Ажно вочы на лоб у Хлеўніка ды Палевіка павыпірала. Такая шляхетная асоба так пакорна з імі гаворыць. А толькі ж лаялася ды конікі выкідвала!
Але хоць і крыўдлівыя былі што Палявік, што Хлеўнік, хоць і злавалі на Хатнічыху, ды, як сапраўдныя кавалеры, не маглі не ўважыць яе слёз, хоць і запозненых. І яе ружовага тварыка, і ладных боцікаў.
Глянулі яны адзін на другога.
— Ну, што, брат Хлеўнік, паслухаемся?
— Ды ўжо ж, брат Палявік, нельга дапусціць, каб такая гжэчная пані з-за нас слёзы ліла.
Узрадавалася Хатнічыха, смяецца, дзякуе.
— Але ж адным тваім дзякаваннем не падсілкуешся, даражэнькая,— смяюцца таварышы.— Ёсць у нас умова. Паабяцаеш выканаць — будзем гаспадарцы спрыяць. Не — бывай тады, пойдзем і ўжо ніколі не вернемся.
— Слухаю, панове, кажыце, што трэба!
— Ад мяне заданне не цяжкае,— кажа Хлеўнік.— Каб штовечар яешня была мне прыгатавана і пастаўлена. Як добра паем, я лагаднейшы раблюся і жывёлу гляджу лепш.
— А маё заданне яшчэ прасцейшае,— дадае Палявік.— Хачу, каб, жніво пачынаючы, першы сноп прыбіралі, як маладуху на вяселле. І каб каласкоў у полі па нядбайнасці не пакідалі!
На тым і пагадзіліся. І ўсёй кампаніяй пакіравалі назад, на сядзібу малодшага брата.
Кажуць, з таго часу гаспадарка яго пачала папраўляцца. Хатнічыха знайшла спосаб пераказаць просьбы Палевіка і Хлеўніка маладой гаспадыні. А тая ўжо шчыравала, іх выконваючы. І гаспадарку глядзець стала.
Хатнічыха ж у сваім падпечку старалася ад гаспадыні не адстаць. Спярша абедзвюм цяжка было. А як навучыліся толкам рабіць і тое, і другое, і трэцяе — лягчэй справы пайшлі. А пасля і песні пры рабоце спявацца сталі.
Цяпер гаспадарка малодшага брата квітнее не горш, чым гаспадарка старэйшага.
Мужчыны, як і раней, то аруць, то сеюць, то ў лес па дровы едуць.
А дома застаюцца спраўляцца іх увішныя гаспадыні.
Калі кажуць людзі: «Галодны, як воўк»,— мабыць, успамінаюць таго шэрага небараку, што ў цёмнай пушчы жыве. Пад кашлатай елкай стаіць яго пахілая хатка. А над дзвярамі шыльда прыбіта: «ВОЎК». І дабаўлена дробненька «...галодны».
І гэта чыстая праўда. Бо насуперак сваёй звярынай натуры, мае воўк жаласлівае сэрца. Іншыя яго браты на дзічыну палююць, а гэты грыбоў, ягад назбірае, зёлак насушыць — чай заварыць, п’е. Але для ваўка такая ежа не трывалая. Улетку яшчэ туды-сюды — лес корміць. А прыйдзе зіма — хоць ваўком вый. І вые, на месяц гледзячы, доўгімі зімовымі начамі. Перапрашае суседзяў за непакой, тлумачыць, што песні голад глушаць.
Адну зіму, другую трывалі суседзі, а пасля папікаць шэрага пачалі: «Ды што ты за воўк! Раз галодны — павінен быць злосным. А злосны — ідзі ды ўпалюй каго. І не цягні свае галодныя скаргі — галовы баляць іх слухаць!»
І такім аблогам на ваўка пайшлі, што няма куды дзецца. Думаў-думаў воўк, патыліцу чухаў:
— І праўда, нікчэмны я, нікуды не варты. Браты мае шэрыя ядуць сыта, кажухі штогод спраўляюць новыя, песні спяваюць вясёлыя. А я...
І неяк бліжэй да вясны адважыўся — пайшоў здабычу шукаць. Галодны, як ніколі,— усе свае прыпасы падабраў. Халодны — бо ў кажусе дзюрка на дзюрцы. А на дварэ сцюдзёна — дарма, што вясна на парозе: мароз цісне, не здаецца.
На досвітку выйшаў воўк на ўзлесак. А там — хатка. Снегавой шапкай прыкрытая, марознымі фіранкамі шыбы завешаныя. Стаіць, дым з коміну пускае — топіцца. Дзверы ў хатцы рыпнулі — выйшла бабка, спраўляцца ў хляўчук пайшла. А на ваўка так смачна патыхнула цяплом ды водарам варанай капусты! Небарака, ледзь не самлеў, за агароджай стаіўшыся. Так яго ў хату пацягнула зайсці! Але ж дзе там паткнешся да людзей... Як ні круці, адна ваўку дарога — схапіць якую худобу, раз наважыўся.
Счакаў, пакуль гаспадыня ў хату вернецца,— і ў хляўчук.
Пашчасціла ваўку двойчы: сабака не брахаў, бо з гаспадаром раненька на кірмаш выправіўся. І ў загоне, адразу ля ўвахода, баранчык стаяў — беленькі, ладненькі, з вачыма, як поўня.
У ваўка ажно слёзы на вочы набеглі.
— А мой ты харошы, мой слаўненькі! Хадзі да мяне хутчэй! — І так ладна закінуў баранчыка на спіну, нібы ўсё жыццё толькі і рабіў, што па хлявах рабаваў.
Дабег да сваёй хаты — як на крылах даляцеў. Давай завіхацца, баранчыку стойла ў куту ладзіць, яселькі. Да стажка на палянцы збегаў, сена прынёс:
— Еш, малеча!
А што сам на баранчыка зубы збіраўся вастрыць — і не помніць.
Баранчык паеў — і давай па хаце тупаць, падбрыкваць. Воўк цымбалы дастаў, ды як ударыць па струнах! Такое пачалося, што воўк і на голад забыўся. Цешыцца з баранчыка,— на душы ружы цвітуць.
Читать дальше