Дык то ж на базары, то ж у цягніку, дзе вакол чужыя, незнаёмыя людзі, у якіх на лбе не напісана, злодзей перад табой ці сумленны чалавек. А тут жа не базар і не вакзал, а казарма — цяпер роднае наша жытло. I тут не чужыя людзі, а свае хлопцы. Ды і якія хлопцы — не розная ж там шантрапа, а будучыя афіцэры. Вось што ўсіх заядае. Няхай нам і рана яшчэ гаварыць пра афіцэрскі гонар, але свой ганарок у нас ужо ёсць. Крадзеж і шпака не ўпрыгожвае, а пра нас і гаварыць няма чаго.
Ды і ўзвод жа наш не абы-які. Дарма, што шкеты, а ў вучобе дзядзькоў перамаглі. У нас аж трое выдатнікаў: сяржант Міцька Яцук, Коля-масквіч і Мішка Цыганкоў. Іх прозвішчы, напісаныя нашым жа мастаком Расошкам пад золата, красуюцца ў калідоры казармы побач з тумбачкай днявальнага на чырвоным стэндзе ў абрамленні дубовага лісця, перавітага стужкамі. А з дзядзькоў там усяго адзін. Усяго адзін і з другога ўзвода, а ў трэцім узводзе і наогул яшчэ выдатніка няма. Так што мы на першым месцы.
Не так даўно нас пахваліў камбат і за знешні выгляд. Пераймаючы замашкі свайго каштана, многія з нас таксама сталі педантамі не горшымі за яго: і гузікі гараць золатам, і чаравікі суконкамі заўсёды налакіраваны. Дык што ж цяпер будзе з нашай добрай славай пасля прапажы мыла? Цяпер жа на вочы не паказвайся дзядзькам. Само сабой зразумела, што і каштан Захараў, і камбат, падпалкоўшк Асташэўскі, не пакінуць гэтага проста так. Ой, што будзе, што будзе!
Увесь узвод усхваляваны, але больш за ўсіх кіпяцяцца Коля Кузняцоў і, як мне ні дзіўна, растоўскі Сцёпка Рубцоў. Коля і Сцёпка — гэта ж дзень і ноч.
Калі шчыра прызнацца, дык многім з нас хацелася б хоць крыху быць падобным на Колю. Адзін яго знешні выгляд чаго варты. Ён у нас агульнапрызнаны прыгажун: высакародны, хоць і крыху хударлявы твар, тонкі з гарбінкай нос, а не то як у нас з Санькам — кірпатыя піпкі, і вялікія шэрыя вочы з такімі густымі вейкамі, што любая дзяўчына пазайздросціла б. Хлопцы кажуць, што з-за ўсяго гэтага з ім нецікава хадзіць у звальненне: небяспечны сапернік.
Але галоўнае не ў прыгажосці. Коля — інтэлігент ва ўсіх адносінах. За сталом ён есць толькі па этыкеце, у размовах ад яго толькі і чуеш: «калі ласка», «выбачайце», а калі з насмешкай, то — «пардон».
А яшчэ ён, мабыць, самы начытаны сярод нас. I памяць у яго на зайдрасць. Кожны вечар пасля адбою наш узвод звычайна доўга не можа заснуць. Затаіўшы дыхание, усе мы слухаем Колевы пераказы кніг пра дзівосныя прыгоды адчайных людзей: пра адважных маракоў, індзейцаў і піратаў. Вось ужо на працягу двух тыдняў ён шэпча нам перад сном пра подзвігі высакароднага рыцара Айвенга, шэпча, пакуль у казарме не знойдзецца якая-небудзь зануда і не пачне абурацца:
— Эй, шкеты, дайце заснуць!
Апрача ўсяго, Коля ў нас вялікі гусар. Ён шкадуе, што не нарадзіўся тады, калі былі гэтыя самыя гусары. Калі ўжо быць вайскоўцам, дык толькі такім, як яны. Вось гэта былі людзі, вось гэта афіцэры! Неймаверная адвага, пагарда да смерці, а галоўнае — крыштальнае сумленне, высокі гонар: ледзь што не так — дуэль.
Хоць і мінулі тыя часы, але Коля ўсё ж такі гусарыць як можа. Ён, напрыклад, не скажа, дзе мой картуз ці шапка, а абавязкова — ківер. Пагоны называе эпалетамі. З-за свайго гусарства даводзіцца яму іншы раз і пакутаваць. Зрабіў сабе Коля неймаверна бліскучыя «эпалеты» з фальгі — камбат загадаў зняць ды яшчэ вымову ўляпіў перад строем за парушэнне формы адзення. А то неяк разлёгся ён на ложку, думаў, што начальства няма, ляжыць і напявае:
Скатерть белая залита вином,
Все гусары спят непробудным сном.
Лишь один не спит...
А тут адкуль ні вазьміся — Юрка Калдоба, наш старшына, і — атрымай, гусар, нарад на кухню бульбу чысціць!
Да крадзяжу мыла Коля аднёсся таксама па-гусарску.
— У свой час яго, гада, выклікалі б да бар'ера,— сурова сказаў ён, маючы на ўвазе пад гадам злодзея,— і ні ў кога не здрыганулася б рука. Падумаць толькі, якая погань ёсць сярод нас!
Дык гэта ж Гусар, а Сцепка хто такі, каб кіпець гневам? Сам жа мне па сакрэце хваліўся, што растоўскі жулік. Ды і не радавы, а яшчэ і дружбак нейкага Прынца. Дарэмна я тады пра ўсё гэта хлопцам не расказаў, Саньку паслухаў. Хаця паспрабуй раскажы, калі ён можа і адмовіцца ад сваіх слоў, сказаць, што проста ўзяў на пушку, каб напалохаць дзеравеншчыну. Вось і будзеш тады хадзіць у баязліўцах і паклёпніках. I цяпер я думаю, а ці не яго гэта рук справа — прапажа мыла. Думаю, а доказаў у мяне няма. Як кажуць, не схапіў за руку — не злодзей. Тым больш што і сам ён абкрадзены і цяпер так гэтым абураны, што аж распінаецца.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу