— Хочаш паслухаць, як я граю?
— Хачу, — не надта весела адказаў я. — Ты з усіх сіл пабарабаніш па клавішах, і я ўсё пачую.
Іра жыла на чацвёртым паверсе, а я на другім. І каб яна пастаралася, я б пачуў, як яна грае, седзячы ў сябе дома.
— Ты ўсё жартуеш, — пакрыўдзілася Іра. — А я і праўда няблага граю. Настаўніца кажа, што ў мяне добрыя музычныя дадзеныя, — пахвалілася яна.
Крыўдзіць Іру мне не хацелася, і я пайшоў глядзець, як Іра грае, хаця з большай радасцю пагойсаў бы на лыжах.
Нас сустрэла Ірына мама — высокая, худая жанчына ў пярэстым халаце.
— Дабрыдзень! — весела сказаў я.
— Добры дзень, — строга паглядзела на мяне Ірына мама.
— Гэта той самы Валерый, пра якога я табе расказвала, — патлумачыла Іра.
— Здагадваюся, — адказала Ірына мама і хмурна пакасілася на маленькія ручаінкі, што выцякалі з-пад маіх чаравікаў.
Я, канешне, перш чым падысці да Іры, вылецеў у двор і трохі пабегаў туды-сюды. І паспеў запусціць пару снежак высока, да самага даху.
— Зараз, мамуля, — заспяшалася Іра.
І мы з ёй сталі выціраць ногі аб дыванок. Я не вельмі стараўся, але ўсё- ткі, здаецца, паспеў працерці дыванок да дзірак, а Ірына мама ўсё не пускала нас ў пакой. Я хацеў быў павярнуць аглоблі, то бок, папросту кажучы, уцячы на вуліцу, але тут Іра сказала:
— Хопіць.
І пацягнула мяне за рукаў ў пакой, дзе сярод іншай мэблі вылучалася масіўнае, шакаладнага колеру піяніна, усё ў завітушках і карунках. Я на дыбачках прабалансаваў па нацёртым, бліскучым паркеце і паляпаў піяніна па вечку.
— Шыкоўнае!
- Іра проста расквітнела.
— Гэта вельмі каштоўнае піяніна. Такіх цяпер нідзе няма.
Ірына мама пайшла ў іншы пакой, і я зноў прыдбаў дар красамоўства.
- І ты на ім можаш усё, што захочаш, сыграць. Ці толькі па нотах? — спытаў я, развальваючыся з мяккім крэсле.
— Пакуль толькі па нотах, — адказала Іра.
Яна падняла вечка, паклала на падстаўку тоўстую кнігу і пачала яе хутка гартаць. Я прыгледзеўся. На старонках замест звычайных слоў, як у нармальных кніжках, былі чароды нотаў.
— Слухай, — сказала Іра. Яна моцна ўдарыла па клавішах. І я ледзь не падскочыў. Мне здалося, што нехта ляпнуў мяне па плячы: “Хадзем, хлопча, з намі”. Я не паспеў і спытаць: “Куды?”, як музыка мне адказала: “На вайну!” “І калі ты не баязлівец, — казала музыка, — калі ты не баішся загінуць за свабоду, хадзем з намі”.
Я слухаў музыку і баяўся паварухнуцца.
І як звычайна бывае ў такія моманты, раздаўся званок.
— Ах, Марат, — праспявала ў калідоры Ірына мама. — Добры вечар, дарагі. А Ірачка музіцыруе.
— Добры вечар, Алімпіяда Пятроўна, — сказаў нехта. Напэўна, гэты самы Марат.
— Ах, Марат! — усклікнула Іра і ўскочыла з крэсла.
Музыка абарвалася. І мяне ўжо ніхто нікуды не клікаў.
А я нават не даведаўся, як прозвішча кампазітара, які прыдумаў гэтую музыку. Бетховен ці Чайкоўскі?..
I тут увайшла Іра. З кім вы думаеце? З мамай? Ну, канешне, з мамай. Ну, а яшчэ з кім?
З выкрадальнікам марак! Так, з тым самым, якога мы з Сёмкам у адзін цудоўны марозны дзень вучылі быць чалавекам. Вучылі вельмі простым спосабам: “кармілі” яго снегам.
— Я вас пакідаю, маладыя людзі, - між тым сказала Ірына мама.
І адкуль толькі ў яе такі ласкавы голас зявіўся? — мільганула ў мяне ў галаве.
— А ты, Марат, — звярнулася яна да выкрадальніка марак, — неадменна перадай прывітанне маме. Я да вас днямі зазірну.
— Дзякуй, Алімпіяда Пятроўна, — усміхнуўся рабаўнік.
— Вы не знаёмыя? Пазнаёмцеся, — прапанавала Іра, калі яе мама зачыніла за сабой дзверы. Гэта Валерый, мой аднакласнік. Ён жыве ў нашым доме. А гэта Марат. Ён вучыцца ў восьмым класе.
Тут рабаўнік да мяне ўважліва прыгледзеўся і, канешне, пазнаў, таму што ён пабялеў яшчэ мацней.
Я ўсміхнуўся.
— Мы даўно знаёмыя. Ты ходзіш на горку? А па схіле спускаешся?
— Не хаджу і не спускаюся, — павольна прамовіў рабаўнік. — А ты, выходзіць, жывеш у гэтым доме? Выдатна…
Я зразумеў, чым пахне гэтае “выдатна”. Яно пахне вось чым: “Я ведаю, дзе ты жывеш. І цяпер ты ў маіх руках”.
— Ах, я ўспомніла! — Іра ўзмахнула рукамі. — Вы пазнаёміліся ў парку, на горцы.
— Так, у нас яскравыя ўспаміны, — ухмыльнуўся я. — Праўда, не аднолькава прыемныя для абодвух.
— А там штосьці здарылася? — спыталася Іра.
— Нічога, — абарваў яе рабаўнік. — Ірачка, сыграй мне.
— Што, Марат? — Іра паслухмяна села за піяніна.
— Што хочаш, адказаў Марат.
І тут я схапіўся за галаву.
— Як гэта я забыў? Я ж пакінуў на пліце чайнік, нам пэўна ўсё ўзляцела ў паветра! — Я ўскочыў у крэсла. — Да пабачэння, да хуткай сустрэчы!
Читать дальше