А добрыя слоўцы, якіх падганяла бізуном Сварабабка, шапталі: «Дзякуй! Зрабі ласку! Пагуляем разам...»
— Хутчэй кажыце што-небудзь благое — ці я ператвару вас у друз! — засыкала на Стаха і Міхалінку Сварабабка.
Але дзеці кінуліся насустрач адзін другому.
— Міхалінка, родненькая, даруй! Ніколі больш я цябе не пакрыўджу! — крыкнуў Стах.
— І ты мне даруй, брацік!!!
Варта было дзецям вымавіць чароўныя словы, як Сварабабку нібы вадой размыла. А вакол віліся, радасна смеючыся, добрыя слоўцы. Іх пабольшала, як толькі дзеці папрасілі адзін у другога прабачэння. Анёлачкамі кружылі яны ў паветры і паўтаралі:
— Не сварыцеся! Беражыце адзін другога! Тады нас стане многа-многа і Сварабабка не адважыцца прыйсці да вас!
Добрыя слоўцы, махаючы на расстанне, станавіліся нябачнымі. Але іх лагодныя галасы доўга чуліся дзецям.
— Якія яны прыгожыя! — першай сказала Міхалінка.— Я так хачу быць падобнай да іх!
Дзеці радасна засмяяліся, узяліся за рукі і разам пабеглі гуляць на двор...
З той пары за вярсту абыходзіць браціка і сястрычку Сварабабка — нечым ёй каля іх пажывіцца, не трацяць яны на яе больш сваіх сіл. Перасталі дзеткі хварэць. Павесялелі іх мама і тата. І калі знаёмыя пытаюцца рэцэпт цудадзейных лекаў, Стах і Міхалінка шчыра адказваюць:
— Ніякіх цудаў! Проста мы навучыліся сябраваць!
Былі ў аднаго заможнага чалавека два сыны. Як ажаніліся, справіў кожнаму з іх бацька хаты, як звон, надзяліў зямлёй. У гаспадарку даў і коніка, і кароўку, і авечак з курамі — пароўну. Як кажуць, жыві — не хачу.
Вось і зажылі сыны сваімі сем’ямі.
Работы ў селяніна заўсёды многа і ў полі, і ля хаты. Цэлымі днямі мужчыны то аралі, то касілі, то дровы з лесу вазілі...
А дома заставаліся гаспадарыць іх маладыя жонкі.
Ведама ж, калі дом у парадку трымаць, гаспадыньцы і прысесці некалі: і печ напаліць, і ў хаце прыбрацца, і жывёлу накарміць, і дзяцей дагледзець. Усё на адны рукі — толькі паспявай спраўляцца.
У старэйшага брата жонка завіхаецца, пры рабоце песні спявае і Богу дзякуе за тое, што сілы і здароўе дае. Усё ў яе ў пару зроблена, воку няма за што зачапіцца. Гаспадарка ў гэтай сям’і квітнее і множыцца.
А малодшаму брату гультаяватая жонка трапілася. Рабіць нічога не хоча, спіць дапазна. Пасля ўсхопіцца, за тое, за гэта возьмецца — не ідуць на лад справы.
Махне яна на іх рукой: «Ат, усёй работы не пераробіш!» — і пойдзе па сялу. Сама нічога не робіць ды іншым замінае.
А хатнія справы не любяць зняважлівага стаўлення да сябе. І, як ні шчыруе гаспадар, без шчырай працы гаспадыні марнуецца гаспадарка.
Было гэта ў тую пару, калі па хатах разам з людзьмі жылі хатнікі.
У кожным падпечку месціліся іх сем’і. Хатнікі ва ўсім стараліся быць падобнымі да сваіх гаспадароў. Гаспадары працавітыя — і хатнікі шчыруюць на сваёй гаспадарцы ў падпечку. Гаспадары гультаяватыя — і хатнікі лайдакі.
Вось паладзілася Хатнічыха з дому малодшага брата хадзіць на сяло да старэйшага. Прыйдзе — і не выправіць за парог. Руплівай Хатніцы спраўляцца трэба, а лайдачка ў хату ўлезе — і з пустога ў парожняе пералівае. І ўсё адну і тую ж песню: як ёй і яе гаспадыні цяжка жывецца за процьмай работы.
Што хочаш, тое і рабі руплівай Хатнічысе — справы колам стаяць, парадкавацца некалі, адно суцяшай сваячку-гультайку. Трывала яна, трывала пасялушніцу, ды, раззлаваўшыся, кажа аднойчы:
— Паслухай, даражэнькая! Калі табе так цяжка жывецца, папрасі Хлеўніка — ён табе жывёлу ўміг у хлеве звядзе. У гаспадыні часу пабольшае — глядзіш, і табе палёгка.
Узрадавалася лайдачка парадзе. Як яна сама не даўмела так зрабіць! Аднак дамаўляцца да Хлеўніка не пайшла — занадта многа гонару прастакаватаму суседу. Хатнікі ж перад кім хочаш — перад хлеўнікамі, ці вадзянікамі, ці палевікамі — пачуваюць сябе шляхтай і абы з кім не знаюцца. А для таго каб і сваю надабніцу справіць, і Хлеўніку не пакланіцца, хітрая лайдачка вырашыла кпіны над ім пастроіць, раззлаваць.
А вось гэтага не робяць нават самыя нядбайныя гаспадыні. Бо Хлеўнік, калі ў згодзе з гаспадарамі жыве, памагае ім за жывёлай хадзіць: корму падкідвае ў кармушкі, чухае спінкі, грывы коням у косы заплятае. Угневіш яго — заездзіць, заганяе жывёлу. Вось і ладзяць з ім гаспадары. На вячэру гаспадыня носіць яму ў хлеў яешню падсілкавацца. Надта любіць такую ўвагу да сябе Хлеўнік.
Ведала гэта хітрая Хатнічыха. Дачакалася, пакуль гаспадыня міску з ежай Хлеўніку паставіла, схапіла — і перакінула ў суседні двор.
Читать дальше