* Назарэцяне - група нямецкiх мастакоў-рамантыкаў пачатку XIX стагоддзя.
Музейныя служкi ў гала-лiўрэях стаялi збянтэжана перад творамi Рэмбранта, Ван Дэйка i Овэрбека; у паўзмроку перад канферэнц-залай стаяў Мэйзер, трымаючы срэбраны спод з кiлiшкамi, каб перад абвяшчэннем прысуду падаць нам каньяк; Мэйзер усмiхнуўся мне, ашчэрыўшы зубы; у нас не было нiякай папярэдняй дамовы, але хiба ён не мог тым не менш падаць мне якога-небудзь знака? Кiўнуць альбо патрэсцi галавою - перамога цi не? Нiчога не было. Брэмокель шаптаў нешта Волерзайну, Грумпэтэр загаварыў з Мэйзерам, упiхнуў срэбраную манету ў Мэйзераву абыякавую далонь, якую я ненавiдзеў яшчэ дзiцём; цэлы год мы разам з iм слугавалi пры ютранi; старыя сялянкi мармыталi недзе каля сцен, упарта малiлiся на свой ружанец, парушаючы прадпiсаны парадак лiтургii. Да нас даносiўся пах сена, пах малака, цяпло хлява, калi мы з Мэйзерам нахiлялiся ўперад, каб, мармычучы: "mea culpa, mea culpa, mea maxima culpa"*, бiць сябе ў грудзi за вiну нявыказаных грахоў; а калi пробашч узыходзiў прыступкамi да алтара, Мэйзеравы рукi, што цяпер моцна абхапiлi Волерзайнаў срэбранiк, рабiлi непрыстойныя рухi - то былi рукi, якiм сёння давяралiся ключы ад гарадскога музея, ключы ад Гольбайна i Гальса, Лохнера i Лайбля.
* Мая вiна, мая вiна, мая найвялiкшая вiна (лац.).
Са мною нiхто не размаўляў; мне засталася адна халодная мармуровая балюстрада, на якую я абапiраўся; я глядзеў долу, на ўнутраны двор, дзе бронзавы бургамiстр з няўмольнай паважнасцю выстаўляў сваё пуза насустрач стагоддзям, а мармуровы мецэнат мастацтва апусцiў павекi на свае, падобныя да жабiных, вочы, дарэмна спрабуючы выклiкаць гэткiм чынам уражанне глыбокай задуменнасцi; вочы помнiка былi пустыя - нiбы вочы рымскiх мармуровых матронаў, што сведчаць пра пакуты, якiя нясуць з сабой больш познiя культуры. Мэйзер пачыкiльгiкаў да сваiх калегаў; Брэмокель, Грумпэтэр i Волерзайн стаялi шчыльна адзiн каля аднаго; снежаньскае неба над унутраным дваром было яснае i халоднае; з вулiцы чулiся галасы першых у гэты вечар п'яных мужчынаў; дылiжансы кацiлiся ў бок тэатра; пяшчотныя жаночыя твары пад вэлюмамi рэзедовага колеру былi асветлены радасцю чакання "Травiяты"; я стаяў памiж Мэйзерам i тымi трыма пакрыўджанымi, як карослiвы хворы на праказу, дотык якога нясе смерць; я нудзiўся па строгай лiтургii майго дзённага распарадку, калi я адзiн яшчэ трымаў у сваiх руках нiткi гульнi, калi я мог яшчэ рэгуляваць iснаванне i не-iснаванне, дазiраваць свой мiф; я перастаў быць гаспадаром гэтае гульнi; скандал; пагалоскi; абатавы крокi ў маiм кабiнеце; падрадчыкi-будаўнiчыя дасылалi мне ў працоўны кабiнет кашы з харчамi, залатыя гадзiннiкi ў чырвоных аксамiтных карабочках; адзiн напiсаў мне: "...i, вядома ж, я не адмовiў бы Вам, калi б Вы прасiлi рукi маёй дачкi..." "Правая рука iх поўная дарункаў".
Я б не ўзяў ад iх нiчога - нават цаглiны; я палюбiў абата. Цi з'яўлялася ў мяне хоць на кароткае iмгненне думка паспрабаваць ужыць прыём Домгрэве ў дачыненнi да яго? Я чырванеў ад сораму, калi ў мяне ўзнiкала думка, што я мог якую кароткую хвiлю мець такi намер; непрадбачанае адбылося: я пакахаў Ёганну, Кiльбаву дачку, i палюбiў абата; я ўжо мог а палове дванаццатай пад'ехаць да Кiльбавага дома, уручыць букет i сказаць: "Прашу рукi Вашае дачкi", а Ёганна падышла б пазней i не шапнула б, падмiргнуўшы мне, цiхутка: "Я згодная", а вымавiла б гэта голасна i выразна. Я па-ранейшаму памiж пятай i шостай выходзiў на шпацыр, па-ранейшаму гуляў у бiльярд у клубе афiцэраў-рэзервiстаў, а мой смех, якiм я цяпер карыстаўся больш шчодра, набыў моцы, дзякуючы падмiргванню Ёганны; я па-ранейшаму спяваў па пятнiцах у сваiм хоры: "Том-вершавальнiк..."
Уздоўж халоднай мармуровай балюстрады я павольна падсунуўся блiжэй да траiх пакрыўджаных, паставiў парожнi кiлiшак на спод: цi адхiнуцца яны ад карослiвага? Яны не адхiнулiся; можа, чакалi ад мяне пакорлiвасцi? "Дазвольце прадставiцца - Фэмель". Божа мой, хiба кожны з iх аднекуль не прыблудзiў, хiба Грумпэтэр, швейцарац, у маладосцi не даiў кароў у графа фон Тэльма, не раскiдаў каровiнага гною на пахучай зямлi, перш чым ён адкрыў у сабе цягу да архiтэктуры? Праказа вылечваецца, вылечваецца на берагах Лага-Маджорэ, у садах Мiнузiа; цi вылечная праказа поўных цноты падрадчыкаў-будаўнiчых, што куплялi на злом раманскiя касцёлы, разам з iх вартым павагi рыштункам, са старымi мадоннамi i касцельнымi лавамi, i аздаблялi гэтым вартым павагi рыштункам салоны Новага i Старога свету? Тыя, што прадавалi салонам какотак спавядальнi, у якiх пакорлiвыя сяляне трыста год запар шэптам замольвалi свае грахi? Праказу можна вылечыць у паляўнiчых хатках i ў Бад-Эмзе.
Читать дальше