Далі хутчэй на заедку кавалачак каўбасы, сабака прыняў, але пазіраў на нас з дакорам.
«А вы самі каштавалі калі-небудзь такую брыду? — гаварыў яго позірк.— Каб паспыталі хоць раз, дык не змушалі б на гэта вашага сябра».
Так, добра папрасіўшы, ад яго можна было чакаць якой захочаш паслугі.
Часамі госці, заседзеўшыся, многа і густа курылі. Гаспадыня сплясквала рукамі, адчыняла форткі:
— Божухна, колькі курцоў у нас сёння! Зачуўшы гэтыя словы, Дзік падаваўся куды-небудзь у зацішнейшы куток, каб не трапляць на вочы.
— Чаму вы толькі нас за курцоў лічыце? — звычайна пытаўся хто-небудзь з гасцей.— У вас жа і сваіх стае.
— Вось ужо і хапае! — крыўдзілася Наташа — яна набыла гэту дрэнную звычку, цяжка жывучы і чорную работу робячы пры немцах у час акупацыі горада.— Мяне можна было б і не лічыць.
— Вы ж забылі, цёця Наташа, что і Дзік курыць,— абзываўся наш заўсёдны госць Алік. Яму нецярплівілася пахваліцца перад прысутнымі майстэрствам нашага сабакі. Даводзілася даканчваць гульню:
— А дзе гэта падзеўся наш мілы сабачка? Алік, ты не бачыў?
— Тут, тут,— Алік не хаваў задавальнення ад асалоды пачуць пахвалы свайму ўлюбёнцу.
— Дзік, дзе ты? Ідзі сюды!
Сабака з'яўляецца на святло, але трымаецца ў мяне за плячыма.
— Ідзі, ідзі, пакажыся!
Дзік набліжаецца вельмі неахвотна.
— Дык колькі ў нас курцоў, Дзік?
— Трое, трое! — Алік сплясквае далонькамі.— Вы, цёця Наташа і Дзік.
— Дзік, гэта праўда?
Сабачая галава апускаецца да падлогі.
— Калі праўда, дык вазьмі.
Сабака і глядзець не хоча на запрапанаваную папяросіну.
— Дзічок, пакуры, зрабі мне ласку. Сабака не змяняе паставы. Трэба прасіць яшчэ.
— Пакуры, я вельмі прашу. Хоць трошкі. Сабака, здрыгануўшыся, так яму агідна, ледзь-ледзь размыкае пашчэнкі і бярэ папяросу. Зараз жа задзірае галаву, каб усе бачылі, што ён сапраўды курэц.
— Можа, табе запалку даць?
Дзік круціць галавою і плюе так, што гільза з тытунём і муштук разлятаюцца ў розныя бакі.
Хвіліннае засмучэнне мінаецца. Мы робім тур вальса, і на міравую ён атрымлівае самае смачнае — некалькі арэхаў. Акуратна раскусвае кожны і вычышчае языком лупінкі.
Тытунёвага дыму сабака гідзіўся здаўна. Нейк мы ўзялі яго ў дом адпачынку. Там яму можна было ўдосыць налётацца і нагаўкацца. Ідучы з намі на рэчку, ён уткнуўся ў куст, дзе кувала зязюля. Напалоханая няшчасніца выскачыла з-пад галіны і замест свайго абвыклага спеву забалбатала нешта несусветнае і непрыстойнае. Сабака аж прысеў ад здзіўлення.
Так, лазячы па хмызняках, ён набраўся кляшчоў, яны паўпіваліся ў вушы і чарнелі ў поўсці, як вялікія павукі.
Лячыў яго ўсё той жа ветэрынар: прыпякаў паразітаў гарачым попелам з цыгарэты. Я трымаў яго за галаву, але Дзік, відаць, не стрываў апёкаў і смуроду, вырваў зубамі з рук лекара цыгарэту і выплюнуў у куток.
Тады Алік і парасказваў сваім сябрукам, нібыта Дзік умее і нават любіць курыць.
Аднаго разу нашаму сабаку давялося пабыць лекарам самому. Я вярнуўся дамоў даволі позна і быў здзіўлены: Дзік не падбег насустрач, нават не ўстаў з падсцілкі. Мусіць, штосьці здарылася, зноў ублытаўся ў нейкую гісторыю.
Гаспадыня расказала, што нядаўна пайшла суседка, жалілася: у яе хварэе сынок, дактары не могуць рады даць.
— Дык яна просіць даць вады з рота...
У гэты забабон верыла і наша вёска. Калі каму нядужылася ад спалоху, дык бабулі раілі даць вады з рота таго, хто напалохаў.
— А што, хіба я гэта нарабіў?
— Ёсць каму.
Гаспадыня не дагаварыла... Дзік неспакойна паводзіў вачыма па пакоі, сустрэў мой позірк і заўздыхаў.
Высветлілася, што на тым тыдні хлопчык з суседняга дома выйшаў ноччу на ганак і ў адной кашульцы стаяў, загледзеўся на буйныя пад восень зоры. I раптам да яго падбегла задыханае страхапудзіла з высунутым языком і пацягнула ў сябе паветра. Дзіця з крыкам кінулася ў дом. З таго часу кепска спіць, худнее. Вось і ўспомнілі пра народныя сродкі.
— Думаюць на нашага Дзіка...
— Напэўна, ён. Варочаўся з сваіх вандровак. Не будзем больш выпускаць ноччу аднаго.
Алік і Лявон былі ў нас, як і заўсёды ў складаных выпадках. Уважліва слухалі, што мы ўспаміналі наконт народных прыкмет, павер'яў. Гарадскія хлапчукі, яны і чутам не чулі пра варажбу, замовы, як лячылі ад сурокаў, падзіву, зубнога болю. Ад пярэпалаху вызваляліся па-рознаму. Выкачвалі, гэта значыць, моцна разміналі кулакамі цела хвораму, асабліва жывот. Качалі яго з боку на бок, паклаўшы на тапчане. I вылівалі — чалавека змушалі многа вады піць дый некалькі разоў на дзень аблівалі, голага. Яшчэ: білі, нечакана для хворага, гаршчок ці збанок, каб напужаць хваробу і яна ўцякла. Давалі і вады з рота напалохаўшага.
Читать дальше