— Няўжо прайшлі? — хвалююся я.
— Не, вось яны, — шэпча нехта з таварышаў.
“Цудоўная сямёрка” ледзьве не бегма набліжаецца да пераезда. Яны ўвесь час азіраюцца назад: ці няма пагоні? Вось яны амаль побач.
— Давай, — ціха кажу я. І мы з Сёмкам прыўстаём, гатовыя кінуцца насустрач сямёрцы.
— Айн момант, — утрымлівае нас Гарох. Ён дастае з-пад паліто вяроўку, завязвае на ёй пятлю і, моцна размахнуўшыся, кідае самаробнае ласа пад ногі Марату. Марат адразу ляціць на зямлю, і Гарох за адну нагу падцягвае яго да сябе. А мы зрываемся з месца і нападаем на разгубленую і зусім не цудоўную сямёрку.
Праз некалькі хвілін трое самых дужых звязаны па руках і нагах, а чацвёра моляць адпусціць іх дамоў, таму што яны ніколі больш біцца не будуць. І наогул, каб не Марат, яны б ні за што не напалі б на такіх цудоўных хлопцаў, як мы.
— Можа, адпусцім? — расчуліўся Сёмка.
— Можа, снегам пакормім? — падміргвае мне Гарох.
Усе глядзяць на мяне і чакаюць мудрага рашэння. Я ўваю самавіты выгляд і пару хвілін разважаю. Не веру я людзям, якія спярша дадуць табе па зубах, а потым кажуць, што яны гэтага не хацелі і наогул яны анёлы. Я такім тыпам анічога не дарую, ніводнага сіняка. Дарэчы, пад левым вокам дужа баліць. Можа, вось гэты мне і заляпіў, які зараз хныкае і просіць адпусціць яго да мамкі?
Я паглядзеў на прытухлую сямёрку, а потым на сумёты снегу, якія сёння завалілі ўсю вуліцу. І яшчэ раз на сямёрку, і яшчэ раз на сумёты.
Вясёлая ідэя нараджаецца сама сабой.
А што, калі цудоўная сямёрка дармаедаў папрацуе на карысць вуліцы Першамайскай? — усклікваю я. — Зараз мы раздабудзем для іх шуфлі, і хай хлопчыкі, закасаўшы рукавы, з агеньчыкам у вачах ачысцяць вуліцу ад снегу.
Мая прапанова праходзіць на “ура”.
— Праца стварыла чалавека, — важна прамаўляе Гарох.
Мы з Сёмкам адпраўляемся ў бліжэйшыя дамы за шуфлямі, а Гароха сас сваімі вартуе дармаедаў.
Мы стукаем у дзверы і кажам:
— Наш піянерскі атрад вырашыў ачысціць вашу вуліцу ад снегу. Дайце нам, калі ласка, шуфель.
Жыхары вуліцы ахвотна даюць нам драўляныя шуфлі, а некаторыя нават дапамогу сваю прапаноўваюць. Але мы высакародна адмаўляемся:
— У нас такія хлопцы і так любяць працу, што мы хутка ўправімся самі.
Мы ўручаем чацвярым дармаедам прылады працы. Трох звязаных ахоўвае Гарох. Мы ж не спускаем вачэй з тых, хто працуе, а калі трэба, пакрыкваем, камандуем.
Дармаеды пачынаюць жвава. Іх шуфлі так і мільгаюць у паветры. Неўзабаве яны ачышчаюць тратуар перад пяццю дамамі. Але, перастараўшыся, Марат і яго сябрукі выдыхаюцца і пачынаюць ледзьве варушыцца.
— Гэй, Гарох! — крычу я. — давай другую змену.
Гарох развязвае трох палонных, яны прагна хапаюць шуфлі і пачынаюць з такой сілай кідаць снег, як гэта робіць добрая машына. Чацвёра з першай змены, прываліўшыся да плота, адпачывае.
У дзве змены “цудоўная сямёрка” хутка ачышчае тратуар. Застаецца зусім трохі.
— Ладна, хопіць, — загадваю я. — Змотвайцеся.
- І запомніце, — паказвае магутныя кулакі Гарох, — хто да нас з мячом прыйдзе — ад мяча і загіне.
Мы рагочам. Панурыўшыся, змучаныя, але перавыхаваныя, дармаеды ідуць праз пераезд да праспекта.
З неачышчанай часткай тратуару мы спраўляемся за паўгадзіны.
Дамоў вяртаемся амаль сябрамі. Вось жа як дзіўна бывае: мы з Гарохам — амаль сябры…
Ужо тры дні як хварэе Іра. У яе грып разам з ангінай. Аднакласнікі цэлым натоўпам наведалі Іру, і Сёмка штодзень бегае да яе.
А я ні разу не зайшоў да Іры. Мне неяк нязручна. Таму што ўчора я атрымаў новую двойку па матэматыцы. І мне ўпершыню ў жыцці сорамна, што я атрымаў двойку. Раней нахапаешся “пар” і ганарышся імі, як алімпійскімі медалямі. А цяпер чамусьці сорамна. Я ўяўляю, як строга паглядзіць на мяне Іра, і ў мяне мурашкі пачынаюць па скуры стометроўкі бегаць.
Мама сярдуе:
— Чаму ты не наведаеш Іру?
— Баюся заразіцца, — адказваю я. — Ты ж ведаеш, які грып зараны. І ангіна таксама.
— Ніхто цябе не прымушае з ёй цалавацца, — сярдуе мама.
— Вось яшчэ не хапала — цалавацца, — фыркаю я. — Не пайду і ўсё. Ты спытай у яе, ці не трэба ёй выклікаць “хуткую дапамогу”? — Я адчыняю дзверы і апошнія словы кручу наўздагон маме, якая таропка паднімаецца на чацвёрты паверх, дзе жыве Іра.
А самае крыўднае, што двойка ў мяне нейкая недарэчная. Двоек наогул дарэчных не бывае. Гэта зразумела. Але мая апошняя двойка была надта ўжо недарэчная, а ад таго — крыўдная. Таму што спярша яна была пяцёркай.
Читать дальше