А нудна ж сядзець проста так. Лічы цяпер зоркі на небе, бі настырных камароў на сваей шыі. Калі б хоць сланечніку, што за Ахонькавым плотам, галаву скруціць, дык сядзелі б ды семкі лузалі.
— Давай скруцім! — рашыўся Санька. Ён нават стаў нагамі на лаўку, але тут у двары нехта грукнуў клямкай. Не спіць яшчэ багамолка, відаць, нанач замыкаецца.
Ахонькава хата не на вуліцы, як усе, а ў глыбіні саду. Да двара вядзе вузкі, як толькі праехаць калёсам, завулак, над якім навіслі галіны старых яблынь. Ідзеш па завулку, як па цёмным калідоры.
Падкраўшыся да варот, мы прытаіліся і праз шчыліны паміж дошак пачалі ўглядацца на двор. Амаль побач пачуўся хрыплы голас. Той, хто гаварыў, мабыць, сядзеў на прызбе.
— О-хо-хо,— цяжка ўздыхнуў ён.— Сілы не хапае, сястра Маўра, несці крыж у гэтай зямной юдолі. Сырасць, сараканожкі бегаюць.
Мужчынскі голас нам незнаемы і быццам бы знаёмы. А жаночы мы адразу пазналі. Так можа гаварыць толькі Чмышыха, цягуча, лісліва, словы ў яе, як патака, ліпкія і салодкія.
— Усё ад Бога, брат Яўсей, і цярпі са смірэннем, як цярпеў Хрыстос, без наракання. Усе праведнікі былі вялікімі мучанікамі. Пісанне чытай, не паддавайся спакусе д'ябла. Вялікую надзею на цябе Бог ускладае. Чую я сэрцам — святым угоднікам будзеш.
Мужчына нешта прабубніў, але так ціха, што мы з Санькам не разабралі. Яго адказ чамусьці ўзлаваў Чмышыху, яна раптам загаварыла сурова і ўладна:
— Тады ідзі! Пакланіся антыхрысту! Думаеш, ён даруе табе? Яшчэ раз кажу — адзін Бог літасцівы даруе, усё ў яго руцэ. У малітве і посце шукай ратунку. Вось табе і ўвесь мой сказ. А цяпер ідзі, падыхаў і ідзі. Мне таксама пара на спачын.
Уцякаць нам з Санькам было позна — грукнула клямка. Давялося легчы там, дзе сядзелі, у крапіву. Па сцежцы паўз нас прасунулася Чмышыха, вялізная і цяжкая, як стог. Крыху пачакаўшы, пакуль усё сціхла ў двары, мы таксама рушылі па хатах.
Ідзём, скрабём апечаныя крапівой рукі і ногі, ламаем галовы і нічога зразумець не можам, што гэта за брат такі ў Чмышыхі? Калі ён і сапраўды ёй брат, дык і жыў бы ў сястры, а то зашыўся ў нейкую юдолю. I што гэта за юдоля?
На другі дзень, яшчэ да снедання, успомніўшы начную размову ў Ахонькавым двары, я сляпіцай прыстаў да бабкі з роспытамі пра Чмышыхінага брата.
— Які брат? — здзівілася бабка.— Няма ў яе ніякага брата.
— Ну як жа? — умяшаўся бацька.— А Піліп?
— Той, што ў чужое сяло ў прымы сышоў? — перапытала бабка.— Дык няма яго. Ад сыпняку пазалетась памёр. Сама яна казала.
— А вось у Ахоньчыхі жыве яе брат Яўсей,— сказаў я.
Бацька толькі рукой махнуў:
— Разбярэш іх, гэтых святых. Яны ўсе адзін аднаго братамі і сёстрамі называюць. У іх мода такая.
— А што такое юдоля? — звярнуўся я ўжо да бацькі.
— Юдоля? — задумаўся ён і пачаў успамінаць, як гэта ім калісьці поп у класе гаварыў. Быццам бы тое, што і доля, толькі крыху не тэкая. А мы з Санькам думалі, што гэта падзямелле якое-небудзь з сараканожкамі. Словам, без папа і не разбярэш. I навошта гэта мне? Можа, і я ў папы збіраюся пасля сямі класаў?
Давялося ўсё расказачь, што мы з Санькам чулі пад Ахонькавымі варотамі. Толькі чаму нас там, як бабка кажа, нячысцікі насілі, я не прызнаўся. Бацька, які да гэтага разглядваў падэшву свайго падранага бота і прыкідваў, куды б гэта яшчэ забіць хоць адзін цвік, падняў галаву.
— Та-ак! — зацікаўлена працягнуў ён.— Не шкодзіла б на таго «брата» паглядзець.
— Трэба ён табе! — накінулася на яго бабка.
— Ды мне ён не трэба,— адказаў бацька.— А Калдобе, можа, і спатрэбіўся б...
Я проста не ведаю, што і думаць.
На «брата» Яўсея сапраўды не шкодзіла паглядзець. Яго ўзялі проста сярод дня, у нядзелю. Ахоньчыха нарабіла ляманту, і да яе хаты збеглася паўвуліцы. Мы з Санькам прышыбавалі туды, калі Калдоба, цяпер ужо ў міліцэйскай форме, вывеў з дапамогай мужчын «святога» на вуліцу. Усе ажно ахнулі:
— Ахонька!
Мы яго спачатку дык І не пазналі: вялізная, ускудлачаная барада, на галаве патлы да плячэй, і з гэтай суцэльнай кудзелі валосся бліскаюць спалоханыя злосныя вочы.
Цікаўныя бегалі ў хату паглядзець, дзе ён хаваўся. Не абышлося там і без нас. Хата як хата, даволі чыстая, прыбраная. На сцяне плакат, намаляваны каляровымі алоўкамі: «Бог ёсць любоў». А пад печчу глыбокая, як склеп, яма. I сцены ў яме абкладзены цэглай, нават пабелены. На дне пасцель: коўдра і сяннік. На коўдры тоўстая, зашмальцаваная кніжка. Санька сказаў, што Біблія. I сараканожак, на якіх «брат» скардзіўся Чмышысе, сапраўды багата. Вось яна якая, Ахонькава «юдоля». Калі маснічынамі закрыеш, дык сто гадоў не здагадаешся.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу