Пазаўчора мы пісалі кантрольную. Вы ж ведаеце, як пішуцца кантрольныя — па варыянтах. Ты рашаеш адну задачу, а твой сусед — іншую.
Я сядзеў адзін. Аднаму, самі разумееце, сумна рашаць. І я папрасіў Паўла Захаравіча перасадзіць мяне да Лёнькі Аляксандрава. Я сядзеў на перадапошняй парце, ля самых дзвярэй.
— Тут дзьме, Пал Захарыч, а ў мяне насмарк, — я старанна гучна носам.
Павел Захаравіч перасадзіў. А што тут такога? лёнька рашае адзін варыянт, а я другі. Не спішаш усё роўна. Нашаму варыянту патрапілася гэтая самая задача, вы яе, мабыць, тысячу разоў рашалі: пра басейн, які адна труба напаўняе вадой, а ў другую, наадварот, уся вада выцякае. Мне такая арыфметыка зусім не спадабалася. Аднойчы я ў адказе напісаў:”Трэба сказаць заўгасу, каб ён адрамантаваў другую трубу”. Такое рашэнне мне падказала мама, калі мы з ёй дзве гадзіны біліся над задачай, але так і не змаглі яе адолець. І вось на кантрольнай — такая ж.
Затое Лёнькаў варыянт быў куды цікавейшым. З пункта “А” ў пункт “Б” выехаў цягнік. Яго хуткасць пакуль невядомая. А насустрач яму выйшаў пехаход. Хуткасць пешахода 6 км ў гадзіну. Калі і дзе яны сутрэнуцца, калі адлегласць ад пункта А да пункта Б — 240 км?
Тут можна было паварушыць звілінамі. Трэба спярша даведацца, калі ўсё гэта адбывалася. Калі ўзімку, то наўрад ці чалавек можа прайсці ў гадзіну 6 кіламетраў. Я ўявіў, як ён ідзе, затуляючыся ад рэзкага ветру, як снег мяце яму ў твар. Не, наўрад ці за гадзіну ён пройдзе 6 км. Але, можа, ён на лыжах? Тады трэба было пра гэта напісаць. У такім выпадку, канешне, ён можа і больш за гадзіну прайсці.
А калі дзеянне ў задачы адбываецца не ўзімку, а летам, якія тады лыжы?
Летам, канешне, пешаход пройдзе ў гадзіну 6 км. Але толькі з раніцы, калі прахалодна. А потым, калі сонца пачне прыпякаць, чалавек ледзьве папляцецца. Я ўявіў, як пешаход разваліўся ў цяні пад дрэвам і выцірае пот, як ён аблізвае патрэсканыя вусны, яму, напэўна, дужа хочацца піць. Тут за гадзіну калі на 2 кіламетры прасунешся, і то добра.
Потым я ўявіў, як раптам хлыне дождж. І пешаход схаваецца ад яго дзе- небудзь у будцы абходчыка. Будзе сядзець, папіваць малако і ў акно пазіраць: калі ж скончыцца гэты выкляты дождж. Бо яму, пешаходу, трэба спяшацца насустрач цягніку.
А сам цягнік? Калі буран пачнецца, прыйдзецца яму знізіць хуткасць. А калі дажджы размыюць насып, тады цягніку і наогул не зрушыцца. Я чытаў у газетах, што на Каўказе пасля восеньскіх дажджоў цягнікі зусім не ходзяць. Пакуль вада не схлыне і новыя рэйкі не паставяць. У задачы ж не сказана, адкуль і куды накіроўваецца цягнік. З пункта А ў пункт Б. Тут можна любыя назвы падставіць.
Не, мне вельмі спадабалася задача, якую рашаў Лёнька. Проста цудоўная задача, не тое што пра гэтыя агорклыя пераліванні з пустога ў парожняе.
І я прыняўся за Лёнькаву задачу. Некалькі разоў я зазіраў у Лёнькаў сшытак. Не, не для таго, каб спісаць, што вы, а проста каб зверыць, так ці не я рашаю. Усё-ткі Лёнька выдатнік.
Мне было нават прыемна, што мы абралі для рашэння адзін і той жа шлях.
Першым, як заўсёды, здаў Кантрольную Лёнька Аляксандраў. Потым Сёмка, Галка, Генка ды іншыя таварышы. Я здаў толькі пасля званка. А чаго хваліцца?
Учора Павел Захаравіч раздаваў кантрольныя працы. Ён браў сшыткі і казаў, у каго якія адзнакі. І вось у яго ў руках мой сшытак.
— Асабліва хачу адзначыць працу Валерыя Карабухіна. Вельмі добрая праца. Я яе магу паставіць побач з працай Аляксандрава — той жа бляск, тая ж матэматычная строгасць і чуццё. Толькі ў цябе, Карабухін, памылак граматычных шмат. Але на першы раз стаўлю табе “выдатна”. Малайчына.
Павел Захаровіч усміхнуўся і паглядзіў падбародак. Гэта значыла, што ў яго цудоўны настрой і ён нечым вельмі задаволены.
- І вы, сябры, малайцы, што дапамагаеце таварышу.
Я сціпла апусціў вочы. Усё-ткі прыемна, калі цябе хваліць такі стары і строгі настаўнік, як Павел Захаравіч. А ён усё не сунімаўся.
— Я хачу вас паказаць, як дасціпна Карабухін знайшоў розніцу ў хуткасці цягніка і пешахода.
І Павел Захаравіч пачаў на дошцы паказваць, як я ўсё гэта рашаў. Ён пастукваў крэйдай, і твар у яго быў такі зіхоткі, быццам я па меншай меры адкрыў закон сусветнага прыцягнення.
— Павел Захаравіч! — ускочыў Лёнька. — А чаму ён рашаў пра цягнік, калі яму трэба было рашаць пра басейн?
— Пра басейн? — Павел Захаравіч нахмурыўся.
— Так, — доўжыў Лёнька. — Ён жа сядзеў побач са мной на кантрольнай. Вы яго самі перасадзілі.
Настаўнік паклаў крэйду, павольна выцер рукі аб анучку.
Читать дальше