Я моцна хваляваўся; выцягнуўшы з кiшэнi план горада, я разгарнуў яго i пачаў разглядаць чырвоны паўкруг, якi я намаляваў алоўкам вакол вакзала; пяць чорных крыжыкаў паказвалi сабор i чатыры меншыя касцёлы; я падняў вочы, выглядзеў у ранiшняй iмгле чатыры вежы: пятай, сабора Святога Севярына, мне шукаць было не трэба, яна стаяла якраз перада мною; вялiзны цень, што падаў ад яе, прымусiў мяне задрыжаць; я зноў апусцiў вочы да плана: усё супадала; жоўты крыжык абазначаў дом, дзе я наняў кватэру i кабiнет, заплацiўшы за паўгода наперад: Модэстгасэ, 7 - памiж Святым Севярынам i Мадэставай брамай; гэта, мусiць, было там, справа, дзе якраз група царкоўных служкаў пераходзiла на другi бок вулiцы. Ён меў адзiн кiламетр радыуса - паўкруг, што я накрэслiў вакол вакзала: унутры гэтага паўкруга жыла жанчына, з якой я збiраўся ажанiцца; я яе не знаў, не ведаў, як яе завуць; я ведаў толькi, што яна - з сям'i патрыцыяў, пра якiх мне расказваў мой бацька: ён служыў тут тры гады ва ўланскiм палку i вярнуўся з нянавiсцю ў сэрцы, з нянавiсцю да коней i афiцэраў; да гэтай нянавiсцi я ставiўся з павагай, хоць i не падзяляў яе; я быў рады, што бацька не дажыў да таго дня, калi я сам зрабiўся афiцэрам: лейтэнантам-сапёрам у запасе; я смяяўся, я не раз смяяўся тае ранiцы, пяцьдзесят адзiн год таму; я ведаў, што вазьму сабе жонку з аднаго з тых дамоў, што ў яе будзе прозвiшча Бродэм альбо Кузэнiус, Кiльб альбо Фэрфэ; ёй павiнна было споўнiцца дзевятнаццаць, i якраз цяпер, менавiта цяпер яна вярталася з ранiшняе iмшы дадому; пакiнуўшы малiтоўнiк у пярэднiм пакоi, яна заходзiла да бацькi якраз у адпаведную хвiлю, каб атрымаць ад яго пацалунак у лоб - перш чым ягоны грымотны бас пачне аддаляцца праз калiдор i сенцы ў напрамку канторы; яна снедала кавалкам хлеба з мёдам, выпiвала фiлiжанку кавы; "Hе, не, мама, дзякую. Яйка не трэба!" - i яна чытала мацеры пра днi чарговых баляў. Цi дазволяць ёй пайсцi на ўнiверсiтэцкi баль? Дазволяць.
Самае позняе пад час унiверсiтэцкага балю 6 студзеня я буду ведаць, з каторай я захачу ажанiцца, я буду танцаваць з ёю; я хацеў быць з ёю добры, кахаць яе, а яна мела нарадзiць мне дзяцей: пяць, шэсць, сем; дзецi будуць жанiцца, выходзiць замуж, падораць мне ўнукаў: пяць, шэсць, сем разоў па сем; i, прыслухоўваючыся да плямкання падковаў, што ўсё аддалялася ад мяне, я ўжо бачыў грамаду сваiх унукаў, бачыў сябе васьмiдзесяцiгадовым патрыярхам, што верхаводзiць запачаткаваным сабою родам, - святы дня нараджэння, хаўтуры, срэбраныя i залатыя вяселлi, хрысцiны; немаўляты, якiх кладуць у мае старэчыя рукi, праўнукi, я буду любiць iх, як i маiх маладых i прыгожых нявестак, якiх буду запрашаць на сняданнi, якiм буду дарыць кветкi i цукеркi, адэкалоны i карцiны; я ведаў пра ўсё гэта, калi стаяў там, i быў гатовы выйсцi на танец.
Я паглядзеў услед служку, якi вёз на вазку мае рэчы ў дом нумар 7 па Модэстгасэ: кош з замком, у якiм ляжалi мая бялiзна i мае эскiзы; а таксама скураны чамаданчык з паперамi, дакументы i грошы: чатырыста залатых манет, чысты заробак пасля дванаццацiгадовай працы на будоўлях у вясковых прадпрымальнiкаў, у бюро сярэдненькiх архiтэктараў; я рысаваў, праектаваў i будаваў рабочыя пасёлкi, прамысловыя будынкi, цэрквы, школы, прафсаюзныя сядзiбы, пералапачваў каштарысы, прабiваўся праз напышлiвыя моўныя звароты ў асобных пунктах - а драўляны паркет у рызнiцы павiнен быць выкананы з найлепшай, без адзiнага сучка, драўнiны; на выраб лiштваў мае быць выбраны найлепшы матэрыял.
Я ведаю, што, стоячы там, каля вакзала, я смяяўся, але дагэтуль не ведаю, з чаго цi з якой прычыны; упэўнены я быў у адным: смех мой вынiкаў не з адной радасцi; былi ў iм кпiны, здзек - можа, нават зласлiвасць; але я нiколi не ведаў, колькi чаго было ў гэтым смеху; я думаў пра мулкiя лаўкi, на якiх сядзеў на занятках вячэрнiх курсаў, дзе я працягваў адукавацца: вучыў арыфметыку, матэматыку, вывучаў рысунак, навуку рамёстваў, танцы, плаванне; у якасцi лейтэнанта-сапёра запасу восьмага Кобленцкага батальёна я сядзеў на мысе Дойчэс-Эк, а воды Рэйна здавалiся мне гэткiмi ж пратухлымi, як воды Мозэля; я жыў па чарзе ў дваццацi трох мэбляваных пакоях, спакушаў дачок гаспадароў кватэр, i яны мяне спакушалi; басанож я шмыгаў па калiдорах з застаялым пахам, каб прымаць i аддаваць пяшчоту - i тую, што за апошняй мяжою, таксама; хоць яна заўсёды аказвалася фальшывай манетай; прыгадвалiся вада з лавандаю i распушчаныя валасы; а ў жахлiвых каморках, дзе на пазелянелых шкляных сподках псавалiся плады, якiя нiколi нельга было чапаць, гучалi суровыя словы: "нягоднiк", "гонар", "цнатлiвасць", i там ужо лавандаю не пахла; з жахам я прачытваў сваю будучыню не ў тварах пазбаўленых цнатлiвасцi дачок, а ў тварах матак, на якiх было напiсана тое, што мяне чакала. Я не быў нягоднiкам: шлюбу нiводнай не абяцаў i не хацеў правесцi сваё жыццё ў каморках, дзе на пазелянелых шкляных сподках псавалiся плады, якiя нiколi нельга было чапаць.
Читать дальше