Бацька таксама будзе рады, бо я нясу назад яго салдацкія чаравікі, у якіх ён выпраўляў мяне ў вучылішча. Толькі ён цяпер іх не пазнае. Я наваксіў іх казённай дармавой ваксай так, што аж блішчаць. А галоўнае — старшына Хамутоў знасіў іх у нашу майстэрню, і там іх так падбілі, што зносу не будзе. Нават жалезныя падкоўкі ёсць на абцасах і насках. Тут, канешне, дзякуй старшыне. Я яго не прасіў рамантаваць, бо нават не ведаў, што гэта можна. Гэта ён сам, паглядзеўшы на іх, сказаў:
— Што ж ты панясеш бацьку такія развалюхі.
Цяпер чаравікі быццам новыя. Чым не падарунак?
Ёсць і Глыжку як абрадаваць: пара артылерыйскіх эмблем, два пяры для ручкі, аловак і дзесяткі з два драбкоў цукру. Эмблемы і пёры, канешне,— драбяза, яны ёсць у нас у запасе, а вось з цукрам атрымалася няёмка. Ужо ведаючы, што пайду ў звальненне, я ўчора за вячэрай і сёння на снеданні піў чай нішчымны. Гэта заўважыў Генацвале і прычапіўся, чаму гэта я постую. Каб ён чаго не падумаў, давялося прызнацца, што брата хачу пачаставаць. Тады Надар бліснуў вачыма.
— Ты мне друг?
I свой цукар аддаў. Санька, Лёва і Гецьман таксама адмовіліся піць чай з цукрам. Няёмка атрымалася. Але цяпер хлопец хоць у роце пасалодзіць. А я, калі дома разжывуся яблыкамі, дык аддзячу.
Санька таксама нясе свае мыла матцы. Словам, мы ідзём дамоў не з пустымі рукамі. I не з пустымі кішэнямі. Нам выдалі аклады за месяц па салдацкай норме. Так што хлопцы і пры грашах. I, па нашаму разумению, не малых. Гэтак мы прыкінулі, што, можа, хопіць сфатаграфавацца і перад сваімі ўхажоркамі шыкануць — купіць ім грамаў па сто цукерак-падушачак з павідлам усярэдзіне, а то і па дзвесце. Душы ў нас шырокія. Вядома, нядрэнна было б звадзіць іх і ў гарадское кіно, але гэта ўжо як хопіць сродкаў.
Горад мы мінулі хутка, як цяпер можам сказаць, фарсіраваным маршам, і нідзе, на шчасце, не сустрэлі патруля. Трапіўся на вочы толькі адзін лейтэнант. Хоць і пехацінец, але прывіталі, і ён нам у адказ казырнуў. У звальненні і з пяхотай трэба лічыцца. Прычэпіцца, і што ты яму зробіш, калі ён афіцэр, а мы яшчэ нават і не курсанты? Будзеш стаяць і слухаць мараль.
Дзе мы толькі далі сабе пярэдых, дык гэта каля пустой вітрыны магазіна, які трапіўся нам па дарозе. Тут яно, як на ліха, у Санькі шнурок развязаўся, а ў мяне з лямкамі рэчавага мяшка зрабіўся непарадак. Вось з-за гэтага і спыніліся, а то яшчэ некаторыя падумаюць, каб паглядзецца ў шкло. Мы толькі па адным ці па два разы глянулі ў яго і пайшлі сваей дарогай.
Дома мяне не чакалі. Я ж не пісаў, што прыйду, бо і сам гэтага да апошняга не ведаў. Адчыніў я ціхенька дзверы — бабка ў адзіноце каля акна Глыжкаву кашулю латае. Не азірнуўшыся яна працягнула апранаху ў мой бок і сказала:
— На, насі, шамадзёрга. Можа, да вечара і хопіць.
Толькі калі я засмяяўся, старая азірнулася і адкрыла ад здзіўлення бяззубы рот. Клубок нітак пакаціўся з прыпола на падлогу, а бабка пляснула ў далоні.
— А божачка ж ты мой! Хто ж гэта да нас прыйшоў. Я ж думала, што памру і не ўбачу.
А потым падхапілася і закрычала некуды ў сенцы:
— Грышка! Грышка! Дзе цябе чэрці носяць? Бяжы бацьку пашукай!
Глыжка не адгукнуўся, і старая паскардзілася:
— Хоць на ланцуг саджай. Са школы — і за парог. А сёння нядзеля, дык, мабыць, на край свету збег.
Гэта для мяне — не навіна, мяне ўразіла іншае, як бабка кінулася да ўслона, на які я намерыўся сесці. Яна жвава абагнала мяне і выцерла ўслон фартухом, быццам перад вялікім госцем.
— А то ў нас знаеш, як тут,— быццам апраўдваючыся, сказала яна пры гэтым,— не паспяваеш прыбіраць. А ў цябе ж усё такое новае ды дарагое.
Мне стала няёмка, што бабка перада мной так забягае, і я ўзяўся за пустое вядро, каб схадзіць па ваду і тым паказаць, што я не такі ўжо і пан. А старая зноў:
— Ой, дзіцятка, кінь! Там лужына ля калодзежа, яшчэ ўтопчашся ў гразь сваёй абуўкай. Прыбяжыць той басурман, сам прынясе.
Басурман вядома хто — Глыжка. Калі я прыйшоў з вадой, ён ужо быў дома і абмацваў мой рэчывы мяшок. А неўзабаве прыйшоў і бацька, стомлены і даўно няголены.
Прыйшоўшы з вайны, ён рэдка бывае вясёлы, а больш якісь суровы, заклапочаны, заўсёды ў вачах яго нейкая цяжкая дума, многа курыць і ўздыхае. А тут, бачу, абрадаваўся, усміхнуўся. Здароўкаючыся са мной, нават пажартаваў — раней, як падаць мне, ён абцёр сваю руку аб штаны, а затым ужо і працягнуў:
— Ну, давай тваю афіцэрскую.
Бабуля кінулася падаваць абед, замітусілася каля печы, а бацька пакуль што разглядвае мяне. Сеўшы на лаву, ён папрасіў, каб я павярнуўся перад ім туды-сюды. Абмундзіраванне яму таксама спадабалася, але, не ў прыклад бабулі, ён знайшоў да чаго і прычапіцца. Дзе былі мае вочы, калі я браў сабе чаравікі? Не мог узяць на нумар большыя? Наперадзе зіма, а нага яшчэ расце — не ўлезе ануча. Вось тады я паўсміхаюся, калі ногі абмарожу, тады пафаршу. Але лепш за ўсё для салдата боты, ды яшчэ калі ёсць суконная ануча — і валёнкі не трэба. Калі ён служыў, дык заўсёды браў боты на нумар большыя і гора не знаў: і зімой цёпла, і летам мазалёў не насіў. Салдат з мазалём — гэта паўсалдата, асабліва ў паходзе. I куцы глядзіць наш старшына?
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу