На мяне глядзелі з нямой просьбай слаўныя карыя вочы: «Што ты робіш? Дазволь быць каля цябе. Калі што якое, я пакажу яму пачым фунт ліха».
Наведвальнік, праўду сказаць, прынёс не вельмі ўцехі гаспадарам. Калі яго вынесла за дзверы, Дзік з настаўленым хібам абнюхаў крэсла, на якім той сядзеў, і агледзеў усе закуткі ў пакоях,— ці не прыхаваўся дзе.
Як бы адчуўшы, што яго разумеюць не толькі людзі, госць больш не з'яўляўся.
Другі падобны чалавечына прыходзіў да нас амаль кожны дзень, а сабака ніяк не хацеў пагадзіцца: не брахаў, а пільнаваў выпадку схапіць за порткі. Рваў на ўваходзе і на выхадзе кожны раз. Мы не маглі надзівіцца: што за ліха? Што сабака меў падставы для варожасці, высветлілася многа пазней — чалавек той многа зрабіў кепскага. I нам і людзям.
Незабыўная цёця Уладзя, Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, часта бывала ў доме. Пагаварыць, параіцца. А ў свята прыходзіла сумысля раней, каб чым-небудзь дапамагчы. Скорая на словы і дзеянні, гэта жанчына і хвіліны не магла пасядзець з пустымі рукамі.
— Давайце я вам пельменяў нараблю! — падручылася яна аднойчы перад вячэрай.
I завінулася. Нікога не падпусціла ні круціць мяса, ні мясіць цеста, ні абіраць цыбулю. Усё так і гарэла ў яе руках. За нейкія паўгадзіны кухонныя сталы ўкрыліся далікатна нарэзанымі шклянкай кружочкамі цеста. У іх імгненна ўверталіся камячкі мяса, наўкол фастрыгавалася шво, акуратна, як з-пад машынкі. Чыстая кветка! Іначай не скажаш на такі пельмень.
За час кухаварання цёця Уладзя паспела расказаць, як справа са збіраннем экспанатаў у Купалаў музей, што чуваць у Вільнюсе, якія навіны ў Акадэміі навук. Ды яшчэ ўспамянуць безліч смешных выпадкаў з даўняга і нядаўняга і перасыпаць размову прымаўкамі, а то і праспяваць прыпеўку. Спяваць яна любіла, падабала «Марш ваенных карэспандэнтаў» і беларускую «Ой, чуць, маці, чуць».
Першы раз Дзік прыняў госцю з асцярогаю. Яе з'яўленне парушала некалькі абвыклую цішыню, прынамсі тэмп жыцця многа паскараўся. Сабака не мог уразумець, добра гэта ці дрэнна, якую лінію паводзін трэба трымаць яму.
Але бачыў: усе хатнія весялелі пры госці, выказвалі да яе павагу і пашану, значыць, трэба было падстройвацца пад гаспадароў.
Аднак хуткая мова, гучны смех, асабліва актыўная жэстыкуляцыя госці непакоілі. Дзік не адыходзіўся ад яе і, калі па-ягонаму, цётчыны рухі рабіліся занадта рэзкія, уставаў і прытрымліваў, цягнуў уніз якую-небудзь руку.
— Адкасніся ты! — кожны раз палохалася цёця Уладзя. Доўга, аднак, стрымлівацца не магла, зноў жвавелі рухі, галаснела мова, а сабака сядзеў пры ёй, каб не было якога парушэння парадку.
— Прымкніце дзе гэтага д'ябла! — ахамяналася цёця Уладзя.— Глядзіць, нібыта ўсе мае думкі чытае... А потым разбрэша па ўсім свеце.
Мы запэўнялі, што наш сабака нічога не разбрэша, колькі ні чуе размоў, а ён пры ўсіх прысутнічае — нясе службу.
Часамі ў нас збіралася святочная кампанія. Дзік нерваваўся. Ад стала не адступаўся, дакладней, пільнаваўся мае нагі, ежы не браў і не прасіў — не дазваляла прыроднае далікацтва.
Варта было бяседзе павесялець, заспрачацца, даводзячы, чыя праўда, замахаць рукамі, Дзік браўся за выкананне службовых абавязкаў. Падыходзіў да найбольш гарачага прамоўцы і некалькі хвілін уважліва глядзеў на яго. Калі гэта не дапамагала, стукаў лапаю па калене, папярэджваў: ахаладай! А як і такога папярэджання было мала, сабака браў госця за паднятую руку і адгінаў уніз: зразумеў! Супакойся!
Гэты сабачы захад прыносіў разрадку ў дыялог. Людзі смяяліся, гаварылі цішэй, пакуль хто-небудзь не дадаваў гарачага ў размову.
У дзень нараджэння Гаспадыні віншавальнікі, паводле старога звычаю, дзякавалі ёй, цалавалі ў руку. Сабака стаяў і непакоіўся: каб не ўчынілі чаго кепскага. І ўсё ж цярпеў. Пакуль не падышоў дзякаваць стары паважаны музыка. Тут сабака страціў вытрымку: ну, гэты ў барадзе і вусах абавязкова ўкусіць. Падскочыў, схапіў спалоханага госця за рукаў і адвёў убок.
ДЗІК АДБІРАЕ АЛАДКУ. ЯК ЁН НЕ ПУСКАЕ МЯНЕ Ў ДАРОГУ. ДЗІК ГАВОРЫЦЬ ПА ТЭЛЕФОНЕ
Мы часта гаварылі пра тое, што заўважыла цёця Уладзя: ён мае думкі чытае. Як мог Дзік угадваць з паўслова, што яму трэба зрабіць, дазнаваўся адкуль, што будзе рабіцца ў доме, можа, хто мае прыйсці, калі каго з хатніх спатрэбіцца правесці ў магазін ці на пошту. А разуменне ім зваротаў да сябе часам смяшыла, часам палохала.
Вярнуўшыся са школы, Іна ведала: яе чакаюць некалькі гарачых аладачак, першае падмацаванне, пакуль усе збяруцца на абед. Пачаставала была кавалачкам таго прысмака Дзіка, і ен упадабаў. Дзяўчынка бралася за полуднік, а ён сядзеў поруч і прасіў падзяліцца.
Читать дальше