— У нас на камбайне цяпер парадак.
Можна слоўца падкінуць мудрагелістае: шнэк, агрэгат, кантакт. Мы іх ведаем процьму.
Адно толькі кепска — не кожны вечар нам удаецца пабыць на гулянках. Іншы раз нас пасылаюць ноччу адцягваць салому ад малатарні. I не хацеў бы, дык Нінка ўгаворыць. Так ужо мякка сцеле: хлопчыкі, хлопчыкі, хлопчыкі. Мы і любенькія, мы і даражэнькія, і на нас уся брыгада трымаецца. Калі такія вялікія ўдарнікі і стаханаўцы, як мы, не пойдуць, дык ёй невядома, што тады і будзе. Мабыць, свет перакуліцца дагары нагамі. Уздыхнеш і паабяцаеш прыйсці. А потым увечары, калі зойдзе сонца, калі ўжо зусім добра сцямнее і за акном, ідучы на вечарынку, заспяваюць дзяўчаты, проста свет табе не мілы.
Занавеска рэдка-рэдка,
Чарнабрывага відаць,
Калі б з гэтым чарнабрывым
адзін вечар пагуляць!—
звіняць дзявочыя галасы на ўсю вуліцу. А тут яшчэ бабка слова ўставіць:
— Ідзі ўжо, кліча твая піскуха.
Я заводжуся, як кажа наш камбайнер, з паўабарота. Гляну, ці не пачуў бабчынай насмешкі банька, і ў атаку:
— Ідзі-ідзі! Табе толькі гулянкі наўме, а салому хто будзе цягаць — чорт лысы?
Але бабку так легка не спыніш. Яна, мыючы посуд пасля вячэры, будзе бурчаць, пакуль не пойдзеш з хаты:
— Мне гулянкі наўме... гулянкі наўме. Захаласцякавалі ўжо. I сын, і бацька. А мне гулянкі-хварабанкі наўме.
Усё гэта гаворыцца не так для мяце, як для бацькі. Мае халасцяцтва бабка прымешвае, мабыць, для зручнасці. Яна баіцца, што мы з бацькам неўзабаве навядзём поўную хату гаспадынь: адзін — нявестку, другі — мачыху. Тады яна паглядзіць, як яны паладзяць каля печы. Во будзе смеху! Толькі няхай нашы з бацькам жонкі не думаюць: бабка іх і да чалеснікаў не падпусціць. Знайшліся на ўсё гатовае. Словам, перападае нам з бацькам ад старой на абаранкі, толькі слухай.
А ў мяне няма часу доўга слухаць: трэба хутчэй бегчы на брыгадны двор і першаму захапіць Буянчыка, інакш будзеш усю ноч у Слепкі за павадыра.
Ток расчысцілі на ржышчы, за калгасным садам. Сюды навазілі вялізную, амаль з нашу цагляную школу, сцірту жыта. Побач з такой саламянай гарой малатарня здаецца зусім невялічкай, непрыкметнай. Гэта пакуль яна маўчыць. Але вось стрэліў у начное неба тугім камяком дыму трактар, працавіта запыхкаў, загырчаў; нібы ашалелы, пачаў бегаць, цокаючы сшытым месцам па гладкіх жалезных баках шківаў, шырокі раменны пас; малатарня ажывілася, зараўла, затрэслася, як люты, галодны звер, і цяпер мы ўсе, калі трэба нешта сказаць, крычым, быццам глухія, і махаем рукамі. Усе, нібы апантаныя, хапаюцца за вілы і граблі, мы з Санькам ужо стаім напагатове, каб хуценька падагнаць каня, падбіць вяроўку пад капу, кінуцца зверху на духмяную цёплую салому і гэтак валачыся ў другі канец току, дзе салому падхопяць мужчынскія вілы і ўскінуць на стог. Над намі ў цёмным начным небе міргаюць частыя зоркі, спіць зямля, і мне здаецца, што мы тут не проста цягаем салому, што ўсе гэтыя людзі не проста малоцяць хлеб — мы ўтаймоўваем нейкае нябачанае страшыдла, раз'юшанага, ненажэрнага маманта. Ён не хоча здавацца, але не здаюцца і людзі, у яго чэрава ляцяць усё новыя і новыя снапы, і магутны жалезны ляскат становіцца глухім, пакорлівым. Пыл займае дыхание, слепіць вочы, калючыя асцюкі прыліпаюць да потнай спіны, але ніхто на гэта не зважае, яшчэ і жартуюць, яшчэ і смяюцца. Асабліва на падачы снапоў, дзе, зазяваўшыся, можна вельмі проста зарабіць тугім гузыром па патыліцы ці па шыі. I тады чуецца вясёлы смех.
— Бабы, Хадора заснула!
— Відаць, з хлопцамі ўсю ноч мілавалася!
А той Хадоры гадоў пад пяцьдзясят. Тут і рогат.
А ў мяне капа рассыпалася. Замест таго каб паехаць на саломе, я заблытаўся ў вяроўках і павалокся жыватом па голым таку. Зноў жартачкі:
— Куды ты паехаў? Салому забыўся!
Галоўны на малацьбе чалавек — падавалыпчык.
Які падавалыпчык трапіцца, такая будзе і работа, такі і намалот. Пусціць густа — у саломе многа поўных каласкоў; пусціць рэдка — дарма толькі малатарню ганяе. Наш сусед дзядзька Скок падаваць снапы ў барабан вялікі мастак: і вымалаціць чыста, і адпачыць нікому не дасць. Калі ён падае, усе так і гавораць:
— Ну, трымайся, выцісне пот і з нас, і з малатарні.
I сапраўды, люба паглядзець, як ён упраўляецца. Не паварочваючы галавы, Скок хапае сноп акурат за гузыр, няўлоўным рухам рукі рассцілае веерам каласкі, і не паспеюць яны знікнуць у барабане — у яго ўжо новы сноп.
Барабан ходзіць роўна, не халасты і не перагружаны; жан-чынам, што разразаюць сярпамі перавяслы, няма калі разагнуць спіны, і нам з Санькам таксама даводзіцца бегаць трушком. А ён стаіць там, угары, на дашчаным памосце ў клубах густога пылу, быццам Бог на небе сярод хмар. I ззянне вакол яго ад электрычнай лямпачкі-пераноскі, падвешанай на высокі кол. Вось толькі крычыць ён на ўсіх, камандуе не па-боскі:
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу