Белль Генрих
Рызыка пiсьменства (на белорусском языке)
Генрых Бёль
Рызыка пiсьменства
Пераклад: Алесь Пяткевiч
Сем гадоў таму я наведаў выдаўца аднаго вядомага часопiса, каб прапанаваць яму свой рукапiс; калi мяне запрасiлi, я падаў яму рукапiс - гэта было апавяданьне - але ён нават не зiрнуў на яго, паклаў яго на адзiн са стосаў, якiмi быў завалены ягоны пiсьмовы стол, загадаў сакратарцы падаць мне фiлiжанку кавы, сам выпiў шклянку вады i сказаў: "Я прачытаю ваш рукапiс, але пазьней, можа, праз пару месяцаў - бачыце, колькi тут усяго ляжыць. Але адкажыце мне на адно пытаньне, на якое нiхто з вашых папярэднiкаў - сёньня ранiцай у мяне перабывала ўжо сямёра - ня здолеў даць здавальняльнага адказу: чаму так шмат генiяў i толькi так мала мэнэджэраў майго ўзроўню. Я люблю часопiс, якi раблю, але я б не памёр, калi б мне прывялося вярнуцца да майго былога занятку: я быў кiраўнiком рэклямнага аддзелу на фабрыцы лёзаў да галеньня i адначасова пiсаў тэатральную крытыку, бо гэта мне падабалася. Вы таксама недзе стала працуеце?"
- На гэты момант я супрацоўнiк адной статыстычнай установы.
- I вы ненавiдзiце гэты занятак, лiчыце, што ён зьневажае вас?
- Не, - сказаў я, - я не ненавiджу i нi ў якiм разе не лiчу, што ён мяне зьневажае; праз гэты занятак я зарабляю на пражыцьцё - хоць i хутчэй мала, чымся шмат - для жонкi i дзяцей.
- Але вы адчуваеце патрэбу ехаць кудысьцi з гэтымi пакамечанымi, кепска надрукаванымi рукапiсамi цi дасылаць iх поштаю, i, нават калi ўсе яны вяртаюцца, несупынна пiсаць новыя?
- Так, - сказаў я.
- А чаму вы гэта робiце? Добра разважце ваш адказ, бо ён заразом будзе адказам на маё першае пытаньне.
Мне яшчэ нiколi не задавалi такога пытаньня, i я разважаў; рэдактар жа ўчытаўся ў маё апавяданьне.
- Я ня маю, - сказаў я нарэшце, - ня маю iншага выбару.
Рэдактар узьняў вочы ад рукапiсу, падняў бровы i сказаў:
- Гэта гучныя словы, тое самае я аднойчы пачуў ад чалавека, якi абрабаваў банк; судзьдзя спытаўся ў яго, чаму ён сплянаваў ды зьдзейсьнiў рабунак. "У мяне не было iншага выбару", сказаў ён.
- Мусiць, ён меў рацыю, - сказаў я, - i гэта не выключае, што я таксама маю рацыю.
Рэдактар змоўчаў i вярнуўся да майго апавяданьня; яно складалася з чатырох друкаваных на машынцы старонак, i тыя дзесяць хвiлiнаў, якiя спатрэбiлiся яму для чытаньня, я думаў, цi не было ў мяне лепшага адказу на ягонае пытаньне, але не знаходзiў нiчога iншага; я пiў тую каву, палiў цыгарэту. Хай бы ён лепш чытаў апавяданьне не ў маёй прысутнасьцi! Нарэшце ён скончыў, а я якраз запалiў быў другую цыгарэту.
- Ваш адказ на маё пытаньне мне спадабаўся, але вашае апавяданьне мне не падабаецца. У вас ёсьць яшчэ?
- Так, - сказаў я, i зь пяцi рукапiсаў, якiя яшчэ былi ў маёй сумцы, выбраў адзiн кароткi й сунуў яму.
- Я мо' лепей пакуль выйду, - сказаў я.
- Не, - сказаў ён, - лепей, калi вы застанецеся.
Другое апавяданьне было карацейшае, толькi тры друкаваныя старонкi - я пасьпеў адно дапалiць цыгарэту. "Гэтае апавяданьне добрае, - сказаў рэдактар, - яно настолькi добрае, што я не магу даць веры, што абодва напiсаныя адной i той жа рукой". "Але гэта так", сказаў я, "яны абодва напiсаныя мной". "Гэтага я не магу зразумець", сказаў рэдактар, "гэта проста не да веры: першае прэтэнцыйны i таму асаблiва заганны ўзор рэлiгiйнага кiчу, а другое - у мяне няма нiякай падставы лiсьлiвiць - другое, па-мойму, блiскучае. Растлумачце мне гэта!"
Я ня мог яму гэта растлумачыць, i я да сёньня не знайшоў тлумачэньня гэтаму. Насамрэч, мне падаецца, што пiсьменьнiка цалкам можна параўнаць з рабаўнiком банку, якi прыкладае невымоўныя намаганьнi, каб сплянаваць рабунак, якi ў сьмяротнай самоце, уначы, высаджвае сэйф, ня ведаючы, колькi грошай, колькi золата й каштоўных камянёў ён там знойдзе: ён ставiць на карту дваццаць гадоў турмы, высылку, зону, ня ведаючы, якi куш сарве. Пiсьменьнiкi й паэты, на маю думку, пачынаючы новую працу, кожны раз ставяць на карту ўсё, што яны напiсалi дагэтуль; рызыка, што сэйф акажацца пустым, што цябе схопяць i пазбавяць плёну ўсiх папярэднiх узломаў. Вядома, аўтара вызначае тое, што ён адзiны: са сваiм стылем, з вадзяным знакам, якi розьнiць яго ад усiх iншых: са сваёй пячаткай майстра; але як толькi iншыя, ягоныя чытачы, ягоныя крытыкi, выдаюць яму гэты сыгнэт, пачынаецца сапраўднае выпрабаваньне, бо тады пiсаць не заўсёды значыць "ня мець iншага выбару", пiсьменства можа ператварыцца ў голую руцiну. Праўда, руцiну зь пячаткай майстра. Як для мiсьцюка цi баксэра, што дасягнулi ўжо пэўнага посьпеху на сваёй нiве, кожны новы рабунак, кожны новы бой стаецца больш зацятым, больш небясьпечным за папярэднi - бо нявiннасьць ужо страчаная, i яе заступiла веданьне, - так мусiла б быць i для пiсьменьнiка, i я ўпэўнены: шмат для каго так i ёсьць, дарма што пасьведчаньне майстра зь пячаткай гiльдыi вiсiць у iхных бiблiятэках.
Читать дальше