Ох, як раззлаваўся Хлеўнік! Яму ўсё адно, хто забаўляецца — сама гаспадыня ці пані з падпечка.
— Ну, прыпомню я вам дурныя жарты! — прыгразіў ён гаспадарам.
У тую ж ноч асядлаў ён любімага гаспадарскага коніка і ганяў да той пары, пакуль той з ног не збіўся. А пасля сабраўся і пайшоў у белы свет як у капейку — прытулку сабе шукаць.
Лайдачцы ж падалося мала сваркі з Хлеўнікам, падалася яна ў поле.
— Што ты сабе думаеш? — закрычала на Палевіка, які даглядаў збажыну.— Гаспадыня і дома ўправіцца не паспявае, а ты тут жыта падняў як сцяну. Калі ёй жаць?
Здзівіўся Палявік.
— У мяне звычайна добрага ўраджаю просяць,— кажа.— А як ён не патрэбен — пайду на суседскае поле, без работы не застануся.
— Ды ўжо ж,— падбухторвае лайдачка,— ідзі. Работа дурняў любіць.
Абразіўся за такія словы працавіты Палявік, патаптаў жыта і сышоў з поля — глядзіце яго самі, калі такія разумныя.
А задаволеная лайдачка Хатнічыха вярнулася дадому. Разлеглася на сваім ложку ў падпечку:
— Во калі ўжо зажывём мы з гаспадынькай!
І не вытрывала, пахвалілася сваёй кемлівасцю мужу, Хатніку. Думала, і ён узрадуецца хуткай палёгцы ў хатніх справах, а то век таўчэцца па гаспадарцы, галавы не падымаючы.
Ох, як угнявіўся Хатнік на жончыны расказы! Дарма, што ў адным падпечку з ёй жыў, а быў працавіты, як і гаспадар гэтага дому.
— Неразумная! — кажа.— Ці падумала ты, што да жабрацтва гаспадароў так давесці можна! А пойдуць яны жабраваць — і нам за імі ў свет з торбамі цягнуцца.
І вырашыў Хатнік з гаспадаром пагаварыць.
Вечарам толькі ён у хату — і Хатнік з-пад печы выходзіць. З выгляду — выкапаны гаспадар, толькі росту меншага.
Здагадаўся малодшы брат, хто перад ім, напалохаўся. Бо рэдка бывае, што хатнікі людзям на вочы паказваюцца. Звычайна толькі для таго, каб папярэдзіць пра вялікую бяду.
Але не падаў і выгляду, што разгубіўся. Пасадзіў Хатніка за стол, наліў кубак малака — вядома ж усім, што гэта для хатнікаў найсмачнейшы ласунак.
Выпіў Хатнік малако, вусы абцёр ды стаў гаспадару расказваць, што ў хаце робіцца.
— Так і так,— кажа,— звар’яцелі нашы жонкі. Твая гультаіцца ды стогне, што ёй цяжка, а мая ёй дапамагаць узялася, гаспадарку звесці надумала. Да бяды тут недалёка, дык я і вырашыў цябе, гаспадар, папярэдзіць. Можа, паправім яшчэ што.
Сказаў — і знік у падпечку, як вадой яго размыла.
А малодшаму брату так крыўдна стала — хоць плач.
— Не можаш жыць па-людску,— кажа ён жонцы,— ідзі сабе куды хочаш, хоць у цёмны лес.
Напалохалася жонка такіх слоў. І Хатнічысе ў падпечку непамысна зрабілася. Гэта ж, калі што, ёй прыйдзецца за сваёй гаспадыняй у лес цягнуцца. Во ўжо будзе пацехі лесунам і балотным вадзянікам, перад каторымі яна свой шляхетны носік задзірала!
Сабраліся абедзве і, кожная сваімі сцежкамі, у дом старэйшага брата подбегам кінуліся. Слязамі заліваюцца — адна на кухні, другая ў падпечку,— просяць парады, што рабіць, каб гаспадары з хаты не выгналі.
Разумнае параіць — не пустыя скаргі слухаць ці лясы тачыць.
Жонка старэйшага брата і кажа малодшай гаспадыні:
— Ды ўсё проста. Рабі работу з радасцю — яна адразу лягчэйшай стане. А будзе нешта не атрымлівацца — пытайся, падкажу.
— Слухай, слухай, міленькая, гэтыя залатыя словы,— ушчувала ў падпечку і старэйшая Хатнічыха маладзейшую.— А то румзаеш ды румзаеш, няма табе нічога лёгкага.
— Дык ты ж мне сама параіла Хлеўніка прагнаць,— галосіць гаротніца,— дык я яшчэ і з Палевіком пасварылася.
— А калі ад тваіх скаргаў не адбіцца было? — узлавалася старэйшая Хатнічыха.— Ці чула, як кажуць: іншых слухай, а свой розум май! Бяжы мірыся з Хлеўнікам, шукай Палевіка. Знойдзеш спосаб улагодзіць іх — пойдуць на лад справы. Не — гаспадыня з ног саб’ецца, а гаспадаркі не наладзіць. Будзеце вы з ёй разам па цёмным лесе сноўдацца.
Як ніколі раней, хуценька пасялушніцы ў гасцях справіліся. Бегма дадому пабеглі — кожная за сваю справу хапацца.
Гаспадыня за парадкі ў хаце ўзялася, а Хатнічыха пабегла шукаць Хлеўніка і Палевіка. Добра, што крутала. Пераняла іх на падыходзе да бліжняга хутара. Ішлі яны поруч і адзін другому на нядбайную ды няўдзячную гаспадыню скардзіліся.
Добра, што не паспелі на суседскую гаспадарку ўзысці. Суседу, вядома, пашанцавала б: каб так здарылася, гаспадарка яго ўдвая палепшылася б. Але тады яны ўжо нізашто не вярнуліся б на старую сядзібу.
Дагнала іх Хатнічыха, у ногі кінулася.
— Прабачце мяне, панове,— просіць,— вярніцеся, зрабіце ласку!
Читать дальше