«Дзякую».
Іх галовы былі апынуліся вельмі блізка побач, і на нейкі момант ён удыхнуў цёплы водар яе грудзей. Яго твар сказіўся, усё яго цела сцягнулася ў камок, а сэрца білася так страшэнна моцна і цяжка, што ў яго заняло дыханне. Ён яшчэ з паўхвіліны пасядзеў, потым адсунуў крэсла, ціха ўстаў і гэтак жа ціха выйшаў.
Ён пайшоў па калідоры ў суправаджэнні гукаў музыкі, у гардэробе забраў цыліндр, светлае паліто і кіёк і патупаў па сходах уніз на вуліцу.
Быў цёплы, ціхі вечар. У святле газавых ліхтароў неба моўчкі затульвалі шэрыя дамы з вялікімі франтонамі, уверсе лагодным святлом міргалі зоркі. Крокі нешматлікіх людзей, якія сустракаліся пану Фрыдэману, утваралі шоргат на тратуары. Хтосьці павітаўся з ім, але ён не ўбачыў хто; ён ішоў, схіліўшы галаву, і яго высокая вострая грудзіна калацілася, так цяжка ён дыхаў. Час ад часу ён прамаўляў сам сабе:
«Божа мой! Божа мой!»
Адчайным і пудкім позіркам ён углядаўся ў самога сябе і ўсведамляў, што яго пачуццё, з якім ён абыходзіўся заўсёды так пяшчотна, так лагодна і разумна, цяпер было разняволена, яно завіхрылася, раскалашмацілася… І раптам, у палоне гвалту, у стане непрытомнасці, ап’янення, палу і пакутаў, ён прыхіліўся да ліхтарнага слупа і, дрыжучы ўсім целам, прашаптаў:
«Герда!»
Ціха. Нідзе не было бачна ніводнага чалавека. Маленькі пан Фрыдэман схамянуўся і пайшоў далей. Ён прайшоў уверх па вуліцы, на якой знаходзіўся тэатр і якая даволі стромка збягала да ракі, а цяпер накіраваўся ў бок галоўнай вуліцы на поўнач, да свайго жытла.
Як яна паглядзела на яго! Як? Яна змусіла яго апусціць вочы? Яна прынізіла яго адным позіркам? Ці ж не была яна жанчынаю, а ён мужчынам? І ці не задрыжэлі яе карыя вочы пры гэтым проста ад радасці?
Ён яшчэ раз адчуў, як у сярэдзіне зноў зараджаецца гэтая бяссільная пажадлівая нянавісць, але потым згадаў той момант, калі яе галава даткнулася да ягонай, калі ён удыхнуў водар яе цела, і ён яшчэ раз спыніўся, адкінуў свой скалечаны корпус назад, уцягнуў паветра праз зубы і потым зноў прамармытаў у адчаі, не памятаючы сябе:
«Божа мой! Божа мой!»
І ён зноў механічна патупаў далей, павольна, праз задушлівае вечаровае паветра, па бязлюдных, з адгалоскамі крокаў вуліцах, аж пакуль не апынуўся перад сваім жытлом. У пярэднім пакоі ён на нейкі момант запыніўся і ўцягнуў у сябе прахалодны, склепавы пах, які панаваў там; потым ён увайшоў у «кабінет».
Ён сеў за пісьмовы стол каля адчыненага акна і ўтаропіўся проста перад сабою на вялікую жоўтую ружу, якую хтосьці паставіў яму ў шкляную вазу. Ён узяў яе і, заплюшчыўшы вочы, пачаў удыхаць яе водар; але потым адсунуў яе ад сябе са зняможанай, засмучонай мінай. Не, не, гэтаму – канец! Што яму цяпер гэты водар? Што яму было цяпер да ўсяго таго, што раней азначала «шчасце»?..
Ён павярнуўся ў другі бок і зірнуў на ціхую вуліцу за акном. Сяды-тады гучалі і заціхалі крокі. Свяцілі мігатлівыя зоркі. Як смяртэльна знямогся і саслабеў ён! Яго галава была пустая, а адчай пачаў растварацца ў вялікім, лагодным смутку. Некалькі радкоў з вершаў прамільгнулі ў ягонай памяці, музыка з «Лаэнгрына» загучала зноў у яго вушах, ён яшчэ раз убачыў перад сабою вобраз фрау фон Рынлінген, яе белую руку на чырвоным аксаміце, а потым ён зваліўся ў цяжкі, ліхаманкава тупы сон.
Некалькі разоў ён ужо амаль прачынаўся, але баяўся явы і кожны раз зноў правальваўся ў непрытомнасць. Але калі ўжо зусім развіднела, ён расплюшчыў вочы і позіркам, усёабдымным і поўным болю, агледзеўся вакол сябе. Усё нерухома, як было, засталося ў яго душы, быццам сон і не перапыняў яго пакуты.
Яго галава была цяжкая, а вочы гарэлі; але калі ён памыўся і працёр лоб адэкалонам, адчуў сябе лепш і ціха прысеў зноў на сваё месца каля расчыненага акна. Яшчэ было вельмі рана, каля пятай гадзіны. Час ад часу паўз вокны праходзіў хлопчык з булачнай, больш нікога відаць не было. Насупраць усе аканіцы былі яшчэ зачыненыя. Але птушкі цвірчэлі, а неба было ярка-блакітным. Стаяла цудоўная нядзельная раніца.
Адчуванне ўтульнасці і даверу авалодала маленькім панам Фрыдэманам. Чаго ён баяўся? Ці не было ўсё, як заўсёды? Вядома, учора быў вельмі дрэнны прыпадак, што ж, але гэтаму трэба пакласці канец! Яшчэ было не запозна, ён яшчэ можа пазбегнуць навалы! Ён павінен ухіляцца ад любой нагоды, якая магла б паспрыяць новаму прыпадку; ён адчуваў сілу ў сабе. Ён адчуваў сілу пераадолець і цалкам знішчыць у сабе гэта…
Калі гадзіннік прабіў палову восьмай, увайшла Фрыдэрыка і паставіла каву на круглы столік, які стаяў перад скураною канапай каля задняй сцяны.
Читать дальше