Апошнія словы я вымавіў, гледзячы на рабаўніка, і нават падміргнуў яму на развітанне.
Я прыбег дадому і не ўсякі пажарны выпадак праверыў, а ці не пыхкае і напраўду на пліце чайнік. Не, канешне.
Я расцягнуўся на тахце. Збег я таму, што спалохаўся гэтага Марата. Чхаць я хацеў на яго пагрозы. Яшчэ паглядзім, хто каго. Каб я расказаў Іры, што ён дробны і подлы злодзей, і яна перастане граць яму розную добрую музыку. І будзе граць яе толькі мне. А збег я таму, што не мог слухаць разам з ім гэтую музыку. Таму што гэта была мая музыка. Мне, здавалася, што я сам мог бы яе напісаць, каб умеў, як Іра, іграць на піяніна.
Я згадаў пра выкрадальніка і засмяяўся: бот лакіраваны, а не чалавек. І чаго ён да Іры ў госці прыходзіць?
“Валерка, — раптам сказаў я сам сабе, — што з табой? Няўжо ты закахаўся ў дзяўчынку? Хай нават у такую, як Іра?”
Да не, я проста думаю пра Марата. Калі такія хлопчыкі ўзлуюцца, яны забываюцца на ўласную баязлівасць і кідаюцца з бойку на злом галавы.
Ужо праз некалькі дзён я зразумеў, што пагроза рабаўніка была недарэмнай.
У той вечар мы з Сёмкам брадзілі па двары — дыхалі свежым паветрам. А потым адправіліся на ракетадром Генкі Правільнага, дзе мы некалі хораша правучылі Гароха і яго хлопцаў.
— Яны ўцякалі, нібы зайцы, — рагатаў Сёмка.
— Вясёлае было відовішча, — згадзіўся я.
На ракетадроме было цёмна, не тое што ў памятны вечар, калі мы адпомсцілі Гароху. Толькі ад зіхоткіх сяміпавярховых дамоў даходзіла слабае святло. Ніхто сюды не забрыдаў, усе стараліся абысці наўзбоч наш ракетадром.
Ззаду нечакана захрумстаў снег: хто б гэта мог быць? Абярнуўся — чацвёра хлопцаў нетаропка рушылі да нас.
Чамусьці я адразу скеміў: гэта прыяцелі Марата. Нарэшце яны нас падпільнавалі.
Сёмка штурхнуў мяне ў бок:
— Глядзі, яшчэ трое.
З боку зіхоткіх дамоў ішлі яшчэ трое. “Цудоўная сямёрка”, - няўзнак падумаў я. Мы абкружаны. Ужо ў двух кроках з’едліва ўхмыляўся Марат.
Я адчуваю, што ў мяне пачынаюць дрыжаць каленкі.
— Біць будуць? — круціць галавой Сёмка.
— Не, медалі ўручаць, — злуюся я на сябе і на Сёмку.
І раптам я чую музыку. Тую самую, якую грала Іра. “Калі ты не мямля, хлопча, і не баішся загінуць за свабоду, хадзем з намі…”
— Бі іх! — гарлаю я. — Пакажам, што не дарма мы першаразраднікі па боксе! — хлушу я на ўсялякі выпадак, ведаючы, што ніхто мне не паверыць.
Мы ліхаманкава лепім снежкі, але пусціць іх у ход не паспяваем — ворагі навальваюцца на нас. Я адбіваюся, але Марат валіць мяне з ног. Падаючы, я бачу, як мужна б’ецца мой сябар. Сёмку таксама збілі. Ён ляжыць на спіне, увішна круціцца і лупцуе нагамі ўсіх, хто намагаецца да яго падысці.
Я крычу:
— Малайчына, Сёмка! — і бяру з яго прыклад, адбіваючыся нагамі, а потым, злаўчыўшыся, ускокваю і зноў пачынаю калаціць рукамі ўсіх, хто падвернецца.
— Наперад, нашых б’юць! — чую я крык.
Вельмі знаёмы голас, думаю я. І бачу, як з боку дома Гароха бягуць нам на дапамогу хлапчукі.
У гэта час нехта моцна трэснуў мяне па галаве. Але перш чым упасці, паспяваю заўважыць, што на падмогу да нас прымчаліся Гарох і яго хлопцы.
Ну і ну!
Калі я падымаюся, дакладней, калі Сёмка паднімае мяне, гарохаўцы на чале са сваім атаманам вяртаюцца да нас, шумна размахваючы рукамі. “Цудоўнай сямёркі” і след прастыў.
Разгледзеўшы нас з Сёмкам, Гарох і яго хлопцы заміраюць.
— Вось гэта фокус! — здзіўлена прысвіснуў Гарох. — Паглядзіце, каго мы выратавалі?! Нашых галоўных ворагаў!
— Дзякуй вам, хлопцы, — кажа ветлівы Сёмка.
- І стары ліс у пастку трапляе, — разводжу я рукамі.
— А хораша яны вас адпрасавалі. — Гарох з усмешкай узіраецца ў нашы распухлыя фізіяноміі. Яго дружкі насмешліва хіхікаюць.
— Ну, вось што, — я папраўляю шапку. — Канчай гамонку, прыступім да справы. Давайце біцца.
— Айн момант, — падымае руку Гарох. — Вы зараз не ў форме. А мы ўжо адвялі душу. Да таго ж, калі сямёра супраць двух — гэта несумленна, праўда?
— Несумленна, — кажу я, здзіўляючыся словам Гароха.
— Слухайце, — прадае голас Сёмка, — трэба спяшацца. А то яны ўцякуць.
— Ага, — падхопліваю я. — Раз выпадак звёў нас разам, давайце аб’яднаемся і надаём гэтым тыпам як след.
— У іх адна дарога — праз Першамайскую на праспект, — кажа Гарох.
— А там мы іх… — Я сціскаю кулакі.
— Бяжым, — крыкнуў Гарох.
Завулкамі, зразаючы шлях, мы дабіраемся да Першамайскай і ля пераезда наладжваем засаду. Схаваўшыся за плотам нейкай хаціны, чакаем праціўніка.
Читать дальше