Аркестр зноў крыху паіграў і захліпнуўся — вось ён, начальнік вучылішча, перад намі. А я гляджу і не пазнаю генерала — той і не той. У кабінеце ён быў не такі. Тады вочы яго свяціліся то спагадай, то ледзь прыкметнай усмешкай, голас яго мне здаваўся добрым. Ён не сварыўся на мяне за двойку, не пагражаў выгнаць з вучылішча, а быццам раіўся: што мы з ей будзем рабіць, хлопча? Быццам мая двойка наша з ім, агульная. То быў Баця, а гэта — генерал. Погляд строгі, ніякіх табе ўсмешак. Замест планак — ордэны і медалі. А іх столькі, што жывога месца на грудзях няма — ад каўняра і амаль да пояса. Як у старадаўняга віцязя латы. Крок ступіць — і чуваць перазвон. Нялёгка, мабыць, насіць гэтыя латы.
Генерал не правяраў ні падкаўнерыкаў, ні пазногцяў на руках, ні заднікаў на чаравіках, ён толькі акінуў строй пільным позіркам (я думаю, ці не палюбаваўся крыху) і, прыклаўшы руку да казырка з залатым дубовым лісцем, гучна прывітаўся:
— Здрасце, будучыя артылерысты!
Дарэмна так хваляваўся з-за нас камбат. Як набралі мы паветра поўныя грудзі, як грымнулі ў адказ сваё «здра...жада...тааш...ерал», дык дай божа і старшакурснікам так. Яно калі з сапраўдным генералам, дык па-сапраўднаму выходзіць. А то хацеў, каб перад ім, падпалкоўнікам, мы так горла дралі. Хтосьці там, праўда, піскнуў у канцы нашага «здра-жада...», дык тое не ў залік. Генерал таго піску, здаецца, і не пачуў. Гэтак жа дружна мы пракрычалі і «ўра», калі ён павіншаваў нас з пачаткам навучальнага года. А затым пад музыку генерал завярнуўся і пайшоў.
I гэта ўсё? А мы чысціліся, мыліся, прасаваліся, шылі, перашывалі, глядзеліся ў люстра болып за суткі, калі тут страху на дзве мінуты. Каб я быў генералам, то пахваліў бы за гэта, а ён глянуў і нават не здзівіўся нашай выпраўцы, як быццам так і трэба кожны дзень.
Гэта я так, між іншым, а на самой справе радавацца яшчэ рана, наперадзе, як казаў наш падпалкоўнік, яшчэ будзе парад. Як мы пакажам сябе яшчэ на тым парадзе? А парад такі: пасярэдзіне пляца стаіць генерал з двума палкоўнікамі, мабыць, сваімі намеснікамі, а мы павінны перад імі прайсці, як гэта тут называецца, урачыстым маршам. А гэта ж вам не абы-што, асабліва для салагаў. Таму пад сэрцам і халадок. Крый божа з нагі збіцца.
Першымі пад гукі «Славянкі» ідуць старшакурснікі — дзве батарэі па сто чалавек. Вось гэтыя ідуць як пішуць. Нас проста зайздрасць бярэ. Сто чалавек крочаць, як адзін, сто ног, як адна, уздымаюцца, нібы пад лінейку, і сто рук адначасова робяць адмах. Раўнюсенькі квадрат строю, здаецца, плыве па зямлі, і толькі моцны поступ ста пар чаравікаў напамінае, што ён усё-такі ідзе, маршыруе. Твары ва ўсіх старшакурснікаў сур'ёзныя, засяроджаныя і, я сказаў бы, ужо крыху афіцэрскія. Куды нам, салагам!
Але і мы не падкачалі. Мы вельмі стараліся: выгіналі грудзі дугой, дружна гэпалі падэшвамі, напіналіся як маглі, каб паказаць тую гвардзейскую жылку, па якой нас можна адрозніць ад цывільных людзей. Мы задаволены, што ніхто не збіўся, ніхто нікому не наступіў на пяту, хоць самыя апошнія ў хвасце, як мы завём іх, шкеты, і крочылі з падскокамі, каб не адстаць. А я прайшоў міма генерала і не паглядзеў на яго ў гэты раз, бо вельмі пільнаваў патыліцу Генацвале, які па ранжыру ходзіць спераду ў мяне. Усё, здаецца, добра, усё як мае быць, а наш камбат незадаво-лены. Мабыць, ён зайздросціць іншым камбатам, якія камандуюць старшакурснікамі.
Цяпер камандзіры батарэй стаяць у генеральскай свіце, а мы зноў павінны ісці міма іх, толькі на гэты раз ужо не ўрачыстым маршам, а са страявымі песнямі, без аркестра. Відаць, генерал — вялікі аматар песень. Тут нам ёсць магчымасць паказаць сябе, бо ў нашай батарэі добры запявала — голас, нібы ў палкавой трубы. Можа, і паднімем настрой камбату.
Але тут, як на тое гора, высветлілася, што наш запявала асіп. Яшчэ ўчора ён добра заводзіў наш любімы з Санькам «Марш артылерыстаў», а сёння сіпіць гусаком. Ці ён вады з-пад крана перапіў, бо на вячэру была салёная траска, ці перагрэўся, а потым пасядзеў на скразняку — сіпіць.
Вось ужо каля генеральскай світы старшакурснікі дружна грымнулі:
Взвейтесь, соколы, орлами,
Полно горе горевать.
То ли дело под шатрами
В поле лагерем стоять!
Не паспела ўлегчыся рэха ад «сокалаў»,— новая батарэя:
Стоим на страже
Всегда-всегда,
И если скажет
Страна труда:
«Дальневосточная, смелее в бой!..»
А ў нас паніка, поўны канфуз. Камандзір першага ўзвода маёр Варэніч разгубіўся. Хто яшчэ ўмее запяваць? Ніхто не ўмее, а можа, і ўмее, ды не асмеліцца. Што ж гэта будзе, калі ўсе пройдуць з песнямі, а мы — моўчкі? Што падумае генерал? Нам трэба ўжо набрацца голасу, а мы яшчэ і не пачыналі, хоць да генерала нейкая сотня-паўтары крокаў. Уліплі. Узнялі настрой свайму камбату, называецца.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу