна патрабуе, каб нас перасталі лічыць дысідэнтамі [9] Дысідэнты — так у Рэчы Паспалітай называлі вернікаў-хрысціянаў, якія не належалі да каталіцкага веравызнання: прыхільнікаў арыянства, кальвінізму, лютэранства, сацыян, анабаптыстаў, квакераў, менанітаў, а пасля Берасцейскай уніі 1596 года і праваслаўных.
, ураўнавалі ў правах. Можа, для нас і лепей хаўрус з Расіяй?
— Так, пад Польшчай не соладка ліцвінам… — пагадзіўся Лёднік. — Сам бачыў, як праваслаўных братчыкаў камянямі закідваюць. Храмы паадбіралі, ва ўніяцтва заганяюць. Адзін такі… місіянер нават загадаў праваслаўных з магілаў выкопваць і, як падлу, кідаць. Тут мы — схізматыкі, але і для расійцаў — схізматыкі, каталікамі папсаваныя. Нас выпраўляць будуць… Так, што кроў пацячэ. А што з тымі, хто прыняў унію, зробяць… Асабліва з простымі мужыкамі, якіх з веры ў веру бізунамі перахрышчваюць…
Былы алхімік задумліва ўзіраўся ў шэрыя нябёсы, нібыта спадзяваўся на старонках аблокаў прачытаць нешта важнае.
— Ведаеш, Вальтэр… ёсць такі французскі філосаф… неяк сказаў, што ён гатовы аддаць жыццё, каб ягоны вораг мог свабодна выказваць сваё меркаванне. Як па-мойму, дык варта памерці не толькі за сваю веру, але і каб не забівалі, не катавалі людзей за тое, што яны гэтую тваю адзіна правільную веру не прымаюць. Я падобнага ўжо столькі нагледзеўся, мой пан… А калі пачынаюць чужацкія войскі рабункі ўчыняць, не разбіраюць, хто ў якую царкву ходзіць. Таму што ў падбіўцы ўсяго — звычайная хцівасць. Жаданне захапіць паболей зямлі.
Пранціш акінуў вокам панылыя восеньскія відарысы. Зямля ў іх, вядома, не такая яркая, як на карцінах італьянцаў… Але ж свая. Са сваймі рыцарамі і чароўнымі дамамі… Дарэчы, наконт дам.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу