1 ...6 7 8 10 11 12 ...122 — Я — не… Але мой настаўнік, баюся, ні перад чым не спыняўся.
Памаўчаў, апусціўшы галаву, і цені па кутах пакоя рабіліся цямнейшымі.
— Кожны дзень нагадваю сабе, якое шчасце, што Гасподзь у час мяне спыніў, не даў дайсці да бездані. Няхай і папусціў, каб я сам сябе зрабіў рабом, страціў усё, што цаніў. А ты думаў — я невядома чаго каяўся, ад алхіміі адмаўляўся? — Лёднік горка пасміхнуўся. — Так, я толькі назіраў… Рабіў выгляд, што не здагадваюся пра бязбожныя стадыі эксперыментаў… Але ж дзесьці, на краі свядомасці — ведаў! Цікаўнасць пераважвала ўсё… Нават боязь загінуць духоўна. Да канца жыцця цяпер адмольваць…
Страсянуў галавою, нібы скідваючы цяжкія ўспаміны.
— Так што аўтамат — гэта нічога, гэта цікава, і можа мець практычнае прымяненне. Бо Вакансон і новыя ткацкія станкі прыдумвае…
Пранціш таксама адагнаў жахлівыя карцінкі, што малявала ўяўленне пра чарнакніжнае мінулае ягонага былога слугі, ускалмаціў русявы чуб.
— І ты думаеш, і гэтая нашая лялька можа есці і… ну… спраўляць патрэбу?
— Гэта наўрад! У Пандоры органаў стрававання не прадугледжана! — пасміхнуўся Лёднік.
— Чаму Пандоры?
Прафесар паказаў на драўляны шчыт ад скрынкі, прыхінуты да сцяны, з выпаленым надпісам.
— Спадзяюся, не трэба нагадваць, што паводле антычных міфаў красуню Пандору стварыла багіня Гера, якая хацела адпомсціць людзям, і прыгажуня з-за свае цікаўнасці адчыніла сасуд з закаркаванымі хваробамі і нястачамі.
Вырвіч толькі адмахнуся:
— Ды ну іх, міфы… Давай лепей аўтамат гэты ўлучым, паглядзім, што ён робіць!
— Каб яго можна было ўлучыць, я б гэта зрабіў, — незадаволена патлумачыў Лёднік.
— Зламаны? — расчараванню Вырвіча не было межаў.
— Пэўне ж…
— Вось бы Якуба Пфальцмана сюды, ён бы разабраўся! — мройна прагаварыў Пранціш, разглядаючы шэравокую Пандору. — Пфальцман — майстар сапраўдны…
Як студыёзус і разлічваў, згадванне былога аднакурсніка Лёдніка па Нюрнбергскім універсітэце, адмысловага вынаходніка, які прыдумаў рухавік новага віду і зрабіў жалезную чарапаху — баявую машыну паводле чарцяжоў вялікага Леанарда, падзейнічала на прафесара, як на крумкача — свежая кроў. Лёднік падціснуў фанабэрыстыя вусны, акуратна зняў камзол, павесіў на высокую спінку крэсла, што нагадвала абрысы гатычнага храма, сцягнуў парык, і чорныя валасы, перацягнутыя на патыліцы шаўковай стужкай, упалі на спіну, рашуча закатаў рукавы бялюткай кашулі… Калі б лялька, дзеля даследвання якой рабіліся гэтыя падрыхтоўчыя працэдуры, магла мысліць, дык у вакно б скочыла, нягледзячы на вышыню: полацкі Фаўст прыняў выклік і не адступіцца, нават калі трэба будзе разабраць падарунак да апошняга шрубчыка. Вырвіч таксама радасна падкасаў рукавы… Можа быць, важданне з механізмамі — і не зусім шляхецкая справа, але Пранціш дакладна засвоіў, што ў навуцы свае баталіі і двубоі, якія вымагаюць смеласці не меншай, чым вайсковая справа.
Мядзяны салавейка зноў зашаргацеў, зашчоўкаў на цыферблаце гадзінніка, але на яго звярнулі ўвагу не болей, чым на заляцелую муху. З васковай Пандоры бесцырымонна і нягжэчна сцягнулі блакітную ў ружовыя кветачкі сукенку, і абражаная прыгажуня дарэмна пагрозна паглядала шклянымі шэра-прамяністымі вачыма некуды ў прастору, з якой прыходзяць прывідныя мсціўцы за гонар васковых дам.
Прафесарскі слуга Хвелька, кірпаносы дабрэнны таўстун, некалькі разоў стукаўся ў дзверы, пачціва прасіў паведаміць, калі пан прафесар з’явіцца дадому, бо пані Саламея Лёднік хвалюецца… Але быў адпраўлены назад вельмі непачціва — аж вусны ў небаракі ад крыўды задрыжэлі… Хвэлька дастаўся прафесару паўмёртвым ад жаўтухі — гаспадар, вядомы піток, прыехаў у Вільню на соймік, ну і загуляў, слуга таксама набраўся, як гразі, пячонка не вытрымала… Лёднік выпадкова заўважыў яго ў куце піравальнай залы, скручаным у крук. Хвелькінаму пану было не да клопатаў з хворым, і ён прапанаваў доктару, калі таму так ужо цікавы лёс нягеглага пажаўцелага халопа, выкупіць яго за дзесяць талераў. Лёднік холадна сказаў, што яго самога ў свой час прадалі за шэлег, але Хвэльку за названую цану выкупіў, выхадзіў, і стаў для выратаванага боствам зямным, пагрозным, усемагутным і літасцівым. З адзінай заганай — забараняе беднаму слузе нават у піва вусны мачаць…
Багаты пацыент некалькі разоў пасылаў лёкая… Плішчыліся ў кабінет праштрафленыя студыёзусы… Прыходзілі ад прафесара Францішка Папроцкага, які ўжо колькі гадоў выпускаў у Вільні «Палітычныя каляндарыкі», для якіх Лёднік пісаў артыкулы па медыцыне. Але ўсе атрымлівалі з-за зачыненых дзвярэй даволі рэзкія прапановы з’явіцца ў другі дзень, і, напалоханыя падазроным лязгатам у кабінеце, лічылі за лепшае сысці.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу