Я пайшоў да крайняга левага кута залы, кiнуў на крэсла капялюш, побач з iм - нататнiк i футаральчык з алоўкамi; потым сеў; кельнеры мiж тым вярталiся з кухнi, бясшумна падпiхваючы перад сабою чайныя столiкi, пачалi расстаўляць бутэлечкi з прыправамi, прычапляць газетатрымальнiкi; я разгарнуў свой нататнiк, перачытаў - якi ўжо раз? - газетную выразку, наклееную на франтыспiсе вокладкi: "Адкрыты конкурс на пабудову новага абацтва бенедыктынцаў, у далiне Кiса, памiж паселiшчамi Штэлiнгерс-Гротэ i Гёрлiнгер-Штуль, на адлегласцi прыкладна 2 км ад сяла Кiслiнген; у конкурсе можа ўзяць удзел кожны архiтэктар, якi адчувае, што здольны да гэтага. Умовы конкурсу можна атрымаць пасля ўнясення сумы 50 (пяцьдзесят) марак у натарыяльную канцылярыю доктара Кiльба; Модэстгасэ, 8. Апошнi тэрмiн надаслання праектаў: панядзелак, 30 верасня 1907 г., 12-я гадзiна дня".
Я пералазiў цераз гурбы сухога муравальнага раствору, памiж прызмамi навюткай цэглы, правяраў яе на якасць абпальвання, абмiнаў цэлыя горы базальтавых камлыгаў, з якiх рабiлiся дзвярныя i аконныя каробкi; на калашыны маiх штаноў паналiпалi камякi гразi, на жылеце былi плямы вапны; тут, на будоўлi, раз-пораз чулiся моцныя слоўцы; цi камянi для мазаiкi, якая мне была патрэбная для выявы божае авечкi, усё яшчэ нiяк не прывезлi? Выбух гневу, сварка; крэдыты былi спыненыя, а потым зноў пачалi паступаць; майстры стаялi ў чацвер па абедзе ў чарзе каля маёй будкi, выдавалiся грошы за пятнiцу; а ўвечары, змораны, я сядаў у Кiслiнгене ў праз меру напалены вагон другога класа пасажырскага цягнiка, валiўся ў мяккае крэсла; цягнiк валачыўся ў цемры праз сумныя абшары сялянскiх бурачных палёў, праваднiк сонным голасам выкрыкваў назвы станцый: "Дэнклiнген", "Додрынген", "Кольбiнген", "Шаклiнген"; бурты буракоў, у цемры шэрыя, нiбы горы чалавечых чарапоў, ляжалi на пагрузачных пляцоўках, гатовыя пад пагрузку; i далей цягнулiся i цягнулiся бурачныя палi; на вакзале я валiўся ў каламажку, а дома - у абдымкi жонкi, якая цалавала мяне i пяшчотна праводзiла пальцамi па маiх стомленых павеках, з гордасцю дакраналася да слядоў раствору, што ўпрыгожвалi мае рукавы; я пiў каву; паклаўшы галаву ёй на каленi, курыў доўгачаканую цыгару - шэсцьдзесят пфенiгаў штука - i апавядаў ёй пра муляраў ды iх моцныя слоўцы; з iмi трэба было толькi блiжэй пазнаёмiцца, яны не былi злыя: можа, крыху грубаватыя, крыху занадта чырвоныя; але я ўмеў абыходзiцца з iмi; час ад часу iм трэба было паставiць скрыню пiва, расказаць iм на дыялекце адну-другую показку; i толькi нiколi не ныць, бо тады яны вывернуць табе пад ногi цэлую скрыню раствору - гэтак, як яны падстроiлi, калi прыехаў упаўнаважаны па будаўнiцтве ад архiбiскупа; альбо скiнуць з высокага рыштавання бэльку - так, як яны ўчынiлi пад час вiзiту ўрадавага прадстаўнiка: агромнiстая бэлька разляцелася на кавалкi перад самымi яго нагамi. "Ты думаеш, любая, я не ведаю, што гэта я залежу ад iх, а не яны ад мяне; цяпер, калi гэтулькi ўсяго будуецца паўсюды? I, вядома, яны чырвоныя, чаму iм не быць такiмi? Самае галоўнае, што яны ўмеюць мураваць, дапамагаюць мне ўкладвацца ў мае тэрмiны; калi я з камiсiямi падымаюся на рыштаваннi, досыць аднаго разу падмiргнуць iм - i дзiвосы робяцца".
- Дзень добры пану. Вам снеданне?
- Калi ласка, - адказаў я i адмоўна затрос галавой, калi кельнер падсунуў мне блiжэй картку з меню; я падняў угору аловак i гучна вымавiў усе па чарзе пункты майго заказу - так, нiбы я ўсё сваё жыццё нiяк iначай не снедаў: - Кубак кавы, але, калi ласка, не менш як тры фiлiжанкi, падсмажаны хлеб, два кавалкi жытняга, масла, апельсiнавы мармелад, варанае яйка i сыр з папрыкаю.
- Сыр з папрыкаю?
- Але. Смятанкавы сыр, прыпраўлены папрыкаю.
- Вельмi добра.
Зялёная кельнерава постаць бясшумна паплыла па зялёным дыване, паўз засланыя зялёнымi абрусамi сталы - i прагучала першая рэплiка: статысты былi добра вымуштраваныя, а я быў добрым рэжысёрам.
- Сыр з папрыкаю? - спытаў кухар з-за акенца.
- Менавiта, - адказаў кельнер, - смятанкавы сыр.
- Спытай у гэтага пана, колькi папрыкi яму трэба да сыру?
Я якраз пачаў рабiць накiд вакзальнага фасада, упэўненымi штрыхамi рысаваў на цнатлiва-чыстай паперы абрысы вокнаў, калi вярнуўся афiцыянт. Ён вычакаў, пакуль я падняў галаву, i, здзiўлены, адарваў аловак ад паперы.
- Дазвольце запытацца, у якой прапорцыi змешваць сыр з папрыкаю?
- Сорак пяць грамаў сыру, напарстак папрыкi - добра перамяшаць... i, паслухайце, пане кельнер, я буду снедаць тут i заўтра, i паслязаўтра, i праз тры днi, праз тры тыднi, праз тры месяцы i тры гады - вы чуеце мяне? I заўсёды ў гэтую пару, каля дзевятай.
Читать дальше