— Вось і Дзік цябе кліча,— сказала яна,— ён каля мяне. Мусіць, трохі твой голас чуе...
— А дай яму трубку! — Калі трубка была прыціснута да сабачага вуха, я перш за ўсе павітаўся.
— Здароў, Дзічок! Трубка ласкава скавытнула.
— Слухай, Дзік! Бяжы сюды, хутчэй! Сабака гаўкнуў і тае ж хвіліны выскачыў праз акно. Прабегся па гародзе і вярнуўся да Гаспадыні зніякавелы і збянтэжаны. Куды ж бегчы, дзе яго знайсці? Ён аглядаўся наўкол і павіскваў.
— Не знайшоў? — спытала Гаспадыня.— Нічога, зараз з'явіцца.
Яна расказвала пасля: сабака доўга не мог супакоіцца, відаць, адчуў немагчымасць пераадолець прастору.
ЛЯВОН ДРЭСІРОУШЧЫК. ДЗІК УМЕЕ КУРЫЦЬ. ДЗІК ЛЕКАР
Сярод службовых і сяброўскіх даручэнняў, якія былі на абавязку Дзіка ў нашай сям'і, далёка не ўсе былі прыемныя яму. Але ён выконваў. Трэба было толькі ласкава звярнуцца, сказаць: «Прашу!», а калі гэта не дапаможа, дык дадаць яшчэ ласкавей: «Вельмі прашу!» I сабака ўважаў просьбу: абавязак ёсць абавязак, які б ні цяжкі ён быў для выканання.
Прыемна, скажам кінуцца з разгону ў рэчку і плысці, каб хвост калыхаўся над вадою, як ветразь.
Але асалода акунуцца ў рачную прахалоду адкрылася яму не адразу, а першае купанне здалося нават страшнаватым.
Неяк улетку мы паехалі на возера, ледзь не цэлым дваром, колькі ўлезла ў рэдакцыйную палутарку. На беразе, не марудзячы, параспраналіся і боўталіся ў ваду адно перад другім, каб як мага хутчэй выбрацца на глыбокае.
Дзік, шчанюк да года, быў ашаламонены: як можна, што вы робіце?! Ён бегаў па беразе, стараўся стаць кожнаму насупраць, не пускаў і гаўкаў, папярэджваючы: гэта ж небяспечна!
Нарэшце, пабачыўшы, што гаўканнем бяды не адхіліш, наважыў ратаваць неразумных дзівакоў. Ускочыў у ваду і спалохаўся: лапы не дасталі дна! Але тут жа, паводле няпісаных законаў, выпрацаваных ягонымі продкамі, паплыў і сам.
Што ж, калі так, трэба выганяць іх адсюль. Падплыў да Гаспадыні, хапаў за рукі, за купальнік, цягнуў на бераг. Яна сказала «дурань!» і адмахнулася. Не даўся ратавацца і Гаспадар. Алік быў зрабіў рух вылезці і перадумаў.
Канец марным намаганням ратавальніка паклаў Лявон.
— Без карысці стараешся, Дзік, хутка не вылезуць,— сказаў ён, палашчыўшы сабаку.— Зараз будзе і табе занятак.
Знайшоў выгладжаны хвалямі сухісук і, даўшы Дзіку панюхаць, шпурлянуў яго метраў за пяць над купальшчыкамі.
— Плыві! I прынясі сюды!
Дзік паглядзеў на сур'ёзны твар выпадковага дрэсіроўшчыка і зразумеў. Сук быў дастаўлены Лявону, а той, няўдзячны, зашпурнуў яго яшчэ далей. I гэта заданне было адолена.
Выпрабаваць Дзіка ў новым умельстве захацелася ўсім. I ён без перадыху плаваў і прыносіў, што ні закідвалася ў ваду.
Гэта была першая ў ягоным жыцці падноска. З таго часу, калі здаралася апынуцца пры вадзе, Дзік заглядаў у вочы, прасіў, здавалася, пашлі мяне па што, добра сплаваю.
З'яўленне ў хаце доктара заўсёды трывожыла Дзіка. Ён запомніў, што аднойчы пасля такіх адведзін Гаспадар знік ледзь не два тыдні за бальнічнымі дзвярыма. Часамі дактары змушалі яго не ўставаць з ложка, а гэта пазбаўляла прыемнасці пабегчы з ім за горад, пагойсаць па хмызняках і пагрэбціся на пожнях, дзе ў свежых норках унюхваліся краты і мышы.
Ягачэ больш не любіў лячыцца сам. Калі яго прыводзілі на чарговы агляд у ветэрынарную лячэбніцу, сабака ўпіраўся ўсімі чатырма, не хацеў заходзіць у памяшканне. Яму рабілі выключэнне — аглядалі на дварэ. А прыняць адно лякарства не мог угаварыць ні фельчар у злінялай гімнасцёрцы, вельмі ўмелы ў абыходжанні з жывёламі чалавек, не ўпрасіў і Гаспадар.
— Бярыце дамоў, можа, як ашукаеце, падмяшаеце ў страву,— сказаў, даючы бутэлечку з лекамі, фельчар.
Дома таксама не дайшлі да добрай згоды. Ад поліўкі з падмешанымі лекамі сабака пагардліва адвярнуўся.
Не дапамагла і просьба.
— Еш, кажу табе!
Сабака стаяў над міскай, не нахіляючы галавы, непахісны ў прынятым рашэнні. Пад вечар Гаспадыня надумалася:
— Буду прасіць. Быць не можа, паслухае. Выліла рэшту лекаў у кубак, паклікала сабаку, прылашчыла:
— Выпі, Дзічок, прашу!
Сабака не зварухнуўся, схаваў морду ў мяне пад пінжаком.
— Вельмі прашу, сабачка, глыні, і ўсё. Давялося расшчапіць моцна стуленую пашчу,тым часам просьбы рабіліся ўсё больш ласкавыя:
— Вельмі прашу, зрабі гэта. Чуеш?
Я паклаў у пашчу руку, каб выпадкам не стулілася, Гаспадыня нахіліла шклянку з лекамі, стала ліць, сабака заплюшчыў вочы і глынуў. Поўную шклянку касторкі.
Читать дальше