Да смерцi сур'ёзныя твары пакрыўджаных застылi, калi адчынiлiся дзверы ў канферэнц-залу; паявiлася цёмная постаць, набыла абрысы, колеры; першы член журы зайшоў у галерэю - Губрых, прафесар гiсторыi мастацтва тэалагiчнага факультэта; "толькi цераз мой труп"; яго чорны сурдут выглядаў пры гэтым асвятленнi нiбы мантыя рэмбрантаўскага члена Рады; Губрых падышоў да спода, узяў кiлiшак з каньяком, i я пачуў глыбокi ўздых, што вырваўся з ягоных грудзей; паўз траiх пакрыўджаных, якiя памкнулiся былi да яго, ён адышоў у самы далёкi кут галерэi; строгасць яго святаровага строю злагоджвалася белым шалiкам, а светлыя завiткi валос, якiя па-дзiцячаму спадалi на каўнер, узмацнялi ўражанне, якое Губрых хацеў рабiць на прысутных; ён выглядаў падобным да мастака. Можна было сабе ўявiць, як ён з разьбярскiм долатам над кавалкам дрэва, з танюткiм, у вадкiм золаце пэндзлiкам працуе: малюе валасы мадонны, бароды прарокаў альбо гарэзлiвы завiток Табiяшаваму сабаку на канцы хваста. Цiха ступаў Губрых па лiнолеуме, стомленым кiўком адказаў на паклоны пакрыўджаных i скiраваўся ў паўзмрок галерэi да Рэмбранта i Ван Дэйка: на гэтых вузкiх плячах ляжала адказнасць за цэрквы, лякарнi, прытулкi, у якiх яшчэ праз сто гадоў манашкi i ўдовы, сiроты i пацыенты бальнiчных прыёмных пакояў, цяжкiя падлеткi i распусныя дзявоткi будуць павiнны цярпець кухонныя пахi адмерлых пакаленняў; цёмныя калiдоры, бязрадасныя тыльныя фасады, што дзякуючы мёртвым мазаiкам былi яшчэ больш бязрадасныя, чым гэта прадугледжвалася архiтэктаравымi планамi; i вось крочыў ён, praeceptor et arbiter architecturae ecclesiasticae*, якi ўжо сорак год з патэтычным запалам i сляпой экзальтаванасцю перакананага ўсяляк прапагандаваў неаготыку; несумненна, яшчэ хлопчыкам, топчучы сцежкi пустэльных прадмесцяў, несучы з трыумфам дадому атрыманыя пяцёркi, ён перад аблiччам курадымных комiнаў i цёмных фасадаў дамоў вырашыў ашчаслiвiць чалавецтва i пакiнуць след на гэтай зямлi - i ён пакiнуў яго: чырванаватыя, а з кожным годам усё шарэйшыя i змрачнейшыя цагляныя фасады, з нiшаў якiх глядзелi ў будучыню поўныя невынiшчальнай меланхолii панурыя святыя.
* Апякун i суддзя царкоўнай архiтэктуры (лац.).
Мэйзер паслужлiва падсунуў спод другому члену журы - каньяк для Кроля, жыццярадаснага, з тварам колеру чырвонага вiна курца цыгараў, мясажэра; нягледзячы на ўзрост, ён быў хударлявы - гэты нязменны рэстаўратар сабора Святога Севярына: галубiны памёт, пара ад лакаматываў, атручаныя хiмiкатамi хмары з боку ўсходнiх i рэдкiя вiльготныя вятры з боку заходнiх прадмесцяў; паўднёвае сонца, паўночныя халады, усе iндустрыяльныя i ўсе натуральныя ўплывы на клiмат гарантавалi яму i яго наступнiкам працу з пасадаю да канца жыцця; яму было сорак пяць, i, гэткiм чынам, у яго заставалася яшчэ дваццаць год на забавы, якiя ён па-сапраўднаму любiў, - на выпiўкi, цыгары, на коней i дзяўчат таго асаблiвага гатунку, якiя сустракаюцца паблiзу стайняў, пад час паляванняў на лiсаў - амазонкi з развiтымi цяглiцамi i мужчынскiм пахам. Я добра вывучаў сваiх працiўнiкаў; Кроль хаваў сваю абсалютную абыякавасць да праблем архiтэктуры за вытанчанай, амаль усходняй ветлiвасцю, якую ён падгледзеў у бiскупаў i пераняў ад iх; рухi Кроля iдэальна адпавядалi ўрачыстасцям адкрыцця помнiкаў; ён ведаў таксама некалькi вельмi добрых показак, якiя ўвесь час расказваў у пэўнай паслядоўнасцi; маючы дваццаць два гады, Кроль вывучыў на памяць "Падручнiк архiтэктуры" Хандке i ўжо тады вырашыў да канца жыцця выцягваць карысць з гэтага высiлку: заўсёды, калi наспявала пiльная патрэба ўжыць архiтэктурныя тэрмiны, ён цытаваў "неўмiручага Хандке"; на пасяджэннях журы Кроль бессаромна агiтаваў за праект, аўтар якога абяцаў яму найбольшы хабар, а калi бачыў, што ў праекта няма нiякiх шанцаў на перамогу, iмгненна мяняў сваю пазiцыю на карысць фаварыта з тае прычыны, што любiў казаць "падтрымлiваю" i не любiў - "не падтрымлiваю", бо казаць "падтрымлiваю" карацей, а, па-за тым, для вымаўлення часцiцы "не" выплывае самая галоўная загана - яго не вымавiш толькi адным языком ды зубамi, а трэба падключыць яшчэ i нос; да таго ж тут патрэбны яшчэ i рашучы выраз твару, мiж тым як, даючы станоўчы адказ, яго мець зусiм не трэба. Кроль таксама ўздыхнуў, страсянуў галавою i, абмiнаючы траiх пакрыўджаных, паклыпаў у iншы кут галерэi, да назарэцянаў.
Нейкую хвiлю ў светлым чатырохкутнiку дзвярэй быў вiдзён толькi стол, накрыты зялёным сукном, графiн з вадою, папяльнiчка, клубы блакiтнага дыму ад Кролевай цыгары; а ўнутры - цiша, не чуваць нават шэпту; у паветры вiселi выракi смерцi; нараджалася вечная варожасць; для Губрыха гэтая гульня магла мець сваiм вынiкам пашану альбо ганьбу; нiбы зацяты пяцiкласнiк, ён пакляўся сабе не дапусцiць, каб калi-небудзь яго напаткала ганьба, гэтая гульня магла мець вынiкам тую страшэнную прынiжанасць, якая б вынiкала з прызнання свайго пройгрышу перад архiбiскупам. "Ну, дык дзе Ваш труп, Губрых?" - спытаецца схiльная да гумару Яго прывялебнасць; для Кроля iшла гульня за вiлу на возеры Кома, якую яму абяцаў Брэмокель.
Читать дальше