— У вас, пан Юдыцкі, пячонка хворая, жоўць у крыві разлітая, а яшчэ мужчынскай сілы гады са два як няма. Вы кабету сапраўды толькі адхвастаць можаце!
Ой-ёй… Залілі агонь алеем. Пранцысь нават не наважыўся прамовіць: «Ды не слухайце вы гэтага дурня…».
— Адкажаш за ўсё, лайно! — сычэў Юдыцкі, аж трасучыся ад злосці, як кола на брукаванцы. — Падзякуй, што лязом не ткнуў — трэба цябе цэленькім здаць, каб каты больш задавальнення атрымалі. І ты, смаркач, расплоцішся… Мы яшчэ праверым, які ты шляхціц! Гэй! — суддзя пастукаў у вакно карэты, яна прыпынілася, і пан вылез, не жадаючы падзяляць адну прастору з дзёрзкімі зняволенымі.
З вочак будуць гузічкі…
З кішак будзе каўбаса…
Пранцысь асыпаў Лёдніка справядлівай лаянкай, але той больш не спрабаваў выломваць краты… Застыў, закрыўшы твар рукамі — зноў злавіў сусветную нуду.
— Моцна ж ты дапамог і нам, і той паненцы! — крыкнуў наастачу Пранціш, праклінаючы імгненне, калі знайшоў у сваёй кішэні апошні шэлег.
— Гэта я яе загубіў, — глуха прагаварыў Лёднік, адвярнуўшы твар з разбітым ілбом ад гаспадара.
— Ну, што панна Саламея — дачка таго друкара, у якога ты рос, я і сам здагадаўся, — сярдзіта прамовіў Пранцысь. — Відаць, амуры з дзеўкай круціў!
— Не мяркуй па сабе… — раздражнёна буркатнуў Лёднік, крыху робячыся падобным да сябе звычнага. — Яна ж малая была… Мне — дзесяць, ёй — пяць… Яе бацька дабрадзеем маім быў, настаўнікам. Як я мог на яго дачку пажадлівым вокам глядзець?
Уздыхнуў… Потым загаварыў, нібыта язык ад марознага жалеза адрываючы.
Маленькая Саламея, адзіная дачка кнігара Сымона Рэніча, пястунка ды разумніца, за бацькавым вучнем ценем хадзіла… Можа, таму, што іншых дзяцей у доме не бывала? І Бутрым, які таксама дома рос адзін-адзінюткі, ды яшчэ на поліўцы з кухталёў, патроху прывык да шчабятання побач і ставіўся да паненкі, як да малодшай сястрычкі. Чытаць яе вучыў… І дазваляў перамешваць фарбы ў ступках… Нават разважаў пры малой услых над сваймі доследамі — які ні ёсць, а слухач. І толькі калі падчас чарговых вакацыяў Лёднік вярнуўся дахаты, і давялося даць у нос суседскаму хлапцу, што гэтак апантана закідваў чатырнаццацігадовую Саламейку калючымі шарыкамі дзядоўніка — вядома, найлепшы сродак заляцання — Бутрым заўважыў, якія сінія-сінія вочы ў ягонай сяброўкі, якая белая скура, чорныя бліскучыя косы, а пастава… Не дзіцячая пастава. А калі яна ўсміхаецца, дык ямінка чамусьці толькі на адной шчочцы, левай… Дакрануцца да тае ямінкі хочацца — аж да млосці… І пажадана вуснамі…
Лёднік адразу забараніў сабе падобныя думкі. Па-першае, паненка яму не пара, ды і як абразіць настаўніка, без якога згніў бы Бутрым у няведанні ды смуродзе гарбарні… Па-другое — Лёднік ужо ахвяраваў сваё жыццё Вялікай Навуцы, у служэнні якой, як вядома, пяшчотныя пачуцці толькі замінішча. Але калі Бутрым ад’язджаў ва ўніверсітэт, Саламейка перастрэла яго ля весніцаў, і вочы яе палалі нясцерпным сінім агнём, і заявіла яна, што сэрца ейнае аддадзена Бутрыму, і ніхто іншы ёй не заўладае, і будзе яна чакаць столькі, сколькі Бог пакладзе і лёс Бутрымаў. І Лёднік так разгубіўся, што атрымаўся ў іх першы, няўмелы і самы лепшы ў жыцці пацалунак…
Ён нават не паабяцаў ён нічога. Жыццё закруціла маладзёна ў віхурах сваіх, як чоўнік легкадумны, што ўзнамерыўся па месяцовай срэбнай дарожцы на хвалях да самога Месяца даплысці… Падманам будзе сказаць, што Лёднік часта ўспамінаў сінявокую палачанку… Не да таго было — вучоба, распластаныя ў анатамічным тэатры трупы, доўгія дыспуты, студэнцкія застоллі, гарачыя даступныя кабеты. Але й нельга сцвярджаць, што ён на яе забыўся… Бо ўсведамленне «мяне чакаюць» павінна быць у кожнага, нават самага жорсткага чалавека, і на агеньчык гэтага пачуцця можна выйсці з цёмнага лабірынту.
Сплылі гады, як сухое лісце па восеньскай вадзе, і вярнуўся Лёднік у заняпалы Полацк, дзе пошасць забрала і ягоных бацькоў, і бацьку панны Рэніч. Доктар прыйшоў у такі знаёмы дом, пацікавіцца, чым можа дапамагчы дачцы свайго настаўніка… І яна стаяла і глядзела на яго ганарыстымі сінімі вачыма, і яму страшэнна карцела папытацца, ці ўсё яшчэ ён уладарыць ейным сэрцам, і не насмельваўся…
А яна проста сказала:
— Мне — нічога не трэба. Але нічога і не змянілася. Я чакаю.
Ён не хацеў траціць сябе на нешта акрым таемных навук… І больш не бачыўся з паннай. Нават калі патрапіў у страшэнную нястачу з-за свае апантанасці — не пайшоў да яе… Бо ведаў, што спляжыць і ейнае майно, і ейнае жыццё. І Бутрым зрабіў усё, каб да Саламеі не дайшлі чуткі пра ягоную дамову з панам Агалінскім — выкупіла б… А ён таго няварты.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу